Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарскі бізнэсовец ня бачыць перашкодаў для супрацы з Лукашэнкам


Электрычка FLIRT пад беларускім сьнегам

Электрычка FLIRT пад беларускім сьнегам

Пэтэр Шпюлер, швайцарскі парлямэнтар ад Народнай партыі (SVP), якая ў сваёй палітыцы прытрымліваецца правага папулізму і заваёўвае што далей то болей галасоў выбаршчыкаў, усё часьцей стаў выказваць левыя сымпатыі. Прычым, як падкрэсьліваюць швайцарскія СМІ, без сарказму. Свае захапленьні без сумневу «левым» Лукашэнкам Шпюлер выказвае як прэзыдэнт кампаніі «Stadler Rail Group» – найбуйнейшага ў Швайцарыі вытворцы чыгуначнай тэхнікі.

Электрычкі кампаніі пад назвай FLIRT (Fast Light Innovative Regional Train) пачалі хадзіць па Менску і навакольлі ад студзеня 2011 году. Неўзабаве Stadler FLIRT будуць таксама курсіраваць і паміж беларускімі гарадамі.

Узгадваючы мінулагодні старт праекту ў Менску, Петэр Шпюлер распавёў швайцарскім журналістам, якое станоўчае ўражаньне зрабіў на яго беларускі прэзыдэнт: Лукашэнка прыйшоў на адкрыцьцё безь целаахоўнікаў і адказваў на ўсе, нават самыя крытычныя пытаньні прадстаўнікоў прэсы. Добрае ўражаньне зрабіў на Шпюлера і Менск, «у параўнаньні з Масквой – вельмі чысты горад».

Кіраўнік «Stadler Rail Group» назваў Беларусь, Казахстан, Расею, ЗША і Індыю «рынкамі, якія растуць». Кампанія выйграла міжнародны тэндэр на пастаўку ў Беларусь электрычак FLIRT неўзабаве пасьля адпачынку Лукашэнкі ў швайцарскіх Альпах. 30 сакавіка 2010 году было заключанае пагадненьне зь Беларускай чыгункай аб пастаўках 10 саставаў. Тэрміны кантракту зь Беларусьсю беспрэцэдэнтныя – за такі кароткі час швайцарскія цягнікі яшчэ не пастаўляліся ў ніводную краіну сьвету.

Петэр Шпюлер адрынае крытыку мясцовых ды эўрапейскіх журналістаў наконт супрацоўніцтва з дыктатарскім рэжымам. Ён падкрэсьлівае, што ані Швайцарыя, ані ЭЗ не перапынялі дыпляматычных стасункаў зь Менскам. «Stadler Rail Group» не парушыла аніякіх палажэньняў пра санкцыі або эмбарга. Так, Лукашэнка і шэраг яго чыноўнікаў названыя неўязнымі ў ЭЗ і ЗША. Аднак сярод беларускіх партнэраў кампаніі няма ніводнага, хто б належаў да так званых «чорных сьпісаў». Шпюлер спадзяецца, што перадача перадавых тэхналёгіяў спрыяе дэмакратызацыі, бо гэта найперш патрэбна людзям Беларусі. З прычыны свайго цяперашняга фінансавага становішча Беларусь, вядома, краіна мала прывабная. Аднак «Stadler» бярэ ўдзел і ў тэндэрах Вугоршчыны, хоць тая і лічыцца банкрутам. Галоўнае, каб на праект было фінансаваньне.
XS
SM
MD
LG