Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі дэпутат Гурскі: «Нашы ўлады мусяць зрабіць крок у адказ»


Артур Гурскі — дэпутат польскага парлямэнту, якога разам яшчэ зь пяцьцю калегамі беларускія ўлады 21 лютага не пусьцілі ў Беларусь, — сёньня ў эксклюзіўным інтэрвію «Свабодзе» пракамэнтаваў гэтую сытуацыю. Парлямэнтар найперш падкрэсьліў, што ўсе шэсьць дэпутатаў, якія ехалі ў Беларусь, — чальцы парлямэнцкай камісіі ў справах сувязяў з палякамі за мяжой:

«Вядома, што як польскія дэпутаты мы маем права рэалізоўваць сваё парлямэнцкае заданьне, якое выцякае з нашых статутных дакумэнтаў. А адна з задач нашай камісіі — сустрэчы з прадстаўнікамі польскай меншасьці за мяжой. Найперш з тымі, хто стала пражывае на „крэсах“ — у Літве, Беларусі, Украіне.

Падчас учорашняй паездкі мы спадзяваліся, што беларускія ўлады будуць паважаць нашыя дыпляматычныя пашпарты і ўпусьцяць нас на беларускую тэрыторыю. Аднак сталася інакш. Бальшыні чальцоў нашай дэлегацыі ў пашпарты паставілі пячатку „Ўезд забаронены“. І праўдападобна, што і ў будучыні мы ня зможам пераехаць беларускую мяжу.

Мы абураныя, што Беларусь парушае міжнародныя канвэнцыі, не паважае парлямэнцкі імунітэт. І гэта пераконвае нас, што Беларусь — не дэмакратычная дзяржава, што яна не шануе эўрапейскія стандарты. І пра які дыялёг тут можна казаць, калі нам нават адмовілі ў высьвятленьні гэтай сытуацыі?

З афіцыйнага тлумачэньня беларускага МЗС мы дазналіся, што нам трэба было прыехаць толькі на запрашэньне афіцыйных беларускіх дэпутатаў. Гэтым самым парушаецца наша дэпутацкае права і права міжнароднае. Напэўна, МЗС Польшчы ў гэтай справе запатрабуе тлумачэньняў. І мы спадзяемся, што калі беларускія ўлады так ставяцца да польскіх дэпутатаў, то і ўлады Польшчы мусяць зрабіць тое ж самае ў адказ. Гэта — дыпляматычная практыка. І беларускі бок мусіць лічыцца з такімі наступствамі. Мы не адступім ад падтрымкі нашых суайчыньнікаў за ўсходняй мяжой».

Кіраўнік польскіх дэпутатаў Адам Ліпіньскі кажа:

«Што да мэты візыту, дык мы перадусім хацелі на месцы паразмаўляць зь сябрамі Саюзу палякаў, былі заплянаваныя прынамсі дзьве-тры вялікія сустрэчы. Паразмаўляць пра праблемы, якіх усё болей. У тым ліку пра магчымую забарону замежнай дапамогі для Саюзу палякаў».

Кіраўніца аддзелу прэсавай службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына так пракамэнтавала інцыдэнт з польскімі дэпутатамі:

«Заплянаваны візыт дэлегацыі Сэйму Польшчы ў Беларусь не адбудзецца, паколькі ён кансьпіратыўны. Узьнікае пытаньне, які пазытыў для двухбаковых стасункаў Беларусі і Польшчы могуць прынесьці такія кансьпіратыўныя візыты, арганізацыя якіх яўна зьневажае прынцыпы ўзаемнага даверу, адкрытасьці і добрасуседзтва».

На думку прадстаўніцы МЗС, такога кшталту візыт мае адбывацца на запрашэньне ад парлямэнтараў Беларусі. А польскія дэпутаты ніякім чынам іх пра гэты візыт не папярэдзілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG