Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк: Кітай чакае крызіс, калі ня будзе рэформаў


Калі Кітай не распачне далекасяжныя эканамічныя рэформы, яго чакае крызіс – папярэджваюць аўтары справаздачы Сусьветнага банку і кітайскай урадавай фабрыкі думак DRC на старонках сёньняшняга выданьня амэрыканскай газэты Wall Street Journal.

Эканоміцы Кітаю, якая апошнімі гадамі разьвівалася імклівымі тэмпамі, пагражае раптоўнае запавольваньне тэмпу росту, калі краіна дасягне пэўнага ўзроўню заможнасьці, як гэта адбылося ў іншых краінах на шляху разьвіцьця, напрыклад у Мэксыцы або Бразыліі.

Прадугледжваны гвалтоўны спад тэмпу росту паглыбіць праблемы ў банкаўскім сэктары ў Кітаі і за яго межамі, што прывядзе да крызісу – цьвердзяць аўтары справаздачы «Кітай 2030».

Цяпер гіганцкія дзяржаўныя канцэрны трымаюць манаполію ў кітайскім сэктары энэргетыкі, прыродных рэсурсаў, тэлекамунікацыяў і карыстаюцца прывілеямі, напрыклад, таннымі крэдытамі зь дзяржаўных банкаў.

На думку ЗША і іншых заходніх краінаў гэткія практыкі шкодзяць канкурэнцыі на міжнародным рынку. У самым Кітаі раздаюцца галасы, што дзяржаўныя гіганты выкарыстоўваюць сваё прывілеяванае становішча, каб паглынаць іншыя фірмы і выплачваць невялікія дывідэнды.

«Улады Кітаю мусяць вырашыць, ці яны хочуць дзяржаўны капіталізм з панаваньнем дзяржаўных гігантаў або рынкавую мадэль прадпрымальніцтва», - зазначыў Фрэд Ху з пэкінскай інвэстыцыйнай фірмы Primavera Capital Group.

Амэрыканская фабрыка думак Conference Board прадугледжвае, што сёлета эканамічны рост Кітаю складзе 8 працэнтаў сукупнага ўнутранага прадукту, а сярэдні паказьнік росту за 2013-2016 гады складзе 6,6 працэнтаў.

Як магчымы раньні сыгнал гэтай зьявы Wall Street Journal згадвае паказьнік росту прамысловай прадукцыі, які ў лютым зьменшыўся чацьверты месяц запар.
XS
SM
MD
LG