Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пошук радыкальных рашэньняў для Беларусі – памылка»


Катажына Пэльчыньска-Налэнч, віцэ-міністар замежных справаў Польшчы

Катажына Пэльчыньска-Налэнч, віцэ-міністар замежных справаў Польшчы

Новая намесьніца міністра замежных справаў Польшчы Катажына Пэльчыньска-Налэнч у інтэрвію выданьню Eastbook агучыла некаторыя новыя акцэнты польскай палітыкі адносна праграмы «Ўсходняе партнэрства» і ў прыватнасьці дачыненьняў зь Беларусьсю. Прапануем вам фрагмэнты інтэрвію.

Eastbook: Як вы расцэньваеце пляны Эўрапейскай камісіі ўзмацніць жорсткасьць санкцый, у тым ліку і эканамічных, супраць рэжыму прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі?

Пэльчыньска-Налэнч: Я сьвядома выкарыстоўвала тэрмін «эканамічная інтэграцыя», а не «супрацоўніцтва» ў нашай гутарцы. Інтэграцыя выцякае з волевыяўленьня краіны прыняць эўрапейскія стандарты, каб дзейнічаць у адпаведнасьці з заканадаўствам і стандартамі ЭЗ у сфэры эканомікі. Такога волевыяўленьня зь беларускага боку не было. Беларусь не зацікаўленая ў якой-небудзь форме эканамічнай інтэграцыі з ЭЗ. Такую зацікаўленасьць паказваюць Грузія і Малдова. Менск не зацікаўлены ў інтэграцыі.
Гэта ня тыя санкцыі, якія скіраваныя на зьнішчэньне беларускай эканомікі. Мы разумеем, што Беларусь – гэта, перш за ўсё, людзі. І справа ня ў тым, каб уцягнуць беларускі народ у яшчэ большыя, чым цяпер, праблемы. Калі мы ўсё-ткі гаворым пра эканамічныя санкцыі, то кажам аб выбарачных санкцыях, арыентаваных на канкрэтных асобаў.

Eastbook: Хоць бы на Ўладзімера Пефціева, бізнэсоўца, які, як другі самы багаты чалавек Беларусі пасьля Лукашэнкі, атрымаў забарону на ўезд у краіны ЭЗ, што дэ-факта стварае вялікія цяжкасьці ў вядзеньні бізнэсу.

Пэльчыньска-Налэнч: І зьвярніце ўвагу, што меры ў дачыненьні да гэтага чалавека цяжка назваць эканамічнымі санкцыямі супраць Беларусі. Гэта не агульная забарона на імпарт, а толькі абмежаваньне магчымасьцяў казначэяў рэжыму. Санкцый супраць грамадзтва ня будзе.

Eastbook: Нікога ня трэба пераконваць, што з польска-беларускімі адносінамі, як і з унутранай сытуацыяй у Беларусі, справы дрэнныя. Які плян дзеяньняў адносна Беларусі ў польскага Міністэрства замежных спраў?

Пэльчыньска-Налэнч: У польскай дыпляматыі ёсьць плян дзеяньняў, але, перш за ўсё, прыйшоў час перастаць думаць і Польшчы, і Брусэлю аб радыкальных, уведзеных звонку пераменах у Беларусі. Пошук радыкальных рашэньняў, якія нібыта павінны прывесьці да радыкальных зьмен, зьяўляецца памылкай. Сытуацыя ў Беларусі залежыць перш за ўсё ад беларускага грамадзтва, няўрадавых арганізацый, апазыцыі, і, нарэшце, ураду. У нас могуць быць свае перавагі, уяўленьні пра тое, што добра, а што дрэнна для Беларусі, і нават на аснове ўласнага вопыту трансфармацыі. Але рэальныя зьмены могуць залежаць толькі ад стаўленьня саміх беларусаў. МЗС Польшчы не нясе адказнасьці за ўнутраную сытуацыю ў Беларусі.

Eastbook: І Польшча, і многія іншыя краіны спрабавалі ўмяшацца ва ўнутраную сытуацыю ў Беларусі, ня толькі аказваючы фінансавую падтрымку апазыцыі, але і выкарыстоўваючы розныя падыходы да Лукашэнкі. Толькі нічога ня выйшла. Ці можна сказаць, што мы павінны з гэтым пагадзіцца і проста спакойна назіраць за далейшым разьвіцьцём падзей?

Пэльчыньска-Налэнч: Нічога падобнага я не сказала. Ні з чым мы не павінны згаджацца, таму што зразумела, чаго мы хочам ад Беларусі.

Eastbook: Мы хочам, каб яна не была цалкам паглынутая расейскай сфэрай уплыву?

Пэльчыньска-Налэнч: Давайце ня будзем пачынаць з геапалітыкі. Часта гэта пастка, у якую мы трапляем, а з другога боку, гэта тэма, якую выкарыстоўвае беларускі рэжым, патрабуючы: «прымайце нас і ўсе нашы мэтады, якія парушаюць правы чалавека, альбо ў адваротным выпадку прыйдзе Расея». Мы не павінны паддавацца на такую спрошчаную трактоўку. Але мэтаду, аднаго спосабу, які прывядзе да пераменаў у Беларусі, няма.

Eastbook: Можа быць, варта зноў пачаць перамовы з уладамі ў Беларусі?

Пэльчыньска-Налэнч: Такія перамовы ўжо былі. Розныя шляхі былі паспрабаваныя. Ніякага новага спосабу дыялёгу зь Беларусьсю мы не знайшлі, таму што яго няма. Адзінае правільнае рашэньне – прыняць наступствы. Калі мы патрабуем вызваленьня палітычных зьняволеных, падтрымліваем дыялёг з грамадзтвам, то павінны ісьці да канца. Ніхто не сказаў, што на розных узроўнях няма магчымасьці весьці дыялёг паміж афіцыйнымі прадстаўнікамі польскага і беларускага бакоў. Існуе адкрытасьць у пытаньні лібэралізацыі малога памежнага руху. Па гэтым пытаньні мы хочам супрацоўнічаць з уладамі ў Беларусі для таго, каб палегчыць жыцьцё польскіх і беларускіх грамадзян, якія атрымліваюць выгаду з малога памежнага руху. Вось толькі мы сутыкнуліся з нежаданьнем беларускіх уладаў. Мы ўсё яшчэ чакаем подпісу Аляксандра Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG