Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень трэці


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

23 лютага ў Віцебску працягваўся працэс над сябрам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам.


18:55 Перапынак да 10:00 24 лютага.

Скончыўся допыт Алены Каваленкі. Сяргея вывелі з судовай залі. Алена Каваленка заявіла ў судзе, што міліцыянты ўвесь час ціснулі на іх сям’ю. Жонка заклікала Сяргея Каваленку піць ваду.

Алена папрасіла судзьзю выклікаць «хуткую дапамогу». Але тая адмовілася. Алена Каваленка кажа, што ў часе допыту ў судзе паміж ёй і мужам стаў канвойны. І яны нават не змаглі сустрэцца вачамі зь Сяргеем.

Алена папрасіла, каб судзьдзя загадала міліцыянту адысьці ўбок. Але судзьдзя адмовілася гэта зрабіць.



Пасьля заканчэньня пасяджэньня адвакат сказаў, што яшчэ будуць выступаць некалькі сьведак, у тым ліку тыя, хто мае сьведчаньні на карысьць Сяргея Каваленкі. Таксама пройдзе вывучэньне матэрыялаў справы, іншыя працэсуальныя дзеяньні.

Пасьля заканчэньня судовага працэсу невядомыя людзі, якія зраніцы занялі ўсе месцы ў залі за паўтары гадзіны да пачатку пасяджэньня, былі выведзены з будынку суду цераз чорны ход ў судовы двор, дзе стаялі аўтазакі, і толькі адтуль разышліся.



18:40 Працаўнікі суду сышлі з працы. Вокны гараць толькі ў залі паседжаньняў № 6. Там працягваецца суд над Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты, якія ахоўваюць будынак, ня могуць адказаць на пытаньне, чаму паседжаньне ніяк не завершыцца.



18:05 Суд выклікаў сьведкай Алену Каваленку.

17:48 Кіраўнік зьмены на станцыі «хуткай дапамогі» Іофіс Пляшкун адмовіўся назваць імёны лекараў, якія зьехалі, не агледзеўшы Каваленку.

17:40 Перапынак на 5 хвілінаў. Суду засталося заслухаць трох сьведак. З іх двое — жонка і брат Каваленкі, а таксама нейкі Іваноў, які не зьявіўся.

17:25 Судзьдзя Алена Жук заявіла, што яна не выклікала мэдыкаў, а таму не дапусьціць іх да Каваленкі. Пра гэта паведамілі прыхільнікам Каваленкі на станцыі «хухткай дапамогі».

17:17 У суд зноў выклікалі хуткую дапамогу. Алена Каваленка пабачыла, што мэдыкі сьпярша зайшлі у кабінэт намесьніка старшыні суду. Хутка адтуль выйшлі і, нічога ня кажучы журналістам і сваякам Каваленкі, зьехалі.

17:04 У судзе выступае сьведкам міліцыянт Сыч.

16:50 Людзей зь ліку прыхільнікаў Каваленкі міліцыянты пускаюць у прыбіральню. Водзяць туды па адным чалавеку, пад канвоем.

16:30 У судзе дапытаныя сьведкі Шыліна і Пахноцкі — яны працуюць у крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Першамайскага раёну Віцебску. Цяпер у судзе дапытваюць міліцыянта Белавуса.

16:20 Пачалі дапытваць другога сьведку, Яўгена Якушэвіча. Ён працуе ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Першамайскага раёну Віцебску.

Тыльны бок будынку суду. У гэтым аўтазаку Каваленку трымаюць, калі на працэсе абвяшчаюць перапынкі.

Тыльны бок будынку суду. У гэтым аўтазаку Каваленку трымаюць, калі на працэсе абвяшчаюць перапынкі.



16:15 Ля суду і ў калідорах будынку засталося толькі 12 чалавек зь ліку тых, хто прыйшоў падтрымаць Каваленку.

15:58 Лідзія Каваленка заявіла «Свабодзе», што мае спадзеў толькі на замежных лекараў, што тыя прыедуць і аб’ектыўна дасьледуюць стан здароўя яе сына Сяргея.

15:25 Афіцыйная абласная газэта «Віцебскі рабочы» таксама вядзе
жывы рэпартаж з суду над Каваленкам.

Каваленка таксама запатрабаваў зьмяніць беларускую сымболіку ў залі — на бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня», піша «Віцебскі рабочы».

15:13 Каваленку зноў завялі ў залю.

Алена Каваленка, якую пусьцілі ў калідор, паведаміла, што працэс пачаўся бяз родных, прэсы і грамадзкіх дзеячоў.

Лідзія Каваленка і Павал Левінаў, якіх не пусьцілі ў залю.

Лідзія Каваленка і Павал Левінаў, якіх не пусьцілі ў залю.



14:54 Прадстаўнік управы ўнутраных спраў Віцебску Іваноў адмаўляецца прапусьціць журналістаў у будынак суду. Ён спасылаецца на рашэньне судзьдзі.

14:30 Перапынак на 30 хвілнаў. Адвакат Галіеў паведаміў, што ўвесь гэтым час адбываўся допыт Каваленкі. Допыт працягнецца пасьля перапынку.

Адвакаты і сам Каваленка выступалі з хадайніцтвамі, каб зьмяніць меру стрыманьня. Пракурор выступаў супраць. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтвы.

У судзе выступіла толькі адна сьведка — гэта прадстаўніца крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. Яна распавядала, як Каваленка парушаў рэжым.

Адна з прысутных у залі спадарыняў паведаміла, што Каваленка ў часе паседжаньня афіцыйна заявіў, што пасьля ўколу ў рэанімабілі ён на нейкі час страціў прытомнасьць.

У часе паседжаньня ў Каваленкі запыталіся, ці пазнае ён каго-небудзь з прысутных у залі. Ён сказаў, што не пазнае. Праваабаронцы і сваякі лічаць: гэты факт сьведчыць пра тое, што ў залю загадзя правялі людзей, каб туды ня трапілі прыхільнікі Каваленкі.

Сяргей Міхайлаў, якія працуе на працэсе перакладчыкам, таксама паведаміў, што прысутныя ў залі людзі ніякім чынам не рэагуюць на тое, што адбываецца на працэсе. Яны проста сядзяць з абыякавымі тварамі.

Міхайлаў таксама сказаў, што Каваленка прамаўляе вельмі слабым голасам.

14:26 Міліцыянты забаранілі журналістам глядзець праз шчыліну ў дзьвярах на калідор. На гэты калідор выходзяць дзьверы залі, дзе слухаецца справа Каваленкі.

Міліцыя выгнала людзей з тамбуру на вуліцу.

14:15 У будынак суду прапускаюць людзей, якія прыходзяць па розных справах. Сваякоў жа, праваабаронцаў і журналістаў, якія імкнуцца патрапіць на працэс да Каваленкі, не пускаюць. Міліцыянты ўвесь час кажуць, што іх выдалілі на рашэньне судзьдзі.

13:45 У адмысловай машыне ахоўнікам прывезьлі абед. Яны па чарзе ходзяць падсілкавацца. Аднак суд працягваецца без перапынку на абед.

13:15 Паводле інфармацыі, якая паступае з будынку суду, у залю запрасілі сьведку. Праваабаронцы, якія знаходзяцца пад будынкам, ня выключаюць, што разгляд справы прысьпешваецца. Заплянаваны на 13.00 перапынак на абед не абвешчаны.

12:47 Паседжаньне працягваецца. Каваленку вярнулі ў залю суду. Жонка Каваленкі кажа, што ён увесь сіні.

12:36 У судзе перапынак. Каваленку вывялі. Ён хістаецца і ледзь стаіць на нагах.

12:26 У часе мэдычнага агляду лекары зрабілі Каваленку нейкую прышчэпку, пасьля якой ён на нейкі час страціў прытомнасьць. Пра гэта сам Каваленка змог сказаць сваёй жонцы Алене. Сяргея Каваленку заводзілі ў залю, трымаючы пад рукі.

Карэспандэнт «Свабоды» пацікавіўся ў падпалкоўніка Скарыновіча станам Каваленкі. Міліцыянт сказаў, што ў каравульным памяшканьні Каваленка «сядзеў спакойна, усьміхаўся, чытаў газэту». Скарыновіч абвяргае, што лекары рабілі Каваленку прышчэпку і што той часова страціў прытомнасьць.



12:20 Чарговы мэдычны агляд Каваленкі скончаны. Яго вярнулі ў залю. Прыйшла судзьдзя. Аднавілася паседжаньне.

12:09 Людзі, які раней выгналі з суду, хаваюцца ад холаду ў тамбуры. У памяшканьне суду іх па-ранейшаму не пускаюць.

12:05 Юрась Беленькі зьвярнуўся да міжнародных структураў і амбасадаў дзяржаваў, каб яны паспрыялі мэдычнаму агляду Каваленкі незалежнымі замежнымі лекарамі. Бо, кажа, стан здароўя Каваленкі крытычны.

11:55 Сваякі і праваабаронцы прамоклі. Яны просяць міліцыянтаў, каб іх пусьцілі ў будынак пагрэцца. Міліцыя адмаўляе.

11:43 Прыехала не хуткая дапамога, а рэанімацыя.



11:35 У паседжаньні перапынак. Выклікалі хуткую дапамогу. Каваленка пагадзіўся прайсьці абсьледаваньне.

Адвакат Аляксандар Галіеў паведаміў, што разглядаць справу суд так і не пачаў.

Каваленка хадайнічаў, каб ягоны бацька быў абаронцам на судзе. Хадайніцтва адхілі.

Далей Каваленка заявіў пра адвод судзьдзі і пракурора. Гэта хадайніцтва таксама не задаволенае.

Каваленка таксама хадайнічаў, каб на працэс дапусьцілі прэсу і людзей, якія яго ведаюць, а не тых, каго пасадзілі ў залю. І гэтае хадайніцтва таксама суд адхіліў.

11:28 Камэнтар аднаго з кіраўнікоў КХП-БНФ Юрася Беленькага: «Я маю даверанасьць прадстаўляць інтарэсы партыі тут, падрыхтаваны тэкст хадайніцтва, распрацаваная схема абароны, якая ўзгодненая з адвакатам. І мяне не пусьцілі на паседжаньне. Інакш кажучы, міліцыя ўскосна ўмяшалася ў хаду працэсу. Я падпалкоўніку Скарыновічу сказаў, што такія дзеяньні можна трактаваць адпаведным чынам. Ідзе расправа над беларускім патрыётам: брутальная, подлая і гнюсная».




11:25 Скарыновіч, які кіраваў апэрацыяй у судзе, адмовіўся пракамэнтаваць дзеяньні сваіх падначаленых, якія выцягвалі людзей з суду. «Усе пытаньні да мяне праз прэсавую службу», — сказаў ён «Свабодзе».

11:20 Большая частка людзей разышлася. Засталіся толькі родныя Каваленкі, а таксама Сябры КХП-БНФ Юрась Беленькі, Валер Буйвал, журналісты і праваабаронцы. На вуліцы ідзе моцны дождж. Усе стаяць на ганку будынку суду.

На ганку суду. Бацькі Лідзія і Аляксандар Каваленкі

На ганку суду. Бацькі Лідзія і Аляксандар Каваленкі



11:15 Лідзія Каваленка пра дзеяньні міліцыі ў судзе: «Яны зьбівалі майго мужа. Яны пацягнулі яго, разарвалі куртку. Я закрыла яго сабой, бо баялася, што яго моцна паб’юць. Ззаду мяне ўдарылі па нырках, а таксама нагой па маёй назе.

Калі сына вялі, ён пасьпеў крыкнуць „Слава нацыі! Жыве Беларусь!“ Я ня ведаю, як ён гэта вытрымлівае. Ён ужо слабы. Міліцыянты вялі яго нібы пад рукі».



11:00 Падпалкоўнік Ігар Скарыновіч дазволіў журналісту «Свабоды» зазірнуць у залю. Маўляў, каб пераканацца, што суд не закрыты. У залі сядзіць прыкладна 15 жанчынаў сталага веку.

10:55 Лідзія Каваленка скардзіцца, што міліцыянты моцна ўдарылі яе па нырках.
Людзі ў цывільным перашкаджаюць рабіць здымкі.





10:52 Усіх наведвальнікаў гвалтам вывелі з суду на вуліцу. Апэрацыяй кіраваў Ігар Скарыновіч, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі.

10:50 Спэцназ міліцыі пачаў выцягваюць людзей. Людзі лямантуюць. Частку людзей міліцыянты павялі на другі паверх. Калідор блякуюць сталамі.




Алена Каваленка

Алена Каваленка



10:48 Прыйшоў нейкі міліцэйскі начальнік. Ён сказаў, што паводле рашэньня судзьдзі, людзей павінны пакінуць калідор. «Калі вы не падпарадкуецеся, будзе ўжытая сіла», — папярэдзіў ён.

10:39 Паседжаньне праходзіць у закрытым рэжыме. Нікога, акрамя адвакатаў, у залю не пусьцілі. У калідоры стаяць: родныя, журналісты, праваабаронцы, грамадзкія дзеячы. Людзі абураюцца. Жонка і маці абураюцца, што міліцыя парушаюць закон.



2 апэратары міліцыі здымаюць мітынг, які адбываецца ў калідоры суду.

З залі выйшла сакратарка, якая сказала: «Спыніце крыкі, бо вы перашкаджаеце паседжаньню». Людзі пачалі крычаць яшчэ болей .



10:37 Паседжаньне будзе праходзіць у тым самым маленькім пакоі, што і ўчора.

10:26 Міліцыянты вельмі пільна даглядаюць тых, хто прыйшоў на працэс. Адну жанчыну нават прымусілі распрануцца. У суд прыйшла жонка Каваленкі Алена. Гэтым разам безь дзіцяці.

9:38 Прывезьлі Сяргея Каваленку.



9:30 Ля суду дзяжурыць аўтобус са спэцназам міліцыі. Ахова самаго будынку падвоілася ў параўнаньні з учорашнім днём. Ля суду знаходзіцца абласное міліцэйскае начальства. Сюды таксама прыехала чатыры аварыйныя машыны водаканалу — яны ўсё яшчэ ліквідуюць аварыю, якая здарылася 21 лютага.



9:00 Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся на шматпавярховіках у розных раёнах гораду: на дахах жылых дамоў па вуліцы Гагарына і ў раёне кірмаша «Паўднёвы».

Паводле віцебскіх моладзевых актывістаў, 23 лютага сьцяг на знак салідарнасьці з Сяргеем Каваленкам, якога судзяць гэтымі днямі ў Першамайскім райсудзе, быў вывешаны на даху жылога дому па вуліцы Чкалава.

22 лютага бел-чырвона-белы сьцяг вывесілі ў мікрараёне «Журжава», на даху ці не самага высокага дому па вуліцы Гагарына.

Фотаздымкі сьцяга даслаў у рэдакцыю сайту «Народныя Навіны Віцебску» адзін з чытачоў. Відавочцы кажуць, што да гэтага сьцяга была прымацавана цыдулка з выслоўем Сяргея Каваленкі, якое ён прадэкламаваў падчас судовага працэсу: «Слава нацыі, браты. Не зламаюць нас менты».




Cудзьдзя — Алена Жук.

Адвакаты — Пётар Каваленка, Аляксандар Галіеў.

Пракурор — Дзьмітры Лутаў.



22 лютага судзьдзя Алена Жук адхіліла ўсе хадайніцы Каваленкі. У тым ліку пра адвод самой судзьдзі, а таксама пра адвод пракурора Лутава. Пачатак паседжаньня быў фактычна сарваны. Міліцыянты спрабавалі выдаліць з залі Алену Каваленку, якая прыйшла на суд з плякатам. У выніку паседжаньне перанесьлі ў іншую залю. Пазьней судзьдзя выдаліла з залі сваякоў Каваленкі.

У судовай залі забаронена весьці фота-і відэаздымкі. 22 лютага пад працэс, які выклікаў вялікую цікаўнасьць грамадзкасьці, адвялі ўдвая меншую залю, чым у першы дзень суду. І найперш запусьцілі ў яе супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, а журналістам, якія мелі ноўтбукі, камэры, фотаапараты і нават дыктафоны, зайсьці не дазволілі ўвогуле.

Сяргей Каваленка з цяжкасьцю пераносіць удзел у працэсе. Ён скардзіцца на галаўны боль, пагаршэньне слыху і зроку, агульную слабасьць.

На самым пачатку працэсу Сяргей Каваленка апавёў, што пасьля 30-ці дзён галадаваньня яго пачалі прымушаць ужываць ежу, пагражаючы фізычнай расправай і пераводам у псыхіятрычную лякарню. З 8 лютага ён адмовіўся ад прымусовага харчаваньня, а апошнія тры дні перад судом увогуле трымаў сухую галадоўку.

Сваякі патрабуюць, каб Сяргея Каваленку зьмясьцілі ў шпіталь, каб ва ўмовах мэдычнага стацыянару ён змог правільна выйсьці з галадоўкі. Яны лічаць, што ён знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці — у яго парушаны абмен рэчываў, ён страціў амаль траціну вагі (цяпер Сяргей важыць каля 60-ці кіляграмаў, а да зьняволеньня — каля 85-ці) .

Жонка і маці Каваленкі штодня выклікаюць у суд хуткую дапамогу. Але апазыцыянэру прапанавана толькі мэдычнае абсьледаваньне ў спэцчастцы віцебскага СІЗА, дзе ён знаходзіцца з 22 сьнежня мінулага году.


Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень першы

Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень другі




Сяргея Каваленку судзяць паводле крымінальнага абвінавачаньня за парушэньні рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадзкой навагодняй ёлцы. Да суду сябра КХП БНФ трымалі пад вартай — у ізалятары часовага ўтрыманьня, а потым у СІЗА.

Галадоўку Каваленка абвясьціў 19 сьнежня. Празь месяц яго пачалі карміць прымусова, пагражаючы вар’ятняй і фізычнай расправай. Аднак з 8 лютага ён зноў цалкам адмовіўся ад ежы. А ў апошнія дні перайшоў на сухую галадоўку.

За гэты час Каваленка схуднеў на 25 кіляграмаў. На судзе скардзіўся на слабасьць, галаўны боль, яго калаціла ад холаду. Родныя абвінавачанага лічаць, што ёсьць пагроза ягонаму жыцьцю.

Партрэт на фоне кратаў: Сяргей Каваленка. Чалавек, адданы сьцягу

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG