Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі на рэфэрэндуме амаль 75% выбарцаў прагаласавала супраць афіцыйнага двухмоўя, то бок супраць таго, каб надаць расейскай мове статус другой дзяржаўнай.

Такім чынам, латыская і надалей будзе ў краіне адзінай дзяржаўнай мовай. І нават калі б 290 тысяч жыхароў Латвіі, якія ня маюць права голасу як неграмадзяне краіны, прагаласавалі «за», прыхільнікі адзінай дзяржаўнай латыскай мовы засталіся б у абсалютнай большасьці. Як беларускія лінгвісты і грамадзкія дзеячы ацэньваюць вынікі моўнага рэфэрэндуму ў Латвіі.



Адзіным рэгіёнам, дзе большасьць прагаласавала за дзьвюхмоўе, стала Латгалія — рэгіён, які мяжуе зь Беларусьсю і дзе да пачатку 20-га стагодзьдзя панавала беларуская мова. Нават у сталіцы Латвіі Рызе, дзе расейскамоўнае насельніцтва складае большасьць, 60% выбарцаў прагаласавалі супраць афіцыйнага дзьвюхмоўя.

Старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава вынікі рэфэрэндуму не зьдзівілі:

Алег Трусаў

Алег Трусаў

​«Я чакаў гэтага выніку і вельмі рады за латышоў, што яны паставілі на месца ўсю гэтую пятую калёну, якая фінансавалася з Масквы. Пасьля гэтага ўсе аргумэнты будуць бітыя ў гэтай пятай калёне: «Адбыўся рэфэрэндум! Вы хацелі? Атрымалі. Вучыце латыскую мову!» Можна толькі павіншаваць усіх грамадзянаў Латвіі, незалежна ад нацыянальнасьці, рэлігіі«.

Дарэчы, сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» таксама заклікалі падтрымаць латыскую мову як адзіную дзяржаўную.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец кажа, што вынікі рэфэрэндуму былі прадказальныя. Бо амаль 300 тысяч жыхароў Латвіі ня мелі права голасу як неграмадзяне краіны. І ўрад Латвіі, на думку спадара Чаргінца, павінен рабіць высновы:

Мікалай Чаргінец

Мікалай Чаргінец

"Трэба не заганяць усіх тых, хто зьяўляецца неграмадзянамі, у людзей трэцяга гатунку. У рэшце рэшт, гэта ўжо і ў Эўропе пачалі разумець. Нягожа, што значная частка насельніцтва краіны зьяўляецца неграмадзянамі Латвіі. І ўсё зводзіцца ў асноўным да мовы. Канечне, жывучы ў краіне, трэба імкнуцца хаця б на побытавым узроўні мовай авалодаць. Але навязваць таксама ня трэба. Можа, гэта стала каменем спатыкненьня — калі падзялілі людзей на грамадзянаў і неграмадзянаў. Там трэба шукаць кампраміс. Паступовае рашэньне пытаньня магчымае. Прызнаваць грамадзянства, вызначаць тэрміны, і ня проста здачы экзамэну на веданьне мовы дзяржаве, а спачатку на веданьне на побытавым узроўні. А потым пашыраць гэтае паняцьце".

Лінгвіст і дыплямат Пятро Садоўскі лічыць, што наагул латыскай мове і культуры такой шкоды ня можа быць нанесена, як беларускай — русыфікацыяй. Таму што розныя мовы, розныя культуры, і тут ня будзе зьмяшэньня. Калі б рускай мове надалі статус другой дзяржаўнай, у грамадзтве магла б наступіць нераўнавага. Грамадзтва магло б дэстабілізавацца, кажа спадар Садоўскі:

Пётар Садоўскі

Пётар Садоўскі

«Калі б гэты статус быў нададзены, адпаведна яму пайшлі б далей патрабаваньні ствараць навучальныя ўстановы пэўныя чыстыя, рух быў бы за вызваленьне ад абавязковага вывучэньня мовы... За гэтымі рэчамі ўсё ж такі — што тут хаваць — стаяць грошы, стаяць вялікія расейскія грошы. Калі паглядзець усе апошнія геапалітычныя трактаты (загадчыка катэдры МДУ Дугіна, нават лібэрала Чубайса, які кажа, што Расея можа толькі існаваць як імпэрыя, але лібэральная імпэрыя), — там гаворыцца пра тое, што Расея павінна быць... слова «экспансія» не ўжываецца, але гаворка ідзе пра актыўную, дынамічную палітыку Расеі ў эканамічным, палітычным кірунку ў адносінах да сваіх суседзяў, вельмі блізкіх і трошку далейшых. І гэтыя факты, гэтыя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў постсавецкіх рэспубліках, яны як у люстэрку адбіваюць гэтыя канцэпцыі«.

На пытаньне, чаму беларусы на травеньскім рэфэрэндуме 1995 году прагаласавалі за дзьвюхмоўе, старшыня ТБМ Алег Трусаў адказаў, што таго рэфэрэндуму наагул не павінна было быць. Па-першае, беларускае заканадаўства забараняла такія пытаньні выносіць на рэфэрэндум. Па-другое, беларускім грамадзянам абяцалі роўнае дзьвюхмоўе. І грамадзяне галасавалі за роўнасьць, кажа Алег Трусаў.

«А дзе тая роўнасьць? Я таксама за тое, каб вынікі таго рэфэрэндуму зь сёньняшняга дня ўступілі ў сілу. За што нашы грамадзяне? За роўнасьць. Гэта значыць, адна школа беларуская, а другая — руская. І абвесткі павінны быць на дзьвюх мовах. І падатковая дэклярацыя. Дзе тая роўнасьць? Чаму ўлады парушаюць вынікі рэфэрэндуму, які самі і прыдумалі? Вось гэтае пытаньне хачу ім задаць у эфіры Радыё Свабода».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG