Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хімзавод у Дружным працуе без кантролю грамадзкасьці


Акцыя пратэсту супраць будаўніцтва хімпрадпрыемства ў пасёлку Дружны, вясна 2008 году.

Акцыя пратэсту супраць будаўніцтва хімпрадпрыемства ў пасёлку Дружны, вясна 2008 году.

Падчас наведваньня заводу ядахімікатаў расейскага прыватнага прадпрыемства «Август-Бел» у Пухавіцкім раёне Аляксандар Лукашэнка загадаў выдзеліць дадатковыя тэрыторыі для новых вытворчых магутнасьцяў. Мясцовыя жыхары заяўляюць, што расейскі хімзавод працуе побач зь іхнымі паселішчамі ва ўмовах засакрэчанасьці, і не выключаюць пратэстаў у зьвязку з пашырэньнем шкоднай вытворчасьці.

Масавыя акцыі пратэсту жыхароў пасёлкаў Дружны і Сьвіслач Пухавіцкага раёну супраць будаўніцтва расейскага заводу ядахімікатаў праходзілі падчас ягонага будаўніцтва ў 2008 годзе. Звальняючы, штрафуючы і арыштоўваючы актывістаў, улады пратэст спынілі, і ў 2009 годзе хімзавод распачаў дзейнасьць. Вынікі яе мясцовыя жыхары ўжо адчулі: здароўе пачало пагаршацца, кажа жыхарка Дружнага Ала Даніленка:

«Мы на сабе гэта адчуваем: па вечарах млявасьць, нават рвота бывае. Людзі, якія працуюць на ТЭЦ, а гэта побач, кажуць, што яны штосьці выліваюць за агароджу. Тару выкінулі на звалку каля балота, а гэта ўсё трапляе ў глебу, у ваду. Я размаўляла зь дзіцячым доктарам, і яна сказала, што алергіі ў дзяцей павялічыліся ў шмат разоў. Я пайшла да галоўнага ўрача паліклінікі, а яна мне кажа — я вам ніякай інфармацыі ня дам».
Я размаўляла зь дзіцячым доктарам, і яна сказала, што алергіі ў дзяцей павялічыліся ў шмат разоў.

Засакрэчанасьць — адна з галоўных асаблівасьцяў працы расейскага хімічнага заводу. Якія ядахімікаты вырабляе прадпрыемства, што адбываецца з адкідамі і ці выконваюцца тэхналёгіі бясшкоднай вытворчасьці, ня ведаюць ня толькі жыхары і грамадзкія актывісты, але нават дэпутаты мясцовага савету. Гаворыць адна зь іх, Натальля Рышар, якая ў свой час таксама брала ўдзел у акцыях пратэсту:

«Усё мясцовае насельніцтва супраць таго, каб гэты завод працаваў. Бо пачалі заўважаць, што пахі непрыемныя на вуліцы ў пасёлку Дружны і Сьвіслач. А хто скажа, адкуль гэты пах? Іншым разам прыяжджаеш на працу, і пачынаецца кашаль. Адкуль гэты кашаль — ніхто нічога ня ведае».

Карэспандэнтка: «Вы як дэпутат ці спрабавалі пісаць запыты на прадпрыемства ці ў адміністрацыю Пухавіцкага раёну?»

«Не, а што толку? Я ўжо ведаю, што мне адкажуць. Была аднойчы сэсія пасялковага савету, і я задавала пытаньне адносна гэтага прадпрыемства. А мне адказалі: „Ну што яно вам замінае?“ — і ўсё».

Старшыня Менскай абласной арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Абразоўскі, жыхар пасёлку Сьвіслач, браў актыўны ўдзел у змаганьні супраць будоўлі расейскага хімзаводу і цяпер ведае аб пратэстных настроях месьцічаў. Не выключае, што, не зважаючы на ціск і запалохваньні, пры пашырэньні заводу супрацьстаяньне з уладамі адновіцца:
Калі мы зьвярталіся ў санітарныя службы, іншыя інстанцыі, то нам адказвалі — дакажыце, што ў іх гэта здарылася.

«Улады як жылі адасоблена ад народу, так і працягваюць жыць. Так, на гэтым заводзе, які працуе ўжо другі год, ніхто ня ведае, што на ім творыцца. Ведаем толькі па нейкіх чутках, што там увесь час адбываюцца нейкія тэхналягічныя здарэньні. Калі мы зьвярталіся ў санітарныя службы, іншыя інстанцыі, то нам адказвалі — дакажыце, што ў іх гэта здарылася. Але ж гэта ня наша задача даказваць, а задача ўладаў — кантраляваць, каб на такіх прадпрыемствах нічога не здаралася. Я не выключаю, што пратэсты пачнуцца і ў самы бліжэйшы час, бо людзі разумеюць, што гэта за сабой пацягне».

Паводле Сяргея Абразоўскага, грамадзкія актывісты маюць намер аб’яднацца ў сваіх пратэстах з жыхарамі пасёлку Смалявічы, дзе заплянавана будаўніцтва кітайскай прамысловай зоны.
XS
SM
MD
LG