Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскіх дэпутатаў не пусьцілі ў Беларусь


21 лютага ў Беларусь не ўпусьцілі шасьцярых чальцоў камісіі польскага Сэйму ў справах сувязяў з палякамі за мяжой, якія меліся наведаць Горадню і спаткацца з прадстаўнікамі Саюзу палякаў на Беларусі.

На памежным пераходзе «Брузгі» ім было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь. Па словах Андрэя Пачобута, беларускія памежнікі без тлумачэньня прычынаў паставілі ў дыпляматычныя пашпарты дэпутатаў пячатку «Уезд забаронены».

Камэнтуючы сытуацыю ў часе адмысловай прэсавай канфэрэнцыі ў Беластоку, старшыня камісіі Адам Ліпіньскі (партыя «Права і справядлівасьць») заявіў:

«Прычыны адмовы на ўезд у Беларусь нам невядомыя. Калі я запытаўся у памежніка пра гэта, дык той адказаў, што „не абавязаны тлумачыць прычыну адмовы“. І гэта ўсё. А што да мэты візыту, дык мы перадусім хацелі на месцы паразмаўляць з чальцамі Саюзу палякаў, былі заплянаваныя прынамсі дзьве-тры вялікія сустрэчы. Паразмаўляць пра праблемы, якіх усё болей. У тым ліку вядзецца пра магчымую забарону замежнай дапамогі для Саюзу палякаў».

Між тым паводле інфармацыі польскага радыё, сустрэча дэпутатаў з прадстаўнікамі СПБ усё ж мае адбыцца, але на польскім баку мяжы, куды прадстаўнікоў СПБ мае прывезьці гарадзенскі консул.

Кіраўніца аддзелу прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына пракамэнтавала інцыдэнт з польскімі дэпутатамі:

«Заплянаваны візыт дэлегацыі сэйму Польшчы ў Беларусь не адбудзецца, паколькі ёсьць кансьпіратыўным. Узьнікае пытаньне, які пазытыў для двухбаковых стасункаў Беларусі і Польшчы могуць прынесьці такія кансьпіратыўныя візыты, арганізацыя якіх яўна зьневажае прынцыпы ўзаемнага даверу, адкрытасьці і добрасуседзтва».

Паводле меркаваньня прадстаўніцы МЗС, такога кшталту візыт мае адбывацца па запрашэньні ад парлямэнтараў Беларусі. А польскія дэпутаты ніякім чынам іх пра гэты візыт не папярэдзілі, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

Андрэй Пачобут, старшыня галоўнай рады Саюзу палякаў, кажа, што ніякай кансьпірацыі пры падрыхтоўцы гэтага візыту не было:

«Каля сотні людзей чакалі на прыезд польскіх дэпутатаў у Горадні.

Я думаю, што тыя адносіны, якія ўлада апошнім часам дэманструе ў дачыненьні ня толькі Польшчы, але і Эўразьвязу, прыводзяць да такіх інцыдэнтаў. Думаю, што не падабаецца беларускім уладам, калі людзі непасрэдна на месцы атрымліваюць інфармацыю. Раней да нас прыяжджаў спадар Ліпіньскі, тры-чатыры разы быў у Беларусі па запрашэньні Саюзу палякаў. Яго то ўпускалі, но то не ўпускалі. Гэта проста чарговы сымптом таго, якія стасункі паміж нашымі дзяржавамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG