Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі пакутнік


Я пад моцным уражаньнем ад першага дня суду над Сяргеем Каваленкам. Пачуцьці зьмешаныя.

ПАКУТНІК. Фота аголенага зьнясіленага Каваленкі выклікала асацыяцыю з клясычным творам Тыцыяна «Сьвяты Сэбастыян». Перагледзела іншыя ўвасабленьні Сьвятога Сэбастыяна ад розных майстроў і пры зьнешнім падабенстве адну розьніцу адзначыла. Клясычныя пакутнікі глядзець у вышыню, зьвяртаюцца да Бога. Каваленка ці апускае галаву ці глядзіць на людзей. Што і лягічна – якое неба, які Бог у клетцы ў судовай залі. Але пачуцьцё пакутніцтва ад гэтага не зьмяншаецца.


РЭЖЫСЭР. Каваленка сам вядзе судовы працэс. Дзякуючы ягоным учынкам за першы дзень суду амаль не адбылося працэсуальных дзеяньняў. Фактычна Каваленку зь нежаданьнем падпарадкоўваюцца і маладыя судзьдзя і пракурор, і міліцыянты. Інтэлігентны Алесь Бяляцкі на судзе сам перакладаў хаду працэсу. Як у «Жоўным пясочку» Быкава вязьні самі штурхалі машыну, якая павязе іх на сьмерць. Будаўнік Каваленка, які сам за кратамі гаворыць збольшага па-расейску, робіць заўвагі перакладчыцы, школьнай настаўніцы беларускай мовы, і дамагаецца яе адводу і зьмены перакладчыка. Пасьпявае, як мне падалося, на пачатку паседжаньня, даць інструкцыі жонцы, і ягоная сям’я няспынна выклікае «хуткую дапамогу», патрабуючы шпіталізацыі палітвязьня. Працэс зацягваецца і становіцца ўсё больш з аднаго боку абсурдным, а з другога – драматычным.

БУДУЧАЯ АХВЯРА ПРАПАГАНДЫ. Рэзкія, экзальтаваныя паводзіны палітвязьня, напэўна, могуць скарыстаць афіцыйныя ідэолягі. Хочаце сьцягу? Хочаце беларускай мовы? Глядзіце, вось такія прыйдуць і навядуць свае парадкі.

НЕ ПАЛІТЫК. Каваленка – просты будаўнік зь Віцебску. Ён мае ідэю. Ён апантаны. Ён прагне экстрыму. Ён моцны. Ён любіць Беларусь і бел-чырвона-белы сьцяг. Ён вывешвае сьцягі. Ён лічыць гэта сваім пакліканьнем. Ён ня ўмее казаць прыгожых словаў, ня ведае, што такое дыпляматыя. Гэта ягоная сіла і ягоная слабасьць. Турэмнае пакараньне, якое яму пагражае, абсурднае. І ён змагаецца. Адзін. Як можа. Як умее.

ПРОСТА ГЕРОЙ, скажа нехта. БЛАЗАН, адкажа другі. Сяргей Каваленка – палітвязень сучаснай Беларусі. У ім сканцэнтравана ўсё цяперашняе беларускае – боль, адчай, тупік, агрэсія, супраціў, нянавісьць і надзея.

Надзея, што ён выйдзе з турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG