Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч-старэйшы атрымаў паштоўку ад Лёнданскага ПЭН-цэнтру


Віктар Статкевіч, бацька зьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, атрымаў паштоўку з Ангельскага ПЭН-цэнтру.

Пісьменьнікі Лёндану выказваюць Віктару Статкевічу падтрымку ў сувязі з тым, што яго сын пакараны зьняволеньнем:

«Паважаны Віктар, я хачу выказаць Вам сваю падтрымку ў гэты цяжкі для Вас час, калі Вы несправядліва разлучаны з дарагім Вам чалавекам. Мы захапляемся Вашай мужнасьцю і стойкасьцю. Мы шлем Вам цяпло нашых сэрцаў і молімся за Вас і Вашу сям’ю. Трымайцеся, спадзявайцеся і верце, вашыя сябры з Ангельскага ПЭН», — напісана на паштоўцы.

«Я вельмі ім удзячны, што яны памятаюць і не забываюць пра нас. Прыміце мой сардэчны паклон за вашую дабрыню і падтрымку», — кажа Віктар Статкевіч.

Бацька былога кандыдата ў прэзыдэнты кажа, што цяпер ён часьцей атрымлівае лісты ад сына.

«Вось ужо тры лісты прыйшлі. Ён мне піша, што будзе кожны тыдзень зараз пісаць. Ужо яму гэта магчыма. Ну, канечне, што там ён можа напісаць пра сябе? Што жыве нармальна. Але добра і тое, што я ведаю, што ён жывы», — кажа Віктар Статкевіч.

12 студзеня ў шклоўскай папраўчай калёніі адбыўся суд над асуджаным Мікалаем Статкевічам. На ім судзьдзя шклоўскага суду Віталь Волкаў задаволіў прадстаўленьне адміністрацыі калёніі аб пераводзе палітыка на тры гады на турэмны рэжым як злоснага парушальніка.

14 студзеня стала вядома, што Мікалай Статкевіч этапаваны з Шклова ў папраўчую ўстанову «Турма № 4».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю ў Менску 19 сьнежня 2010 году акцыі пратэсту супраць фальшаваньня выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG