Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Віцебскага раёну прысудзіў арышты Раману Васільеву, Міхаілу Мускаму, Зьмітру Крамянецкаму і Ўладзімеру Яроменку, якія 21 лютага ехалі на суд да Сяргея Каваленкі.

Кіроўца машыны Павал Сітнік, актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, атрымаў штраф у тры базавыя велічыні (105 тысяч рублёў). Ён апавёў «Свабодзе» пра тое, як праходзіў суд:

«У суд Віцебскага раёну я прыйшоў адзін. Працэс пачаўся аб 11 раніцы, аднак мне сказалі, што трэба „шукаць астатніх“, і перанесьлі працэс на 15:00. Я зноў зьявіўся адзін, і тады астатніх нашых затрыманых судзілі завочна. Як вынікала з пратаколу, маю машыну ўчора на ўезьдзе ў Віцебск спыніла ДАІ — было падазрэньне, што нумары падробленыя. Калі ж ад’ехалі міліцыянты зь Віцебскага РАУС, мы ўсе — і я, і мае, пасажыры — „пачалі гучна лаяцца матам“, пры гэтым мы яшчэ й „ганілі дзяржаўны лад“. Вось за гэта мне прысудзілі штраф, бо затрымалі мяне за нібыта хуліганства ўпершыню. А хлопцам, якія ўжо мелі судовыя спагнаньні, далі па трое сутак арышту».

Адзін з тых, каму далі «суткі» — Уладзімер Яроменак. Ён мяркуе, што падзеі могуць разьвівацца далей наступным чынам:

«Або нас будуць шукаць па ўсёй Беларусі, каб пасадзіць на тыя суткі цяпер. Або гэтыя тэрміны „прыплюсуюць“ да наступных — калі нас абвінавацяць у чым-небудзь наступным разам».

21 лютага пяцёра чалавек затрымалі, калі яны ехалі ў Віцебск зь Менску. 22 лютага падобная сытуацыя паўтарылася з аршанскімі актывістамі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, якія таксама ехалі, каб падтрымаць у судзе Сяргея Каваленку.

Аршанец Яўген Анішчанка: «Мы ўчатырох выехалі ў Віцебск. Але нашу машыну затрымалі, у нас забралі дакумэнты і сказалі „чакаць“. Тры гадзіны мы чакалі немаведама чаго. Урэшце нам дакумэнты аддалі і адпусьцілі, нічога не патлумачыўшы. Нават не папрасілі прабачэньня».
XS
SM
MD
LG