Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Стахаевіч: З працы вывелі пад канвоем


Алега Стахаевіча (у цэнтры) ахоўнік выводзіць з прадпрыемства пасьля звальненьня. Паперадзе — сакратар незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Анатоль Літвінка.

Алега Стахаевіча (у цэнтры) ахоўнік выводзіць з прадпрыемства пасьля звальненьня. Паперадзе — сакратар незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Анатоль Літвінка.

Кіраўнік незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Алег Стахаевіч афіцыйна звольнены. За Стахаевіча заступіўся кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін, а рабочыя выказалі пратэст і пагражаюць забастоўкай.

20 лютага Алег Стахаевіч быў азнаёмлены з загадам аб звальненьні і атрымаў працоўную кніжку. Цяпер ён беспрацоўны. Кажа, што яго звольнілі незаконна:

«Я быў звольнены незаконна, бо мяне з загадам азнаёмілі сёньня, 20 лютага, а на прадпрыемства не пускалі ўжо зь мінулай пятніцы. Мяне фактычна пад канвоем вывелі з працоўнага месца. Нават міліцыя прыехала».

Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін выказаўся ў падтрымку Алега Стахаевіча. Ён накіраваў ліст выканаўцу абавязкаў генэральнага дырэктара «Граніту» Эдуарду Гаўрылковічу. У лісьце Мікалай Зімін адзначае, што пры звальненьні зафіксаваныя парушэньні. У прыватнасьці, як піша Зімін, Стахаевіча своечасова не азнаёмілі з загадам аб звальненьні, яму адмовілі ў пераводзе на іншую працу. Акрамя таго, пра звальненьне не паведамілі Беларускаму незалежнаму прафсаюзу. Таму прафсаюзны лідэр патрабуе неадкладна аднавіць Алега Стахаевіча на працы.

Звальненьне Стахаевіча выклікала абурэньне сярод ягоных калегаў. Адразу ж пасьля таго, як кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу вывелі за вароты, каля 20 кіроўцаў самазвалаў адмовіліся працаваць на аўтамабілях зь няспраўнасьцямі.

Аднаго з працоўных, які папрасіў не называць свайго імя, сёньня за гэта выклікалі ў кабінэт гендырэктара:

«Выклікалі мяне з-за таго, што я быццам учыніў сабатаж у начную зьмену. Побач сядзелі людзі ў цывільным, наш начальнік міліцыі, мэр прысутнічаў і яшчэ пару чалавек. Яны пачалі мне «ўціраць» тое, што я арганізаваў сабатаж — „італьянскую забастоўку“».

Падчас гэтага выкліку рабочага папярэдзілі, каб ён болей такога не рабіў. А пра незалежны прафсаюз яму распавялі, што гэта — «палітычныя гульні». Сам жа рабочы кажа, што ён страйку не арганізоўваў, бо кіроўцы самазвалаў самі не захацелі працаваць на аўтамабілях зь няспраўнасьцямі.

Рабочыя «Граніту» чакаюць рэакцыі начальства на папярэджаньне аб страйку.

Рабочыя «Граніту» чакаюць рэакцыі начальства на папярэджаньне аб страйку.


У адказ на звальненьне Алега Стахаевіча ў панядзелак 28 рабочых накіравалі кіраўніцтву ліст з папярэджаньнем пра магчымы страйк «з поўным спыненьнем прадпрыемства». У лісьце працоўныя выклалі і свае патрабаваньні, у выпадку невыкананьня якіх адбудзецца гэты страйк. Сярод іх — спыніць дыскрымінацыю незалежнага прафсаюзу, аднавіць на працы Алега Стахаевіча і даць незалежнаму прафсаюзу памяшканьне на прадпрыемстве.

У рэдакцыю «Свабоды» даслалі відэа зь Мікашэвічаў, на якім бачна, як працоўныя ў калідорах прадпрыемства патрабуюць ад выконваючага абавязкі генэральнага дырэктара «Граніту» Эдуарда Гаўрылковіча прадаставіць памяшканьне для незалежнага прафсаюзу. Гаўрылковіч (невысокі мужчына) не адказвае, ідзе ад працоўных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG