Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт» адміністрацыя цісьне на рабочых, якія пагражаюць страйкам.

Тым часам людзі працягваюць выходзіць з афіцыйнага прафсаюзу і ўступаюць у незалежны.

Пасьля таго як 28 рабочых «Граніту» 20 лютага прыгразілі страйкам, на іх адразу ж пачаўся ціск. Двое зь іх адклікалі свае подпісы пад ультыматумам кіраўніцтву. Пра гэта паведаміў кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве Алег Стахаевіч:

«Ілжывая інфармацыя ім даносіцца, што быццам бы яны падпісаліся пад нейкімі незаконнымі дзеяньнямі, патрабаваньнямі. Хоць дакумэнт абсалютна законны. Ім даносіцца ілжывая інфармацыя, таму што разумеюць, што людзі бязграматныя юрыдычна. Такім прэсінгам дваіх чалавек прымусілі напісаць паперы з розным зьместам, які паказвае, што яны адмаўляюцца ад гэтых подпісаў».

Тым ня меней, кажа Алег Стахаевіч, большасьць тых, хто падпісаўся пад ультыматумам на адрас адміністрацыі, ад сваіх подпісаў не адмовяцца.

Працоўныя патрабуюць спыніць ціск на незалежны прафсаюз, выдзеліць для яго памяшканьне і аднавіць на прадпрыемстве Алега Стахаевіча.

Тым часам, нягледзячы на звальненьне кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу з «Граніту», працаўнікі прадпрыемства працягваюць выходзіць з афіцыйнага прафсаюзу.

Прыбіральшчыца электрацэху напісала заяву на выхад з ФПБ і ўступіла ў прафсаюз незалежны. Спадарыня кажа, што адразу ж зазнала ціск з боку начальніка электрацэху, дэпутата Лунінецкага раённага савету Сямёна Ляўковіча:
Пры ўсіх на нарадзе сказаў, што я ня мела права выходзіць з прафсаюзу.

«Я рашылася на гэта, бо болей не магу, няма каму й паскардзіцца. Выйшла з гэтага прафсаюзу, ну і вось гэтыя тры дні ён мяне ізноў пачынае даставаць, пагражаць, што трэба было пяць гадоў таму мяне звальняць. Пры ўсіх на нарадзе сказаў, што я ня мела права выходзіць з прафсаюзу, я павінна была папярэдзіць калектыў і цэхкам, што я выходжу з прафсаюзу. І што я няправільна раблю, што я падводжу калектыў, ганьбую калектыў… Ну за што, што ж я дрэннае зрабіла?»

Жанчына кажа, што ёй засталося два гады да пэнсіі, і цяпер яна баіцца, што яе могуць звольніць.

Мы папрасілі начальніка электрацэху пракамэнтаваць, чаму ён лічыць, што чалавек, які выходзіць з прафсаюзу, ганьбіць калектыў. Аднак спадар Ляўковіч кажа, што ён такой думкі не трымаецца:

«Па-першае, гэтая інфармацыя высмактана з пальца. Нідзе я на сходзе такога не казаў. А па-другое, я камэнтароў такіх увогуле тады не даю. Таму што гэта ўжо набыло такую афарбоўку, што выдумляюць, што каму падабаецца. Хто хоча штосьці прыдумаць, ён пачынае прыдумляць… Гэта няпраўда, і болей ніякіх камэнтароў не даю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG