Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыху пацярпець і Дню Савецкай арміі, які вельмі культывуецца ў РБ, будзе сто гадоў: магчымасьць грандыёзна адзначыць!

А пакуль кандытары аднаго беларускага гораду напяклі незвычайных тартоў-танкаў з чырвонымі зоркамі, гармат і «безназоўных вышынь», якія нібы абараняюць салдаты з экранізаваных ваенных раманаў. Перамога рэч няпростая, важна своечасова спыніцца, каб не званітавала. Хаця самыя спрытныя ўмеюць зрабіць так, каб яна карміла пастаянна.

Калі ў Горадні пярэймуць рэцэпт, то сьпякуць бадай гарматы, што ў Старым замку. Абмажуць, ясна, шакалядам, бо яны бронзавыя. Гэта ня нашы гарматы, а цара Пятра І. Яны двухсэнсоўныя, не пераможныя зусім. У небясьпецы перад швэдзкім войскам 22 лютага 1706 году цар загадаў затапіць артылерыю ў Нёмне, каб уратаваць расейскі гарнізон, які мусіў пакінуць Горадню. Гарматы скінулі з моста, а ў савецкі час знайшлі і паставілі на ганаровым месцы.

Пад царскім партрэтам


Часам мне трапляюцца ваенныя тэлеперадачкі. У кабінэце сядзіць беларускі палкоўнік, на сьцяне вялікі партрэт некалі нашага суседа і хаўрусьніка Пятра І. Прыкол? Ясна. Але не для саміх ваяк! Бо яны вельмі шануюць цара, як «стваральніка беларускіх інжынэрных войскаў». Карэспандэнт тлумачыць, што яны «самыя старэйшыя войскі Беларусі, ім трыста год». Так што, думка, што самая старая заўжды пяхота — дылетанцкая, выходзіць.

Словам, нашы ваяводы да стварэньня войска дачыненьня ня мелі… Беларускія вайскоўцы знайшлі ўзгадкі пра царскі ўказ, які прынялі блізка да сэрца і цяпер адзначаюць рэгулярна цэлыя стагодзьдзі сваёй службы. Хаця, як добра вядома, цяперашняя армія РБ створаная з былой Белакругі Савецкай арміі рэальна толькі ў 1992-м, калі дэпутацкая большасьць з моцным нежаданьнем, толькі пад ціскам апазыцыі зацьвердзіла беларускую прысягу.

Гэты прыкол наконт беларускіх інжынэрных войскаў Пятра І пайшоў з Горадні, дзе перш і пачалі адзначаць новае «сьвята». Цяжка зразумець: ці ў начальніка вайсковага была двойка па гісторыі, ці ён прыбыў аднекуль з Сызрані, Арзамасу, Талды-Кургану і для яго цёмны лес мінуўшчына саміх беларусаў? Ва ўсякім разе адчуваецца, што начытаўся ён расейскага гісторыка Паўленкі, які з падрабязнасьцямі распавёў, як у 1705 годзе цар загадаў агледзець у Горадні масты і ўмацаваньні. Меньшыкаву вельмі спадабалася, што Стары замак на пагорку, выглядае непрыступна, што досыць будзе трыста жаўнераў, каб яго абараняць.

Расейцы разьмясьцілі ў горадзе на зімовых кватэрах ажно сорак тысяч войска. Нават аднойчы камандаваньне часова перадалі хаўрусьніку каралю Аўгусту ІІ, які тут зацьвердзіў славуты ордэн Белага арла. Горад пераходзіў з рук у рукі, цар трымаў у нас пры канцы сорак пяць батальёнаў пяхоты і шэсьць драгунскіх палкоў, умацоўваў пазыцыі. Горадня была прахадным дваром, расейская армія і надалей некалькі разоў спынялася на адпачынак і, як адзначаюць гісторыкі, «рабавала насельніцтва». Так што гарадзенцы сапраўды дагэтуль ня могуць забыцца на цара, якога так палюбілі інжынэрныя войскі.
Царскія гарматы ў Гарадзенскім замку

Царскія гарматы ў Гарадзенскім замку


Супрацьпяхотныя міны


З царом у галаве і міны супрацьпяхотныя нашы байцы вышукваюць у сьнезе, як паказвае тэлебачаньне. Увогуле лёгіка і маўленьне вельмі своеасаблівыя: «Ягоная спэцыяльнасьць снайпэра — адна з самых творчых». Або, напрыклад, сьвята ракетных войскаў і артылерыі РБ адзначаецца ў пэўны дзень таму, «што ўсё пачалося пад Сталінградам у 1942-м, дзе ў артылерыі служыла нямала беларусаў». А ў родным Вялікім княстве Літоўскім не было артылерыі і беларусаў?

У блытаных снах беларускай арміі прагалам, выдзертым зубам зеўраюць боегалоўкі. Слухаем далей тэлебачаньне: «Адток атамнай сілы кампэнсаваны артылерыяй і ракетамі, якія — шчыт рэспублікі». Карэспандэнт вельмі бядуе, што некалі Расея забрала з рук беларусаў апошнюю ядзерную ракету. Проста шкада чалавека, які ня ўцяміць, што стратэгічныя ракеты ахоўвалі не беларусаў, а — Маскву, робячы Беларусь — мішэньню для ядзерных удараў «патэнцыяльнага праціўніка». Паляпшае ўражаньне карэспандэнтка, якая нагадвае пра «Майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча, трактат, які вывучалі Ньютон, Пятро І і які нават у НАСА дагэтуль цэняць.

Літаратура


Маё цела, як сьпяваў польскі рок-гурт, падзелена на дзьве часткі: адна раздражняецца, другая пацірае рукі — сам бы не дадумаўся, што ў нашай арміі чорт знае колькі існавалі толькі пантанёры і сапёры, усё не было грошай на ружжы і гарматы, ня кажучы аб астатнім. Армія, якая ніколі не наступала і не абаранялася. Яна толькі наводзіла пераправы для іншых, а потым старалася не наступіць на чужыя супрацьпяхотныя міны.

У Барыса Віяна ёсьць апавяданьне пра высадку ў Нармандыі, суцэльны чорны гумар, «Мурашкі». Не шанцуе іншым, а з героем усё ў парадку, бо ён нідзе не сьпяшаецца, ня лезе наперад. Але ніколі ня ведаеш: «Я ўсё яшчэ стаю на міне. Сёньня раніцай мы накіраваліся ў дазор, і я, як заўсёды, быў замыкаючым; яны ўсе прайшлі міма, а я адчуў, як пад нагой у мяне шчоўкнула, і я застыў на месцы. Яны выбухаюць, як толькі зь іх саступіш». У нашым варыянце беларускі сапёр, адчуваючы ў нагах мурашкі і ня маючы спадзяваньняў на камандаваньне, моліцца да Пятра І, каб дапамог і ўратаваў.

У вядомым тэксьце Даўлатава ён здымаецца ў кароткім гістарычным фільме ў ролі цара Пятра, у перапынку накіроўваецца да вулічнай бочкі з півам. Але ніхто не зьдзіўляецца яго выгляду, адно ставяць у прыклад, калі нехта спрабуе ўзяць куфаль без чаргі: нават цар стаіць як усе нармальныя людзі, наперад ня лезе!.. У нашым варыянце пільны патруль спыняе цара на гарадзенскай вуліцы, ён вярзе, што шукае Скарыну з абласной друкарні на Паліграфістаў. Што ж, горад памежны, пільнасьць перш за ўсё!

На допыце ў камэндатуры ў цара знаходзяць ваенны плян гораду, падрабязны канспэкт «Майстэрства артылерыі» і загад рэквізаваць у гарадзенцаў фураж і харчы. Цара саджаюць у камэру. Але сапёры робяць напад, каб вызваліць свайго айца-заснавальніка. Разам яны хаваюцца ў Старым замку, але ня могуць даць сабе рады з царскімі гарматамі. Маладая беларуская армія рада, што АМАП зараз абламае рогі трохсотгадовай фанабэрыі асобна ўзятай вайсковай адзінкі. Пятро-цар загадвае ўтапіць гарматы, каб не пакінуць ворагу.

Толькі ня ведаю, як лепш закончыць. Ці накарміць усіх удзельнікаў тартамі-танкамі і гарматамі, фаервэрк запаліць, ці паставіць цара да сьценкі ў Старым замку, каб не баламуціў моладзь? Пакуль ня вырашыў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG