Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская народная партыя заклікала да байкоту Чэмпіянату свету па хакеі — 2014 у Беларусі.

Найбуйнейшая партыя Эўрапарлямэнту патрабуе пазбавіць краіну права на правядзеньне ЧС, у адваротным выпадку заклікае хакейныя фэдэрацыі дэмакратычных краін сьвету байкатаваць гэтае мерапрыемства .

«Патрабуем, каб на наступным зьезьдзе Міжнароднай фэдэрацыі хакею, які адбудзецца ў маі ў Хэльсынкі, было прынята рашэньне аб пераносе Чэмпіянату сьвету-2014 у іншае месца да таго часу, пакуль Беларусь не здабудзе свабоду і годнасьць», — гаворыцца ў рэзалюцыі ЭНП, прынятай у лютым на палітычнай асамблеі партыі.

ЭНП — адна з найбуйнейшых партый Эўропы, яна прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Эўрапейскага зьвязу, а таксама ў Радзе Эўропы. Партыя ўключае нацыянальныя партыі з 39-ці краін. Яе сябрамі зьяўляюцца, да прыкладу, Ангела Мэркель, Нікаля Сарказі, Жазэ Мануэль Барозу, іншыя вядомыя палітыкі.

Раней за перанос чэмпіянату ў іншую краіну выступілі Кангрэс ЗША, амэрыканскі сэнатар-дэмакрат Дык Дэрбін, кіраўніцтва Эўразьвязу і Эўрапарлямэнту, сусьветна вядомы славацкі хакеіст Пэтэр Шцястны, былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал, драматург Том Стопард ды іншыя знаныя палітыкі, спартоўцы ды дзеячы культуры. У студзені прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль заявіў, што хакейная арганізацыя знаходзіцца ў баку ад палітычных дыскусій, і рашэньне, прынятае на пасяджэньні Рады і на Кангрэсе Фэдэрацыі, пераглядацца ня будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG