Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старэньне ўзбраеньня — балючая праблема беларускай арміі


Беларускія салдаты дастаткова добра падрыхтаваныя — гэта прызнаюць і замежныя экспэрты. Але праблема Ўзброеных сіл Беларусі — старэньне ўзбраеньня і баявой тэхнікі. На іх мадэрнізацыю і закупку найноўшых узораў не хапае грошай. Пра гэта піша для агенцтва БелаПАН вайковы экспэрт Аляксандр Алесін.

Узброеныя сілы незалежнай Беларусі мелі сапраўды салідную базу — Чырванасьцяжную Беларускую вайсковую акругу, самую магутную ў Савецкім Саюзе. Яна «падпірала» Групу савецкіх войскаў у Нямеччыне (на тэрыторыі тагачаснай ГДР), знаходзячыся на найважнейшым у той час стратэгічным кірунку.

Акрамя велізарнай узброенай групоўкі на тэрыторыі БССР знаходзілася інфраструктура, якая забясьпечвала жыцьцядзейнасьць і баявое прымяненьне гэтых войскаў у выпадку патрэбы. А менавіта: склады, самая густая ў СССР сетка пад’язных шляхоў, запасы вайсковай маёмасьці, прызначаныя для разгортваньня тут арміі на 500 тысяч, а паводле некаторых дадзеных — і на мільён чалавек.

Датай стварэньня нацыянальнай арміі можна лічыць 20 Сакавіка 1992 году, калі было прынятая пастанова ўраду «Аб стварэньні Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь». Былыя войскі ЧБВА пачалі пераўтварацца ў войскі незалежнай краіны.

У савецкі час агульная колькасьць групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі складала больш за 280 тысяч вайскоўцаў, рабочых і служачых. Канцэнтрацыя воінскіх частак і злучэньняў тут была самай высокай на Эўрапейскім кантынэнце. Адзін вайсковец прыходзіўся на 43 чалавекі цывільнага насельніцтва. Для параўнаньня: ва Ўкраіне — на 98, у Казахстане — на 118, у Расеі — на 634 чалавекі.

Адносна невялікай эўрапейскай краіне зь дзесяцімільённым насельніцтвам такія надмерна вялікія ўзброеныя сілы былі без патрэбы: занадта дорага ўтрымліваць і абсталёўваць. Да таго ж іх агульная колькасьць у адпаведнасьці з выніковым актам Хэльсінкскага пагадненьня ад 10 ліпеня 1992 г. не павінна была перавышаць 100 тысяч вайскоўцаў.

У сувязі з гэтым у 1992-1996 гадах спынілі сваё існаваньне або былі ператвораныя звыш 250 вайсковых фармаваньняў, якія адышлі пад юрысдыкцыю Беларусі. Да 2005 году агульная колькасьць Узброеных сіл склала 65 тысяч чалавек: 50 тысяч вайскоўцаў і 15 тысяч асоб цывільнага пэрсаналу. У гэтых межах колькасьць беларускай арміі застаецца і дагэтуль.

Адначасова сур’ёзна скарацілі колькасьць вайсковай тэхнікі і ўзбраеньняў. У адпаведнасьці з Дамовай аб звычайных узброеных сілах у Эўропе i прынятымi пазьней дакумэнтамі Беларусь пагадзіліся абмежаваць свае ўзбраеньні да 1800 танкаў, 2600 баявых браніраваных машын, 1615 артылерыйскіх сыстэмаў, 260 баявых самалётаў, 80 ударных верталётаў.

Гэта скарачэньне было ажыцьцёўлена да пачатку 1996 году. Прыкладна да гэтага ж часу быў завершаны і працэс ракетна-ядзернага раззбраеньня Беларусі ў адпаведнасьці з дамовамі, дасягнутымі яшчэ СССР і ЗША.

Нават пасьля ўсіх скарачэньняў па колькасьці танкаў, бронемашын і гармат на тысячу вайскоўцаў Беларусь займае першае месца ў Эўропе.

Гэта цалкам пацьвярджае тэзіс пра тое, што беларуская армія ўяўляе сабой даволі значную ваенную сілу па маштабах усходнеэўрапейскага рэгіёну.

Аднак казаць аб беларускай арміі толькі ў станоўчых фарбах было б неаб’ектыўна. Адна з галоўных яе праблем — старэньне ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі, а таксама інфраструктуры. Амаль уся зброя — савецкая, зь цягам часу яе стан пагаршаецца, патрабуецца ўсё больш сродкаў на рамонт і мадэрнізацыю.

Але яшчэ больш грошай неабходна, каб закупляць новую тэхніку. Сёньня адзін танк каштуе 2,5-3 мільёны даляраў, баявы самалёт — 30-50 мільёнаў даляраў. А патрэба ў такіх адзінках немалая.

Небагатай беларускай дзяржаве такія выдаткі не па кішэні. У выніку ўдзельная вага сучасных узораў ўзбраеньня і баявой тэхнікі ў нацыянальнай арміі памяншаецца. Нават высокапастаўленыя вайскоўцы вымушаны прызнаваць, што тэмпы пераўзбраеньня недастатковыя. Усё ўпіраецца ў грошы. Сытуацыя асабліва абвастрылася з надыходам эканамічнага крызісу.

Паскорыць ход мадэрнізацыі беларускай арміі магло б спрыяньне Расіі, якая мае невымерна большы патэнцыял вайсковай навукі і абароннай прамысловасьці. Вядома, што Менск накіраваў Маскве заказы не толькі на зэнітныя ракетныя сыстэмы С-400 і комплексы «Іскандэр». У тым самым сьпісе — самалёты Су-30, Су-34, вучэбна-баявыя Як-130, мадэрнізаваныя транспартнікі Іл-76, ударныя верталёты Мі-28Н. Гэтыя ўзоры ўжо закладзены ў Дзяржаўную праграму пераўзбраеньня на 2006-2015 гады.

Аднак страта шэрагу тэхналёгіяў і дэфіцыт вытворчых магутнасьцяў на прадпрыемствах расейскага ВПК, разам з дарагоўляй вайсковай тэхнікі і ўзбраеньняў, сталі сур’ёзнай перашкодай на шляху рэалізацыі супольных праграм пераўзбраеньня.

Цяпер відавочна, што пакуль Расея належным чынам не перааснасьціць свае Ўзброеныя сілы, пра нейкія значныя пастаўкі вайсковых навінак у Беларусь гаварыць не даводзіцца.

Такім чынам, праблема мадэрнізацыі стаіць цяпер як перад краінай у цэлым, так і перад яе арміяй у прыватнасьці. І відавочна, што тут не абысьціся без комплексных рэформаў.
XS
SM
MD
LG