Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тозік: Кітай гатовы інвэставаць у Беларусь 16 млрд даляраў


На такую суму кітайскіх інвэстыцый праз прадстаўленьне «зьвязанага» фінансаваньня разлічвае беларускі ўрад.

Беларусь і Кітай ужо падпісалі кантракты і крэдытныя пагадненьні для рэалізацыі інвэстпраектаў на агульную суму ў 5,5 млрд даляраў — паведамляе агенцтва Інтэрфакс-Захад. Такую лічбу агучыў на паседжаньні беларускай часткі беларуска-кітайскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік.

Па словах віцэ-прэм’ера, Кітай разам з Расеяй зьяўляецца асноўным інвэстыцыйным партнэрам Беларусі. Пазычкоўцам кітайскіх крэдытаў афіцыйна ёсьць дзяржава ў асобе Міністэрства фінансаў.

У асноўным крэдыты расходуюцца на мадэрнізацыю беларускай энэргасыстэмы. Гэтак, Мінэнэрга Беларусі на дадзены момант засвоіла 400 мільёнаў даляраў з зацверджанага крэдыту ў 1,25 мільярда. У гэтым годзе Мінэнэрга працягвае рэалізоўваць за кошт кітайскіх крэдытаў мадэрнізацыю Бярозаўскай і Лукомскай ГРЭС, а таксама будаўніцтва Віцебскай ГРЭС.

Тэрмін «зьвязаныя крэдыты» прадугледжвае, што своечасова вяртаецца ня толькі запазычная сума і працэнты па ёй, але і выконваюцца іншыя ўмовы, выстаўленыя крэдыторам. Кітайскія крэдыты прадугледжваюць абавязковае супрацоўніцтва з кітайскімі кампаніямі, выкарыстаньне кітайскіх тэхнялёгіяў і абсталяваньня.
XS
SM
MD
LG