Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

23–24 лютага ў Вене праходзіць зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Гэта — адна зь нешматлікіх міжнародных структураў, у якія ўваходзяць афіцыйныя беларускія дэпутаты. Іх у Вене прадстаўляюць Віктар Гумінскі і Ніна Мазай. На сэсію таксама запрошаная сястра палітвязьня Андрэя Саньнікава — Ірына Багданава.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лявоненка таксама ўваходзіць у склад беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЭ. Аднак яна, як і бальшыня яе калегаў, у Вену не паляцела. У размове са «Свабодай» спадарыня Лявоненка тлумачыць гэта так:

«Зімовыя сэсіі — яны звычайна кароткія. Там разглядаюцца большай часткай арганізацыйныя пытаньні. Глябальныя пытаньні зараз вырашацца ня будуць, наколькі я ведаю. Галоўнае — сфармаваць парадак дня працяглай летняй сэсіі».

Ірына Багданава — сястра былога кандыдата ў прэзыдэнты, палітвязьня Андрэя Саньнікава — ад 22 лютага знаходзіцца ў Вене. Сёньня яна выступіла перад дэпутатамі.

У сваёй прамове Ірына Багданава сказала, што ў Беларусі тысячы людзей трапляюць у турму за свае палітычныя перакананьні. Яна падрабязна распавяла пра становішча свайго брата, былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. «Увесь час знаходжаньня ў сьледчым ізалятары КДБ яго катавалі і трымалі ў нялюдзкіх умовах», — сказала яна. Спадарыня Багданава распавяла пра тое, што Андрэя Саньнікава жорстка зьбілі падчас затрыманьня, што ён вымушаны быў спаць на падлозе пад ніжнім ложкам у камэры, што яму адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе і паслугах адваката. «Штодня зьняволеных разьдзявалі дагала і доўгі час трымалі на расьцяжцы, пры тым што тэмпэратура была толькі крыху вышэйшая за нуль».

«У судзе Андрэй зрабіў заяву пра катаваньні ў КДБ. Ведаеце што адбылося? Суд нават ня ўзяў яе пад увагу, ня кажучы ўжо аб тым, каб расьсьледаваць».

Спадарыня Багданава расказала пра ўмовы, у якіх знаходзяцца вязьні на перасылцы, бо Андрэя Саньнікава некалькі разоў беспадстаўна пераводзілі адбываць пакараньне ў іншае месца: «Перавод яго ў іншую турму ўсяго за 200 кілямэтраў займаў да 10 дзён... Людзей уціскаюць у вагоны, дзе няма месца сесьці ці спаць, больш чым па 24 гадзіны няма ежы, а часам няма вады. У гэтых вагонах перавозяць людзей з рознымі інфэкцыйнымі захворваньнямі, у тым ліку з сухотамі».

За апошнія месяцы жыцьцю і здароўю Андрэя Саньнікава неаднаразова пагражалі, і ён быў вымушаны прасіць, каб яго пасадзілі ў адзіночную камэру, сказала Ірына Багданава. «Ад 8 лістапада тры месяцы ніхто ня бачыў Андрэя. Ён не атрымоўваў лістоў, і лістоў ад яго таксама не было. Мы нічога ня ведалі пра яго. Мы дагэтуль ня ведаем, што адбывалася зь ім у гэты час, бо яму забаранілі расказваць пра гэта нават сваім адвакатам, ня кажучы ўжо пра сям’ю».

У канцы сваёй прамовы Ірына Багданава заклікала эўрапейскіх палітыкаў дапамагчы беларусам у змаганьні з дыктатурай. Паводле яе, галоўнай дапамогай маглі б стаць кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх уладаў.

Рэглямэнт прамовы Ірыны Багданавай быў 7 хвілін. Гэта нямала ў такой аўдыторыі, лічыць Анатоль Лябедзька, які ўваходзіў у дэлегацыю Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Калі выступаеш на пленарным паседжаньні, то там звычайна табе даецца пяць хвілін. І ня толькі запрошанаму, але і дэпутату, які мае адпаведны статус, галасуе і г.д. Так што сем хвілін, па звычайным адліку, ня так і шмат. Але калі глядзець па стандартах АБСЭ, то гэта дастаткова шмат.

І другое. Тое, што ёсьць запрашэньне для спадарыні Багданавай, я лічу вельмі пазытыўным фактарам. Яна належыць, можна ўмоўна сказаць, да жорсткага, радыкальнага крыла. А гэта азначае, што тыя, хто яе запрасіў, ведаюць, што зь яе вуснаў прагучыць і ў якім кантэксьце. Значыць, ёсьць пажаданьне, каб у Вене прагучаў вельмі жорсткі крытычны мэсыдж. І да асамблеі, і да тых прадстаўнікоў афіцыйнай Беларусі, якія там будуць прысутнічаць».

Досьвед падобных выступаў у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ мае і праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Ён кажа, што расейскія калегі-праваабаронцы выступілі з ініцыятывай выключыць Беларусь з АБСЭ за шматлікія жорсткія парушэньні правоў чалавека:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Але гэта немагчыма, нерэальна і, можа, нават і не патрэбна. Таму што, як бы там ні было, якія ні слабыя мэханізмы АБСЭ, але гэта ўсё ж адзіная пляцоўка міжнародных арганізацыяў, у якую Беларусь уваходзіць і дзе магчыма, ну, прынамсі хоць раз на год прыехаць прадстаўнікам няўрадавых арганізацыяў, выступіць і распаўсюдзіць праўдзівую інфармацыю.

У АБСЭ ўсе рашэньні прымаюцца кансэнсусам. І правесьці рашэньне аб выключэньні там немагчыма. Там шмат краінаў былога Савецкага Саюзу. І што, яны будуць за гэта галасаваць? Не, канечне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG