Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: Даляр скокне да 10 тысяч


У Беларусі пачала працу чарговая аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду. Яна будзе знаходзіцца ў Менску да 6 сакавіка.

Напярэдадні прадстаўнікі МВФ заявілі, што гаворкі пра новы крэдыт для афіцыйнага Менску ня будзе. Чым тады тлумачыцца цяперашняе ўмацаваньне беларускага рубля?

Місія правядзе традыцыйны штогадовы агляд сытуацыі ў беларускай эканоміцы і постпраграмны маніторынг выкананьня ўмоваў папярэдняга крэдыту МВФ. Таксама экспэрты фонду правядуць рэвізію макрапрагнозу для Беларусі. Яны ўлічаць чаканае замаруджваньне тэмпаў росту глябальнай эканомікі і расейскія прэфэрэнцыі для Беларусі ў пастаўках энэрганосьбітаў. Перад прыездам місіі МВФ заявіў пра адкліканьне зь Беларусі свайго сталага прадстаўніка. А прызначэньне новага будзе залежаць ад таго, ці будзе плянавацца выдзяленьне чарговага крэдыту.

Ацэньваючы цяперашнія стасункі паміж Беларусьсю і МВФ, эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Калі б яны вырашылі даваць крэдыт, то і прадстаўніка б тут трымалі для перамоваў, для назіраньня. Але мы бачым, што гэтага не адбываецца. Вядома, што МВФ незадаволены, як выконваліся дамовы аб выдзяленьні Беларусі мінулага крэдыту. І цяпер у Беларусі таксама ня ўсё ідзе так добра, як хацелася б МВФ. Што да новага крэдыту, то, хутчэй за ўсё, яго ня будзе, нават калі будуць пра гэта размовы, як плянуе Мінфін. Перш за ўсё, палітычныя ўмовы вельмі неспрыяльныя для гэтага крэдыту. Бо ЗША маюць вырашальны голас, могуць заблякаваць выдачу гэтага крэдыту. Яны гэта зробяць, нават калі МВФ будзе весьці размовы пра крэдыт».

Нягледзячы на адсутнасьць крэдыту МВФ, афіцыйныя мэдыі паведамляюць пра ўмацаваньне беларускага рубля. Чаму ж адбываецца гэтае ўмацаваньне? Паводле эканаміста Барыса Жалібы, рубель умацоўваецца лякальна:
Умацаваньне рубля — гэта часовая справа.

«Сёньняшні валютны курс рубля ўраўнаважаны. Сур’ёзных умяшаньняў з боку Нацбанку няма. Нашы рэзэрвы захоўваюцца ў памеры 8 мільярдаў даляраў, збольшага яны пазычаныя. Яны папоўніліся за кошт продажу другой паловы „Белтрансгазу“. Тое, пра што ўвесь час кажуць спэцыялісты МВФ — пра рэфармаваньне эканомікі, пра структурныя зьмены, — усе засталося, як і ў мінулыя гады. Урад вымушаны падцягваць узровень жыцьця, які ўпаў у мінулым годзе. Праз тры-чатыры месяцы гэта вылезе ў рост інфляцыі. А інфляцыя будзе азначаць і дэвальвацыю рубля. Таму яго ўмацаваньне — гэта часовая справа».

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначае, што дзеля крэдыту МВФ афіцыйны Менск павінен распрацаваць праграму эканамічных рэформаў, ажыцьцявіць палітычную лібэралізацыю, вызваліць палітвязьняў. Цяперашнюю сытуацыю з рублём ён называе часовай і прагназуе, што да канца году даляр будзе каштаваць каля 10 тысяч рублёў.

«Мы яшчэ не пачалі пагашэньне зьнешніх пазыкаў, а іх трэба пагашаць. Стабілізацыя зьвязаная з тым, што пакуль не пачаліся плацяжы па пазыках па лініі камэрцыйных банкаў, па лініі Міністэрства фінансаў, Нацбанку. Беларусь у сукупнасьці мусіць сплаціць у гэтым годзе каля 8 мільярдаў. Таму патрэбныя крэдыты, каб плаціць, таму ж МВФ мы вінныя вялікую суму»,

У прадстаўніцтве МВФ у Беларусі паведамілі, што па выніках працы місіі 5 сакавіка пройдзе прэсавая канфэрэнцыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG