Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: прадпрымальнікі пагражаюць страйкам


Віктар Чайкоўскі

Віктар Чайкоўскі

Актывісты грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» сабралі больш як 400 подпісаў берасьцейскіх бізнэсоўцаў пад зваротам у абласны савет дэпутатаў з нагоды інфармацыі пра магчымае падвышэньне стаўкі адзінага падатку.

З ініцыятывай падвышэньня адзінага падатку для прадпрымальнікаў выступіла Міністэрства падаткаў і збораў у сярэдзіне студзеня. Кіраўнік берасьцейскай арганізацыі «Пэрспэктывы» Віктар Чайкоўскі апавёў, што гэта адразу ж выклікала хвалю абурэньня сярод індывідуальных прадпрымальнікаў:

«Міністэрства падаткаў і збораў давяло да абласных падатковых інспэкцый і рэкамэндуе абласным саветам дэпутатаў падвысіць стаўкі адзінага падатку для прадпрымальнікаў. Міністэрства гэта аргумэнтуе тым, што быццам бы ў прадпрымальнікаў павялічылася выручка. І гэта ў пэрыяд крызісу, калі афіцыйна прызнаецца, што гіпэрінфляцыя перавысіла 189 працэнтаў! Фактычна, сытуацыя катастрафічная, у прыватнасьці, на Берасьцейшчыне. Многія прадпрымальнікі не працуюць.

Тут варта прывесьці прыклад Украіны. У мільённых гарадах Адэсе і Харкаве прадпрымальнікі плацяць прыкладна 30 даляраў падатку. У Беларусі ж, на 6 квадратных мэтрах прадпрымальнікі плацяць адзіны падатак, каэфіцыент на імпартныя тавары і фіксаваны ПДВ на месяц уперад. Агулам у бліжэйшы час падатак будзе прыблізна 1 мільён 400 тысяч рублёў. Плюс — арэнда і плата ў фонд сацыяльнай абароны. Толькі каб стаяць на рынку ў Берасьці, прадпрымальніку трэба плаціць больш за два мільёны».

У звароце ў абласны савет дэпутатаў прадпрымальнікі пратэстуюць супраць ініцыятывы падвышэньня падатку. У адваротным выпадку, напісана ў звароце, «гэта ня пройдзе бяз жорсткай рэакцыі з боку грамадзтва, якая будзе выражацца ў стыхійных акцыях пратэсту, страйках і вулічных акцыях, якія ўжо ня раз і ня два мелі месца ў найноўшай гісторыі Беларусі».
XS
SM
MD
LG