Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра свае ўражаньні ад паездкі ў Беларусь піша ў двух артыкулах у Le Monde журналіст Пётар Смоляр.

Пасьля вяртаньня ў Крэмль Уладзімер Пуцін мае намер рэалізаваць вельмі спрэчны геапалітычны праект Эўразійскага саюзу, з дапамогай якога Расея плянуе ўмацаваць сваю сфэру ўплыву і навязаць постсавецкай прасторы свой выбар у пытаньнях бясьпекі і зьнешняй палітыкі.

Відавочным наступствам гэтага манэўру зьяўляецца прывязка Беларусі да Расеі: для Масквы, заклапочанай пагрозай «аранжавай рэвалюцыі», гэтая краіна – важная карта ў гульні вялікіх дзяржаваў, таму ў лістападзе 2011 году Расея прыйшла на дапамогу абяскроўленаму суседу, даўшы зьніжку на газ і крэдыт 10 млрд. даляраў, а наўзамен дамогшыся права для «Газпрому» ў абмен на 2,5 млрд. даляраў узяць пад свой кантроль увесь «Белтрансгаз» і тым самым – транзыт расейскага газу празь Беларусь у Эўропу.

Нязначныя сыгналы ў бок ЭЗ носяць чыста тактычны характар, – перакананы эўрапейскі дыплямат, які працуе ў Менску. – Лукашэнка нас ненавідзіць. Гэта гома саветыкус.

Тым ня менш, такі прыток расейскіх крэдытаў не вырашае структурныя праблемы Беларусі, а многія экспэрты мяркуюць, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі Лукашэнка можа зноў пачаць манэўраваць паміж Брусэлем і Масквой, гуляючы з кожным у спадзяваньні атрымаць ад іншага больш. «Нязначныя сыгналы ў бок ЭЗ носяць чыста тактычны характар, – перакананы эўрапейскі дыплямат, які працуе ў Менску. – Лукашэнка нас ненавідзіць. Гэта гома саветыкус». Адзіным рэальным актам непадпарадкаваньня Менску Маскве стала адмова прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, у астатнім жа, нягледзячы на варожасьць паміж Лукашэнкам і Пуціным, Менск схіляецца да свайго вялікага суседа.

Беларускі цуд доўга трымаў ва ўладзе сваіх чараў большасьць насельніцтва. Імя яму было «стабільнасьць». Перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі рэжым вырашыў шчодра павысіць зарплаты і пэнсіі. Гэты папулісцкі манэўр у дзяржаве з пустой казной і адсталай эканомікай згуляў ролю іскры, якая ўспыхнула на парахавой бочцы. У сакавіку пачалося падзеньне курсу беларускага рубля. Замест таго, каб зьмірыцца з дэвальвацыяй, рэжым упарціўся ў адмове прызнаваць факты. Вынікам гэтага стала паніка ў абменных пунктах, рэзкае скарачэньне валютных рэзэрваў. На думку беларускага эканаміста Сяргея Чалага «на працягу сямі месяцаў, да верасьня 2011 году, мы знаходзіліся ў пэрыядзе вялікага адміністрацыйнага глупства. Калі трэба было як мага хутчэй перайсьці да плаваючага курсу рубля, улады доўга падтрымлівалі штучны курс, каб пазьбегнуць абвалу рэальных даходаў насельніцтва. Потым мы вярнуліся ў рэальнасьць, да нашай неэфэктыўнай эканомікі. Сярэдні заробак 300 даляраў – гэта максымум магчымага. Больш нельга губляць час, неабходныя радыкальныя меры».

Беларусь нагадвае наркамана: яна ліхаманкава вымольвае сваю дозу крэдытаў.

Гэтаму вяртаньню ў рэальнасьць спрыяў шчодры і зацікаўлены партнэр – Расея. Беларусь нагадвае наркамана: яна ліхаманкава вымольвае сваю дозу крэдытаў. Гэтыя грошы ўжо не ратуюць, яны дапамагаюць перажыць дзень, не зьмяняючы умоваў яе павольнага разлажэньня.

Нядаўна прадстаўнік МВФ у Мінску са зьдзіўленьнем адгукнулася на афіцыйныя прагнозы эканамічнага росту на 2012 год (5,5%). Гэта была ветлівая форма нагадваньня, што лічбы больш упартыя, чым беларускія кіраўнікі, і сьвяту прыйшоў канец. Урад падрыхтаваў сьпіс прадпрыемстваў для прыватызацыі на суму 2,5 млрд. даляраў. Продаж «фамільных каштоўнасьцяў» працягваецца, аб заўтрашнім дні ніхто не задумваецца.

У грамадзтве дамінуе думка аб тым, каб зьехаць, усё роўна куды, пажадана ў Расею; маладыя бізнэсоўцы, якія стаміліся ад бюракратычнай сквапнасьці, таксама аддаюць перавагу таму, каб перасяляцца па іншы бок мяжы. Са словаў аналітыка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніса Мельянцова, у Магілёве ёсьць спэцыяльныя месцы, дзе набіраюць брыгады працоўных у Расею. Улада задаволеная: гэтыя работнікі пасылаюць грошы сем'ям, якія засталіся ў Беларусі, і пры гэтым ня ўдзельнічаюць у маніфэстацыях.

Трэба будзе фінансаваць сельгасработы, але грошай няма, іх давядзецца надрукаваць.

Беларуская сыстэма мае патрэбу ў тэрміновым рэфармаваньні, перакананы прадпрымальнік Андрэй Карпунін. «Праблема ня ў тым, хто будзе намі кіраваць, Лукашэнка ці які-небудзь Пукашэнка. Над прадпрыемствамі стаяць 80 розных кантралюючых органаў. Калі яны ўжываюць сілу, то гэта органы бясьпекі. Калі яны ўсьміхаюцца, то гэта падатковая служба. Праўда, зараз спакайней, чым тры гады таму, калі існаваў выразны плян канфіскацыі ў кожнага прадпрыемства 10% прыбытку». На думку Карпуніна, увесну краіну чакае новы віток інфляцыі: «Трэба будзе фінансаваць сельгасработы, але грошай няма, іх давядзецца надрукаваць».

Рэжым культывуе імідж інфантыльнага, добрага і вясковага народу, які прытрымліваецца сваіх традыцый, зямлі і каштоўнасьцяў. Аляксандр Лукашэнка – дырэктар гэтага вялікага калгасу, а грамадзяне – чальцы гэтага калгасу. Беларускі рэжым пераадолеў камуністычную стадыю, захаваўшы ад яе дзяржаўнае рэгуляваньне, кантроль над масамі і вуліцы з савецкімі назвамі. На кожным заводзе, у кожным калгасе, у кожнай адміністрацыі ў начальніка ёсьць намесьнік, які адказвае за ідэалягічную працу. Але ніякай ідэалёгіі няма. Іх задача – выяўляць актывістаў, парушальнікаў спакою.
XS
SM
MD
LG