Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова — не галоўнае


«Белта» паведаміла пра тое, што ўжо ў сакавіку ў тэставым рэжыме будзе запушчаны канал беларускай культуры «Беларусь-3». Канал — увага! — будзе цалкам беларускамоўны. Чакаецца, што на канале будзе найлепшая дакумэнталістыка, замежнае кіно, дубляванае на беларускую мову, ток-шоў культуралягічнага пляну, рэлігійныя праграмы. Частка публікі ў экстазе. Я ж нагоды для вялікага сьвяткаваньня ня бачу. Падкрэсьлю: мова — гэта сьвятое. І я вельмі ўдзячны за тое, што цяпер маю пляцоўку, на якой магу ўдасканальваць уласную беларускую пад наглядам дасьведчаных рэдактараў ды стылістаў. Тым больш мова сьвятое ў такой краіне, як Беларусь, дзе сапраўдная культура знаходзіцца ў заняпадзе. Ня буду аспрэчваць неабходнасьць моўнага адраджэньня, аднак, людцы, мова тэлеканалу «Беларусь-3» — НЕ ГАЛОЎНАЕ! Прадбачу папрокі ў блюзьнерстве. Аднак наважуся выказацца: для мяне куды больш важна, ШТО кажацца па ТБ, ХТО гэта кажа, чым тая мова, на якой гучаць выказваньні.

1. З-за шматлікіх палітычных ды этычных катастрофаў, празь якія мы прайшлі з 1991 году, беларуская мова ў Беларусі страціла тую ролю, якая адыгрывае ў краіне афіцыйная мова. Беларуская набыла неўласьцівыя мове якасьці, перш за ўсё — зрабілася маркерам прыналежнасьці таго, хто на ёй гаворыць, да пэўнай парадыгмы сьветапоглядаў. Калі ты сустракаеш беларускамоўнага суразмоўцу, ты разумееш, што ён хутчэй за ўсё падзяляе твае погляды на ролю саветаў у беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя
Мы ж прызвычаіліся да таго, што ўсе заганы на зямлі могуць рабіцца толькі небеларускамоўнымі.

(ролю захопнікаў ды акупантаў), ведае, што такое «хвалі адраджэньня», гатовы падтрымаць размову пра выключную ролю БНР у гісторыі беларускай незалежнасьці. Беларускамоўны суразмоўца ня будзе казаць пра тое, што Беларусь — «руская правінцыя», што мы — «усходнія славяне» і павінны быць разам з Масквой. Больш за тое, беларускамоўны будзе прытрымлівацца вельмі пэўных палітычных поглядаў, чытаць пэўныя часопісы ды газэты, слухаць «Свабоду». Такім чынам, «беларускамоўны», значыць — сьвядомы, палітычна актыўны, «свой»! Аднак мова значна большая за такія катэгорыі! Мы ж прызвычаіліся да таго, што ўсе заганы на зямлі могуць рабіцца толькі небеларускамоўнымі. Вось, зараз па-беларуску з намі загаворыць беларускае тэлебачаньне. Ці гэта азначае, што яно будзе падзяляць нашы з вамі погляды? Задайцеся гэтым пытаньнем!

2. Я ня ведаю, якая сытуацыя мне падабаецца больш: калі ў прапаганды ёсьць уласная мова, адрозная ад «сьвядомай» мовы, ці калі прапаганда пачынае пераходзіць на мову, якая за апошнія дзесяць гадоў зрабілася маркерам беларускага супраціву, адраджэньня, сапраўднай, не «савецкай», культуры. Здаецца, хай бы яны ўжо гаварылі па-руску! Раней беларускамоўны чалавек быў «ворагам»: за мову маглі затрымаць (і, бадай, усё яшчэ затрымліваюць!) на вуліцах, калі мітынг ужо скончыўся і хлопцам у цывільным трэба акрэсьліць кола ягоных удзельнікаў у натоўпе, які рушыць у мэтро. Дык зараз з таго боку, з-за чорных шыхтоў ды вязаных шапачак загучыць матчына мова? Ці гэта не дэфармацыя здаровага сэнсу?

3. Мы ведаем, што канал «Беларусь-3» будзе «каналам беларускай культуры». Той факт, што канал будзе цалкам беларускамоўны, успрымаецца цяпер шэрагам камэнтатараў як намёк на тое, што на гэтым канале па-беларуску будуць гаварыць усе тыя асобы, якія цяпер у першую чаргу асацыююцца зь беларускім сусьветам: Арлоў, Акудовіч, Вольскі і г. д. Здаецца, менавіта на такую «мэтанімію» і разьлічаны дадзены ход — канал цалкам на беларускай мове! Аднак для мяне відавочна, што пакуль існуюць «неіснуючыя» чорныя сьпісы музыкаў, пакуль прэмія Гедройца зь яе журы і яе шорт-лістэрамі ўспрымаецца дзяржавай хутчэй як выклік, ня будзе на канале «Беларусь-3» ні Вольскага, ні Лукашука з Бахарэвічам, ні, тым больш, Міхалка — хай сабе шмат якія ягоныя беларускамоўныя песьні (напрыклад, «Зорачкі»), ня маюць аніякай палітычнай афарбоўкі. Дык растлумачце мне, людцы, чым гэты канал будзе лепшы за ўсе астатнія?

4. Яшчэ адзін агучаны аргумэнт у бок беларускамоўнага каналу — тое, што ён як быццам бы выяўляе намер дзяржавы адмовіцца ад русыфікатарскіх захадаў апошніх гадоў. Аднак ці так гэта? Тыя, каму баліць за мову, ужо выказаліся: не тэлебачаньне павінна папулярызаваць мову. Праца над стварэньнем беларускамоўнай большасьці ў краіне павінна пачынацца ў школцы, ва ўнівэрсытэце. А што мы маем зь беларускамоўным навучаньнем? Хіба шмат беларускіх школ адкрылася? Хіба шмат падручнікаў на беларускай мове выходзіць? Дык навошта канал, які хутка проста ня будзе каму глядзець?

5. Да апошняга часу беларуская мова была мовай праўды. Гэта, здаецца, адзіная мова на зямлі, пра якую дастаткова сказаць — «мова», каб усе зразумелі, аб якой мове мы вядзем гаворку.
Можаце ўявіць сабе зьневажальны сюжэт пра «грошы Бяляцкага», прачытаны за кадрам добрым беларускім маўленьнем?

Гэтая амаль кабалістычная напружанасьць моўнага коду паходзіць з таго, што апошнія дзесяцігодзьдзі на ёй у гарадах размаўляе вузкае кола людзей, якія выпрацавалі сваю сыстэму знакаў, сэнсаў, намёкаў. У гэтым коле дастаткова сказаць «Ён», каб усе адразу зразумелі, аб кім вядзецца гаворка. Калі беларуская мова зробіцца мовай беларускай прапаганды, мы ня будзем адчуваць той фанэтычнай асалоды, якая кранае нас пры праслухоўваньні, напрыклад, перадач на «Свабодзе» цяпер. Здаецца, апошнім часам на гэтай мове нам не хлусілі. Можаце ўявіць сабе зьневажальны сюжэт пра «грошы Бяляцкага», прачытаны за кадрам добрым беларускім маўленьнем? Ня робіцца млосна?

6. Я ня буду глядзець канал беларускай культуры «Беларусь-3». Прынамсі, пакуль на ім ня будзе Арлова, Мазынскага, Вольскага ды Акудовіча.

7. Дык ці азначае ўсё, сказанае вышэй, што лепш бы гэтага каналу не было? Ды не — хай будзе. Можа, і карысьць з таго будзе, пакуль маім слабым розумам не прадбачаная. У Бога цудаў шмат. Але усё ж здаецца, што воклічы кшталту «Наша бярэ!» тут недарэчныя. Ды ня наша.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG