Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскі актывіст Сяргей Каваленка трымае сухую галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівага зьняволеньня і суду. У Беларусі ня першы раз палітвязьні ідуць на крайні крок — сухую галадоўку пратэсту, адмаўляюцца ад ежы і вады за кратамі.

У 1996 годзе трымаў сухую галадоўку пратэсту за кратамі ў турме КДБ паэт Славамір Адамовіч, зьняволены за верш «Забі прэзыдэнта». У 1997 годзе сухую галадоўку пратэсту абвясьціў актывіст «Маладога фронту» Яўген Скочка, у 1998, пратэстуючы супраць закрыцьця газэты «Свабода» — Мікола Занько.

За некалькі месяцаў да зьнікненьня, вясной 1999 году, апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара кінулі ў турму на Акрэсьціна, дзе ён правёў 10-дзённую галадоўку з поўнай адмовай ня толькі ад ежы, але і ад вады. Паводле яго, прымусовае кармленьне было арганізавана, калі ён пачаў мачыцца крывёю. Віктар Ганчар сьведчыў:

«Усё рабілі „традыцыйна“. Мяне прыкавалі кайданкамі да нараў. Каб не чуваць было, як я крычу, на поўную моц уключылі нейкую музыку па радыё. Потым абслуга пачала расьціскаць мне зубы, дзясны, нёба, усё гэта было моцна паранена да крыві. Далей уставілі ў стрававод нейкую цьвёрдую плястмасавую трубку. Уставілі няправільна, бо закранулі дыхальныя шляхі, а таксама падрапалі стрававод. Пайшла кроў, я страціў прытомнасьць».
Уставілі ў стрававод нейкую цьвёрдую плястмасавую трубку. Уставілі няправільна, бо закранулі дыхальныя шляхі, а таксама падрапалі стрававод.

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч трымаў сухую галадоўку пратэсту падчас свайго першага судовага працэсу ў 2005 годзе. Тады ваўкавыскага прадпрымальніка фірмы «Радыётаксі» абвінавачвалі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Аўтуховіч абвясьціў сухую галадоўку ў залі суду пасьля 40 дзён звычайнай галадоўкі.

У 2006 годзе пасьля 8 дзён сухой галадоўкі была шпіталізаваная жыхарка Берасьця Любоў Разановіч, якая восем сутак трымала сухую галадоўку. Разановіч пратэставала супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта № 140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай.

У 2009 годзе лідэр гомельскіх апазыцыянэраў Уладзімер Кацора, які быў арыштаваны за акцыю памяці зьніклага генэрала Юрыя Захаранкі, трымаў шэсьць дзён сухую галадоўку пратэсту.

У чэрвені 2011 Ігар Банцар, журналіст, актывіст апазыцыйнага Саюзу палякаў пяць дзён за кратамі трымаў сухую галадоўку супраць незаконнага арышту. Ён страціў за гэты час восем кіляграмаў вагі.

У сьнежні 2011 арыштаваны за ўдзел у акцыі ў гадавіну Плошчы-2010 на 15 сутак блогер і фатограф, сябра Руху «За Свабоду» Юрась Навіцкі некалькі дзён трымаў сухую галадоўку пратэсту у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Лекары папярэджваюць

Лекары-адмыслоўцы папярэджваюць, што ўжо пасьля трох тыдняў адмовы ад ежы арганізм дарэшты спажывае свой натуральны прыродны запас, то бок тлушчы, і пераходзіць на спажываньне ўласных бялкоў. Пачынаецца «самапаяданьне» цела, цягліцаў. Сыгнал такога небясьпечнага працэсу — характэрны пах ацэтону пры дыханьні.

Як кажа адмысловец у галіне ўнутраных захворваньняў Аляксандар, калі тэрмін галадоўкі перавышае месяц, у арганізьме могуць пачацца незваротныя зьмены:
Пачынаюцца праблемы з імунітэтам і дэгенэратыўныя або дыстрафічныя зьмены ў сэрцы, пячонцы, нырках

«У чалавека істотна мяняецца мэтабалізм. Расшчапляецца тлушч, і пачынаюць вылучацца некаторыя рэчывы, не ўласьцівыя звычайна нашаму абмену. Напрыклад, розныя кетонныя целы, якія вырабляе пячонка. А гэта не зусім тое, што патрэбна арганізму. У чалавека пачынаюцца праблемы з імунітэтам і дэгенэратыўныя або дыстрафічныя зьмены ў сэрцы, пячонцы, нырках. А гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да лятальнага выніку».

Лекар ня раіць ісьці на галадоўку прынамсі тым, хто мае малую вагу або праблемы з эндакрыннай сыстэмай. Тым жа, хто ўсё ж пайшоў на гэты негвалтоўны пратэст, доктар рэкамэндуе:

«Зразумела, арганізм трэба ўвесь час прамываць. Таксама трэба часта прымаць душ, улічваючы, што ня надта патрэбныя рэчывы выдзяляюцца потавымі залозамі праз скуру. Наколькі гэта магчыма ва ўмовах вязьніцы».

Што тычыцца «сухой галадоўкі», калі чалавек адмаўляецца ня толькі ад ежы, але і ад вады, то гэта нашмат больш небясьпечны стрэс для арганізму, сьцьвярджае Аляксандар. Ужо на самым пачатку пры «сухім» страйку могуць распачацца незваротныя працэсы, калі цалкам «ляцяць» ныркі, пячонка, сэрца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG