Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з найбольш рэпрэсіўных рэжымаў Эўропы ў дачыненьні да СМІ


Сёньня была абнародаваная штогадовая справаздача Камітэту абароны журналістаў – міжнароднай праваабарончай арганізацыі са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку.

У дакумэнце, які мае назву «Напады на прэсу ў сьвеце», адзначаецца, што рэпрэсіўныя ўрады, ваяўнікі і злачынныя групоўкі выкарыстоўваюць новыя і традыцыйныя мэтады кантролю над інфармацыяй, каб хаваць злачынствы, заглушаць голас апазыцыі і пазбаўляць грамадзян іх правоў. Адзначаюцца масавыя парушэньні правоў журналістаў у Сырыі, Беларусі, Азэрбайджане і іншых краінах.

Усяго ў сьвеце летась былі забітыя, паводле зьвестак Камітэту, 46 журналістаў.

У разьдзеле дакладу, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца, што пасьля фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у 2010 годзе аўтарытарны лідэр Аляксандар Лукашэнка абрынуў дзьве хвалі рэпрэсій на крытыкаў і палітычных апанэнтаў – у пачатку году і летам. КДБ і міліцыя праводзілі рэйды ў офісах незалежных інфармацыйных каналаў і ў дамах журналістаў, канфіскоўвалі рэпартэрскае абсталяваньне і саджалі ў турму незалежных журналістаў.

Палітызаваныя суды прысудзілі журналістаў Ірыну Халіп і Андрэя Пачобута да турэмнага зьняволеньня ўмоўна. Міліцыя ўжывала грубую сілу ў дачыненьні да журналістаў, якія асьвятлялі агульнанацыянальныя антыўрадавыя пратэсты. Крытычна настроеныя інфармацыйныя вэб-сайты зазналі шматлікія інтэрнэт-напады, а таксама блякаваліся афіцыйна. Падазроная гібель ў 2010 годзе Алега Бябеніна, заснавальніка апазыцыйнага навінавага вэб-сайту «Хартыя'97» засталася нерасьследаванай. З прычыны эканамічнага крызісу ў краіне Лукашэнка паабяцаў вызваліць з турмаў сваіх крытыкаў у абмен на зьняцьце Эўразьвязам гандлёвых санкцый і візавых абмежаваньняў. За год рэпрэсій супраць журналістаў адміністрацыя Лукашэнкі ўмацавала сваю рэпутацыю аднаго з найбольш рэпрэсіўных рэжымаў Эўропы ў дачыненьні да СМІ.

У справаздачы Камітэту абароны журналістаў прыводзяцца лічбы, якія характарызуюць сытуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі:

2 сайты занесеныя ў «чорны сьпіс»

39 дзён правяла ў турме галоўны рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна

108 дзён агенты КДБ дзяжурылі ў доме журналісткі Ірыны Халіп

95 журналістаў былі арыштаваныя летам 2011 году

114 адзінак абсталяваньня было канфіскавана ў журналістаў у 2011 годзе
XS
SM
MD
LG