Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высокапастаўлены чыноўнік эстонскай паліцыі бясьпекі Аляксей Дрэсэн і яго жонка Вікторыя былі арыштаваныя ў сераду з абвінавачаньнем у шпіянажы на карысьць Расеі, паведамілі эстонскія ўлады.

Арышт быў праведзены ў аэрапорце Таліна. «Ёсьць зьвесткі, што ён на працягу некалькіх гадоў перадаваў зьвесткі Фэдэральнай службе бясьпекі Расеі (ФСБ)», – сказаў Гарыс Пуўсэп, прэс-сакратар паліцыі бясьпекі. Гэтая ўстанова займаецца контрвыведкай і барацьбой з тэрарызмам.

Абвінавачаньні затрыманым пакуль ня выстаўленыя, муж і жонка даюць тлумачэньні. Пры сабе яны мелі сакрэтныя дакумэнты, – цытуе Пуўсэпа Польскае агенцтва прэсы.

Гэта ўжо другі шпіёнскі скандал у Эстоніі на працягу апошніх некалькіх гадоў. Арыштаваны ў 2008 годзе высокапастаўлены чыноўнік Міністэрства абароны Эстоніі Герман Сім праз год быў асуджаны на 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за перадачу Службе зьнешняй разьведкі Расеі сакрэтных дакумэнтаў НАТА.

Пакуль не паведамляецца, якія матэрыялы Дрэсэн адправіў у Маскву. Ён працаваў у паліцыі бясьпекі на працягу доўгага часу, але не належаў да кіраўніцтва.
XS
SM
MD
LG