Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады абвінавачваюць амбасаду ЗША ў Беларусі ў тым, што яна нібыта «ў парушэньне беларускіх законаў і Вэнскай канвэнцыі» стварыла мабільную групу офісу бясьпекі амбасады. Гэтая група займалася аховай амбасады. Пра гэта гаворыцца ў чарговым «журналісцкім» расьсьледаваньні «Вялікі брат», паказаным на тэлеканале «Беларусь-1» 19 лютага.

У тэлефільме «Вялікі брат» прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што амэрыканская амбасада «пачала ствараць нейкія мабільныя начныя патрулі зь ліку беларускіх грамадзянаў, апранаць іх у ваенізаваную форму». Тут жа былі паказаныя кадры апэратыўных здымак, як іх затрымліваюць міліцыянты ў доме насупраць амбасады. Згадваюцца падзеі 2008 году, калі афіцыйны Менск абвінаваціў амбасаду ЗША ў стварэньні «шпіёнскай сеткі» на чале з Куртам Фінлі. Тады ж Беларусь пакінуў шэраг амэрыканскіх дыпляматаў. Далей у фільме сьцьвярджаецца:

«Праз тры гады справа Фінлі зноў квітнела. У меншых маштабах, але ўсё гэтак жа незаконна. Цяпер у яе ўжо тры куратары. Ад амэрыканскага боку — Крысьціна Пуц, з нашых суайчыньнікаў — Натальля Максімовіч і Алег Васілевіч».

Паводле Андрэя Савіных, упершыню «сур’ёзная размова» з прадстаўнікамі амбасады была ў 2008 годзе:

«Трэба адзначыць, што прадстаўнікі амбасады з прававымі ацэнкамі беларускага боку поўнасьцю пагадзіліся. І на даволі працяглы час мы забыліся пра лятучыя мабільныя атрады па ахове амэрыканскай амбасады. На вялікі жаль, гісторыя паўтарылася ў 2011 годзе».

Амэрыканскаму боку слова ў фільме БТ не даецца. Тры гады таму, калі БТ таксама «выкрывала» амэрыканскую амбасаду, прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі заявіў, што абвінавачаньні зь беларускага боку на адрас амбасады ЗША ў шпіянажы — «ілжывыя і беспадстаўныя, і ўяўляюць сабой слабое апраўданьне для скарачэньня нашага пэрсаналу». Паводле Тома Кейсі, «улады Беларусі знаходзяць любыя апраўданьні, каб спрабаваць адцягнуць увагу ад таго, што ёсьць сапраўднай праблемай».

Цяпер атрымаць камэнтар на фільм «Вялікі брат» у амбасадзе ЗША не ўдалося, бо там выходны дзень з нагоды дзяржаўнага сьвята.

«Гэта трэба расцэньваць як журналісцкае расьсьледаваньне», — так адрэагавала на паказаны па БТ фільм намесьніца начальніка ўправы інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.

Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што камэнтаваць інфармацыю, пададзеную праз афіцыйны тэлеканал, даволі складана:

«Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці? На жаль, БТ далёка не заўсёды кажа праўду, што вельмі прыкра. Таму я не магу камэнтаваць, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці. А тое, што ў нас са Злучанымі Штатамі стасункі дрэнныя, гэта відавочна. Цяпер, я не выключаю, што афіцыйны Менск нейкім чынам спрабуе сапсаваць імідж ЗША ў вачах беларускага насельніцтва вось такім шляхам. Больш-менш прыватнымі дзеяньнямі. Тут трэба разьбірацца, пачуць і другі бок».
Гэта спрацоўвае толькі для фанатаў клюбу імя Лукашэнкі.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька бачыць падаплёку стварэньня такіх фільмаў на БТ у тым, што «Вашынгтон займае вельмі жорсткую, прынцыповую пазыцыю адносна афіцыйнага Менску і ў значнай ступені аказвае ўплыў на фармаваньне такой жа пазыцыі Брусэлем»:

«Па-другое, беларускія ўлады лічаць, што калі ёсьць ворагі ўнутраныя і зьнешнія, то гэта дае мажлівасьць лягчэй пераносіць эканамічны, сацыяльны крызіс. Лепш закамуфляваць рэальныя праблемы, якія сёньня ёсьць пад гэтай тэмай ворагаў, якія ёсьць і супраць якіх трэба весьці вайну. Гэта старая стратэгія. Яна больш-менш спрацоўвае, калі сытуацыя ў краіне стабільная. Але сёньня рэакцыя на такога кшталту фільмы, якія абвінавачваюць людзей унутры краіны і за яе межамі, што яны ўва ўсім вінаватыя, гэта спрацоўвае толькі для фанатаў клюбу імя Лукашэнкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG