Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец пра візыт Панікі: «Кіраўніцтва камэндатуры выглядала па-галівудзку»


Павал Севярынец на хіміі, архіўнае фота.

Павал Севярынец на хіміі, архіўнае фота.

Крыстафэр Паніка, дарадца па палітыка-эканамічных пытаньнях амбасады ЗША ў Беларусі, наведаў палітвязьня Паўла Севярынца.

Радыё Свабода папрасіла расказаць пра абставіны візыту самога Паўла Севярынца:

РС: «Чаму вас наведаў прадстаўнік амэрыканскай амбасады?»

Севярынец: «Гэта быў візыт падтрымкі. Вельмі пазытыўны. Трэба сказаць, што кіраўніцтва камэндатуры выглядала амаль па-галівудзку — усе былі з усьмешкамі. Мяне гэта зьдзівіла. Можа, гэта зьвязана з тым, што беларусы — менш жаданыя госьці ў нашай камэндатуры. А дыплямат прыехаў на шыкоўнай машыне з амэрыканскім сьцягам. Напэўна, гэта і зрабіла на супрацоўнікаў спэцкамэндатуры ўражаньне.

Крыстафэр Паніка

Крыстафэр Паніка

​А яшчэ ён прывёз з сабою шмат амэрыканскай ежы і сувэніры амэрыканскія. І ўсё гэта цяпер у нас унутры камэндатуры. Можна сказаць, што візыт прайшоў зь вялікім посьпехам. Тая частка беларускага народу, што ў нашай спэцкамэндатуры, убачыла, што Злучаныя Штаты насамрэч падтрымліваюць Беларусь».

РС: «Пра што вы гаварылі? Ці нехта прысутнічаў пры вашай размове?»

Севярынец: «Перакладчыца з амэрыканскай амбасады была. Размаўлялі пра палітвязьняў. Ня буду дэталізаваць, але гаварылі пра тых, каму зараз цяжэй».

РС: «Ці вы ведаеце пра фільм БТ, які выйшаў нядаўна і які абвінавачвае амэрыканскую амбсаду ў Беларусі ў стварэньні шпіёнскіх атрадаў?»

Севярынец: «Мы размаўлялі таксама і пра гэта. Бо гэтую тэму ніяк не было абысьці…» (На гэтым тэлефон Паўла Севярынца адлучыўся. Далейшыя спробы датэлефанавацца да яго плёну не далі.)

Павал Севярынец 16 траўня 2011 году асуджаны да 3 гадоў абмежаваньня волі і адбывае пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG