Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прычыны агрэсіўнай рыторыкі Аляксандра Лукашэнкі на адрас Захаду?


У панядзелак, прымаючы даверчыя лісты ад амбасадараў, кіраўнік Беларусі выступіў з пагрозамі заходнім краінам. Што падштурхнула яго на такія заявы? Каму адрасавана гэтае пасланьне? Ці будзе яно мець практычныя наступствы?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Чаму Лукашэнка махае рукамі?


Валер Карбалевіч: «Здавалася б, нейкіх відавочных прычын для такой грознай рыторыкі Лукашэнкі няма. ЭЗ абяцае пашырэньне візавых санкцый. Але і прыхільнікі, і праціўнікі гэтых санкцый схіляюцца да высновы, што яны не працуюць. Тады адкуль такія заявы? Нашто махаць кулакамі?»

Аляксандар Класкоўскі: «Па-першае, відавочна, што праблема дачыненьняў з Захадам стрэмкай сядзіць у галаве кіраўніка Беларусі. Ёсьць і апэратыўная нагода: 27 лютага міністры замежных спраў краін ЭЗ будуць абмяркоўваць новыя візавыя санкцыі адносна Беларусі. Магчыма, што „чорны сьпіс“ пашыраць яшчэ на 135 асобаў.

Але найперш Лукашэнка скарыстаў нагоду для піяраўскай акцыі. Тэлегледачы ўбачылі, як ён рабіў галавамыйку амбасадарам, а тыя стаялі як памыямі аблітыя. Бо фармат мерапрыемства не дазваляе ім палемізаваць. І абывацель убачыў, як круты беларускі кіраўнік адчыхвосьціў Эўропу.

Магчыма, тут увогуле працуюць немудрагелістыя матывы. Кіраўніцтва Беларусі, мякка кажучы, не абцяжаранае палітэсам. Таму, калі ёсьць нагода пакуражыцца, то чаму б не пакуражыцца?»

Яўген Прэйгерман: «Гэта традыцыйны жанр Лукашэнкі, дзяжурная рыторыка. Мы пачулі тое, што ён звычайна кажа на адрас Захаду. Сапраўды, ня кожны дзень ён мае магчымасьць выступаць перад замежнымі амбасадарамі.

Па-другое, Беларусь уступіла ў парлямэнцкую кампанію. Рэйтынг Лукашэнкі, па апошніх дадзеных, крыху большы за 30%. Таму трэба з дапамогай жорсткасьці вярнуць грамадзкую падтрымку».

Класкоўскі: «Толькі адзін з прысутных на гэтай сустрэчы амбасадараў прэзэнтаваў ЭЗ. Гэта маленькі Люксэмбург. І гэта лішні раз падкрэсьлівае піяраўскі момант гэтага выступу. А абывацель бачыў, як Лукашэнка „чыхвосьціць“ усю Эўропу».

Каму адрасавана гэтае пасланьне?


Карбалевіч: «Каму ўсё ж найперш адрасаваны гэты мэсыдж? Лукашэнка хоча напужаць Захад? Гэта дэманстрацыя сілы ці што? Або гэта адрасавана ўнутранай аўдыторыі, у прыватнасьці, намэнклятуры? Маўляў, я вас абараняю. Можа, гэта пачатак прапагандысцкай кампаніі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў? Вось жа па БТ ідзе сэрыял пра вонкавых і ўнутраных ворагаў».

Прэйгерман: «Заявы былі найперш скіраваныя на ўнутранага спажыўца. У першую чаргу — на адрас той групы, якую да мінулага году мы называлі сталым электаратам Лукашэнкі. Гэта людзі, мала дасьведчаныя ў міжнародных справах.

Вось Лукашэнка кажа, што празь Беларусь ідзе вялікі транзыт у Эўропу, і таму, маўляў, ЭЗ залежыць ад супрацоўніцтва з нашай краінай. Але насамрэч менавіта Беларусь найбольш зацікаўленая ў гэтым транзыце. Мінулым годам таваразварот з ЭЗ павысіўся на 60%. І гэта дазволіла палепшыць сальда замежнагандлёвага балянсу. А абывацель бачыць толькі вонкавую карцінку».
Наўрад ці Лукашэнка пераймаецца, што яшчэ нейкіх чыноўнікаў улучаць у чорны сьпіс. Наадварот, чым большая кампанія, тым весялей.

Класкоўскі: «Згодзен, што галоўны адрасат — гэта ягоны электарат. Магчыма, таксама і намэнклятура. Ёй ён паказвае сваю моц. Але наўрад ці Лукашэнка пераймаецца, што яшчэ нейкіх чыноўнікаў улучаць у чорны сьпіс. Наадварот, чым большая кампанія, тым весялей. Падтэкстам ідзе ідэя: за намі Масква.

Трэці адрасат — ЭЗ. У апошніх прапагандысцкіх фільмах фігуравалі заходнія амбасады: Вялікай Брытаніі, Польшчы, ЗША. Шмат хто памятае выпадак дыпляматычнай вайны з ЗША ў 2008 годзе. Тады ў адказ на амэрыканскія санкцыі беларускі бок запатрабаваў скараціць склад амбасады ЗША з 35 да 5 супрацоўнікаў. І такую пагрозу эўрапейскія амбасады бачаць».

Ці будзе гэты выступ мець практычныя наступствы?


Карбалевіч: «Якія практычныя наступствы будуць мець гэтыя заявы? Што можа зрабіць у адказ на палітыку Захаду беларускі рэжым?»

Прэйгерман: «Ня думаю, што Менск хацеў бы сапраўднага абвастрэньня з Захадам. Першай ахвяраў пашырэньня канфлікту можа стаць беларуская апазыцыя і грамадзянская супольнасьць. Ня думаю, што справа дойдзе да канфлікту з заходнімі амбасадамі. Але нічога выключаць нельга.
Першай ахвяраў пашырэньня канфлікту можа стаць беларуская апазыцыя і грамадзянская супольнасьць.

Трэба мець на ўвазе, што, з аднаго боку, ЭЗ плянуе пашырэньне візавых санкцыяў. А зь іншага боку, ЭЗ распрацоўвае новую стратэгію дачыненьняў зь Беларусьсю „Дыялёг для мадэрнізацыі“. Дакумэнт прадугледжвае перамовы наконт будучага рэфармаваньня нашай краіны. МЗС Беларусі пазытыўна ставіцца да гэтай стратэгіі і нават гатовы ўдзельнічаць у гэтым праекце. Таму далей за піяр і рыторыку справа ня пойдзе».

Класкоўскі: «Гэта гульня нэрваў. Гэта сытуацыя, калі пагроза мацнейшая за выкананьне. Канечне, нейкія дробныя выпады на адрас заходніх амбасадараў і беларускай апазыцыі імаверныя. Аднак ня больш за тое. Эканамічныя санкцыі супраць заходніх фірмаў ня будуць ужывацца. Бо гэта бумэрангам ударыць па замежных інвэстыцыях.

Рэч у тым, што ў Брусэлі ёсьць пэўныя ваганьні наконт працягу жорсткай лініі адносна Беларусі. Менск падвышае стаўкі ў імаверным хуткім торгу з ЭЗ. Калі ЭЗ вернецца да тактыкі дыялёгу, беларускае кіраўніцтва скажа: вось мы прадэманстравалі цьвёрдасьць, і ЭЗ быў вымушаны пайсьці на саступкі».

Карбалевіч: «Магчыма гэта прапагандысцкая падрыхтоўка перад вызваленьнем палітвязьняў. Маўляў, мы іх вызваляем не пад ціскам Захаду, а з прычыны свайго прыроднага гуманізму».

Прэйгерман: «Цалкам верагодна. Апошнім часам рабіліся пэўныя намёкі на такі сцэнар. Гэта абсалютна адпавядае стылю Лукашэнкі».

Класкоўскі: «Нядаўна адбыўся візыт высокага эўрапейскага чыноўніка Віганда. Падаецца, што ёсьць нейкая схема выхаду з гэтага тупіку. Таму Менску важна магчымае вызваленьне падаць у выгадным сьвятле. Маўляў, мы не схіліліся, гэта ЭЗ пайшоў насустрач, а мы ў адказ зрабілі гуманны жэст».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG