Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве апублікаваны падрабязны сьпіс былых гэбістаў



Цэнтар дасьледаваньняў генацыду і рэзыстэнцыі жыхароў Літвы апублікаваў падрабязны сьпіс былых афіцэраў запасу КГБ. У ім — 238 прозьвішчаў.

«Мы сабралі ўсё, што маем, усё, што знайшлі», — паведаміла генэральны дырэктар цэнтру Біруце Бураўскайце.

У інтэрнэце можна пабачыць і асабістыя справы некаторых былых гэбістаў. Паводле Б.Бураўскайце, у будучыні будуць апублікаваныя справы іншых супрацоўнікаў, яны ўжо скануюцца і выстаўляюцца ў інтэрнэт.
У апублікаваным сьпісе ўжо адсканаваныя справы былога кіраўніка Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Арвідаса Поцюса і былога міністра замежных справаў Антанаса Валёніса.

«Мы пачалі ад справаў асобаў, якія яшчэ працягваюць сваю дзейнасьць. Мы стараемся сабраць усё, аднак ня маем для гэтай задачы дастаткова працаўнікоў — перад публікацыяй яшчэ трэба праверыць, ці тыя асобы раней не паведамлялі пра сваё мінулае», — кажа кіраўніца цэнтру Б.Бураўскайце.

З справы былога кіраўніка ДДБ можна даведацца, што ён пераведзены ў запас КГБ у 1989 годзе. Перад гэтым ён і ягоныя блізкія прайшлі «поўную спэцправерку», кампрамату ня знойдзена.

А.Поцюс як малады сьледчы розных пракуратураў характарызуецца станоўча — як «палітычна адукаваны», «маральна ўстойлівы», «актыўна ўдзельнічае ў прапагандзе савецкага правапарадку».

Паводле характарыстыкі, А.Валёніс «прыкладае шмат намаганьняў пры вывучэньні першакрыніцаў марксізму-ленінізму» і «верны ідэалам партыі»

З аднаго дакумэнту відаць, што А.Поцюс пераведзены ў запас КГБ з звычайнага вайсковага ўліку, калі прыехаў працаваць у Шакяй. Паводле дакумэнту, там ён хацеў устаць на вайсковы ўлік, адна яму было сказана, што пракуроры мусяць стаць на ўлік КГБ. Дзеля гэтага сам А.Поцюс зьвярнуўся ў мясцовы аддзел КГБ. Яго было вырашана «выкарыстаць як сьледчага ў структурах вайсковай контравыведкі».

Тым часам А.Валёніс, як вынікае з апублікаванай справы КГБ, выявіў схільнасьць і здольнасьці да палітычнай працы.

«Вырашаючы задачы і ўкараняючы іх на практыцы, прадэманстраваў добрыя веды навучальных прадметаў. Палітычна адукаваны. Здольны добра аналізаваць, правільна ацэньваць падзеі. Атрымаў практычныя навыкі запаўненьня апэратыўных дакумэнтаў. Падчас збораў актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці калектыву (...) Правільна арыентуецца ў міжнароднай абстаноўцы. Любіць кантактаваць зь людзьмі, спакойны, ветлівы. (...) У ваеннай абстаноўцы можа быць выкарыстаны ў апэратыўнай працы на пасадзе старшага апэратыўнага ўпаўнаважанага», — так пісаў пра А.Валёніса пасьля арганізаваных у 1982 годзе вучэбных збораў КГБ ягоны начальнік падпалкоўнік В.Масквін.

Паводле характарыстыкі, якую выдаў савецкім спэцслужбам Таўрагскі раённы камітэт кампартыі Літвы, А.Валёніс «прыкладае шмат намаганьняў пры вывучэньні першакрыніцаў марксізму-ленінізму» і «верны ідэалам партыі».

У справе зазначаецца, што А.Валёніс ад сьнежня 1979 году быў старшым лейтэнантам, а ад 1984 году — капітанам.

У 2005 годзе спэцыяльная камісія Сойму правяла парлямэнцкае расьсьледаваньне ў справе пераводу ў запас КГБ А.Поцюса, А.Валёніса і тагачаснага віцэ-старшыні Сойму Альфрэдаса Пякялюнаса. Аднак у сьпісе запасьнікоў, апублікаваным сёлета ў лютым, прозьвішча А.Пякялюнаса няма.

У сьпісе ёсьць таксама як найменей два прозьвішчы судзьдзяў — Эдмундас Інакайціс і Валянцінас Яноніс. Пршы — былы намесьнік старшыні Ковенскага гарадзкога акруговага суду, цяпер працуе звычайным судзьдзём. Другі — судзьдзя Клайпедзкага акруговага суду.

У справе зазначаецца, што В.Яноніс з 1987 году працаваў старшынём няроднага суду Радвіліскага раёну. У сьпісе абодва судзьдзі фігуруюць як старшыя лейтэнанты.

«Здаецца, запасьнікі КГБ ня ўнесеныя ў сьпіс асобаў, да якіх стасуюцца абмежаваньні», — сказаў агенцтву BNS старшыня Найвышэйшага суду і Судзейскай рады Гінтарас Крыжавічус. Ён заявіў, што нічога ня ведае пра апублікаваны сьпіс і судзьдзяў, якія ў яго трапілі.

У чэрвені 2010 году Сойм прыняў папраўкі да Закону аб люстрацыі, паводле якіх Цэнтар дасьледаваньняў генацыду і рэзыстэнцыі абавязаны апублікаваць дакумэнты КГБ і такім чынам закончыць працэс люстрацыі.
XS
SM
MD
LG