Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога Азаранкі падзяліла беларусаў


Вікторыя Азаранка з кубкам Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, 28.01.2012
Вікторыя Азаранка з кубкам Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, 28.01.2012

Пра гэта ў польскай «Палітыцы» --> http://www.polityka.pl/swiat/ludzie/1524121,1,tenisistka-wiktoria-azarenka-dzieli-bialorus.read піша Ягенка Вільчак. Паводле яе частка заўзятараў ня можа дараваць спартоўцы, што яна дазваляе выкарыстоўваць свае перамогі на карысьць беларускага рэжыму.

Вікторыя Азаранка, якая стала нядаўна першай ракеткай сьвету, падзяліла беларускае грамадзтва. Многія папракаюць яе тым, што яна дазваляе Лукашэнку выкарыстоўваць сябе ў прапагандысцкіх мэтах. Хоць яна можа гэтага не рабіць.

Яна выступае пад беларускім лукашэнкаўскім зялёна-чырвоным сьцягам, а не пад бел-чырвона-белым — сымбалем свабоднай Беларусі. Але ці можна асуджаць Вікторыю? «Гэта наша дзяўчына, яна прадстаўляе нашу краіну. Дзякуючы ёй мы перасталі быць нікому не вядомай постсавецкай рэспублікай, сьвет ізноў пачуў пра існаваньне Беларусі», — кажа Яраслаў Раманчук — кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году і гарачы аматар гульні ў тэніс.

Азаранка падыходзіць для прапагандысцкіх вобразаў, бо яна выйшла з народу і стала гераіняй: пасьля перамогі ў Мэльбурне над Марыяй Шарапавай яна заняла першы радок у рэйтынгу WTA. Гэты тытул каштаваў тэнісістцы многіх гадоў цяжкай працы, ёй да гэтага часу ўспамінаюцца словы маці, што калі яна ня хоча, як яна сама, стаць прыбіральшчыцай, то ёй давядзецца ўкалваць.

Азаранка нарадзілася ў Менску, яшчэ ў савецкай Беларусі, а пачала гуляць у тэніс ужо ў вольнай краіне. Тады ў Менску, тым больш у правінцыі, не было яшчэ такой колькасьці крытых кортаў і ўмоваў для трэніровак, як цяпер. «Тэніс ня быў папулярным спортам, хоць мясцовая тэнісная школа была наймацнейшай ў СССР. Шмат трэнэраў пераехала адсюль у ЗША», — успамінае Яраслаў Каладынскі — польскі бізнэсовец, які жыве ў Беларусі, чыя дачка таксама займалася тэнісам.

Перамены пачаліся пры Аляксандры Лукашэнку. Прэзыдэнт сам браўся за ракетку, і гэта дало спорту зялёнае сьвятло. Зь ім гулялі важныя пэрсоны. Трэба было таксама фінансаваць спорт, бо Лукашэнка любіць спонсараў. «У аўтарытарнай дзяржаве, калі ты ў бізнэсе, то па вызначэньні павінен нешта фінансаваць», — тлумачыць Раманчук. Беларускі тэніс пачаў спансараваць Уладзімір Пефціеў, кіраўнік кампаніі «Белтэхэкспарт», зьвязанай з вайсковай, нафтавай і фінансавай галінамі, якая знаходзіцца ў шчыльных адносінах з уладамі. Пефціеў падтрымліваў Вікторыю, таму што яна была таленавітым і надзвычай працавітым дзіцём. «Добра, што так выйшла», — кажа Раманчук, бо бяз грошай і палітыкі гэтых посьпехаў не было б.

Зараз Пефціеў стаў правай рукой Лукашэнкі і катаецца зь ім на лыжах. Ён — кіраўнік беларускай тэніснай фэдэрацыі, а прэзыдэнт — кіраўнік алімпійскага камітэту.

Апошнім часам Лукашэнка апрача тэнісу захапляецца таксама лыжамі і хакеем: ён сам — заўзяты гулец, так што каткі сталі неад’емным элемэнтам беларускага пэйзажу. У цэнтры Менску перад палацам Рэспублікі таксама зьявіўся каток. Спорт стаў часткай беларускай ідэалёгіі і прапаганды. Калі Лукашэнка гуляе ў хакей, то ў хакей павінны гуляць нават старыя бабкі. Дзяржаўная прапаганда кажа пра тое, што корты і спортпляцоўкі даступныя шырокім масам, але на практыцы тыя, хто хоча зрабіць спартыўную кар’еру, зь Беларусі зьяжджаюць.

Беларускія хакеісты гуляюць у прафэсійнай хакейнай лізе Канады, а ў нацыянальнай зборнай пераважаюць замежнікі, мясцовыя правілы гэтага не забараняюць. Падобна выйшла і ў Азаранкі: у 14 гадоў яна перабралася з Беларусі ў Польшчу, потым у Гішпанію, і, нарэшце, у Арызону. Цяпер яна жыве ў Монтэ-Карла — падатковым раі, як і шматлікія яе калегі па корце. Насамрэч яе галоўны дом — гэта Амэрыка, дзе найлепшыя ўмовы для трэніровак і спрыяльны для тэнісу клімат. Нават у беларускага прэзыдэнта няма да яе з гэтай нагоды прэтэнзій, ён разумее, што хоць Захад і ня ўзор для перайманьня, але гуляць трэба там, бо там праводзяць турніры і зарабляюць пункты. Аднак аб мільёнах даляраў, якія зарабляе Азаранка, беларускія СМІ маўчаць, каб не раздражняць народ. Але нехта ў інтэрнэце ўжо падлічыў: каб зарабіць столькі, колькі Азаранка на апошнім турніры ў Аўстраліі, сярэднестатыстычнаму беларусу давялося б працаваць 549 гадоў.

Тэніс у Беларусі дагэтуль прайграе хакею і біятлёну. Па словах спартовага журналіста Андрэя Асмалоўскага, у Менску няма буйных турніраў, якія маглі б прыцягнуць зорных гульцоў і дазволіць Азаранцы зьявіцца перад беларускай публікай жыўцом, даць магчымасьць сябе палюбіць. Апошні раз друк актыўна пісаў пра яе, калі ў 15 гадоў яна стала пераможцай юніёрскіх спаборніцтваў у Аўстраліі: тады ў Беларусі зьявілася вялікае інтэрвію зь Вікторыяй. Потым яе надоўга пакінулі ў спакоі, хоць гуляла яна шмат — да 30 турніраў за год. Зрэшты, магчыма, гэта яе ўласная віна, таму што яна ня любіць журналістаў і нават калі бывае ў Менску, не арганізуе прэсавых канфэрэнцый і не дае інтэрвію. «Такі ў яе характар, яна замкнёная ў сабе, ня тое што, напрыклад, Максім Мірны, які вельмі любіць пагаварыць», — камэнтуе гэта Асмалоўскі.

Выключэньне Азаранка зрабіла ў 2010 годзе, сабраўшы сьціплую прэсавую канфэрэнцыю, калі яны разам са сваёй сяброўкай і партнэрам па парным разрадзе Каралін Вазьняцкі вырашылі аказаць фінансавую дапамогу цэнтру дзіцячай анкалёгіі. У гэты час ішла прэзыдэнцкая перадвыбарчая кампанія. Дзяўчаты згулялі паказальны матч у менскім Палацы тэнісу, дзе на трыбуне зьявіўся сам Лукашэнка. У канцы Азаранка запрасіла яго на корт пагуляць разам. Трыбуны апладзіравалі, а прэзыдэнт спрытна адбіваў мячы і выглядаў «сваім хлопцам».



Насуперак чаканьням гэты матч не дадаў Азаранцы прыхільнікаў. Частка заўзятараў да гэтага часу не можа дараваць ёй, што яна прымала ўдзел у перадвыбарчай кампаніі і дазволіла сабе ўдзельнічаць у лукашэнкаўскай прапагандзе.

Грамадзкая думка падзялілася: адны лічаць, што яна падтрымала дыктатуру, і выступаюць супраць тэнісісткі. Другія — што гэта ня мае значэньня, бо гэта ўсяго толькі спорт. Цяпер, калі яна выйграла Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, дыскусіі разгарэліся зноўку. «Навошта мы пра яе гаворым?» — пытаюць на форумах яе праціўнікі. — Яна ня з нашага сьвету, яе зьвязваюць добрыя адносіны з уладай, яна цісьне руку прэзыдэнту. Якая зь яе беларуская спартоўка, калі яна не жыве ў краіне?"

Ёй ўзгадваюць яе францускага трэнэра, замежнага масажыста, і што на пытаньне, якую музыку яна слухае, яна пералічвае амэрыканскія гурты. Ордэн Айчыны III ступені, які ўручыў ёй пасьля перамогі ў Мэльбурне Лукашэнка, яшчэ больш ажывіў гэтыя спрэчкі. У дадатак мясцовая прэса вынесла гэтую навіну на першыя палосы: мэдаль ад прэзыдэнта і яго словы «Віка, мы ганарымся табой, Радзіма захапляецца тваім выбітным дасягненьнем, якое ўжо ўвайшло ў гісторыю беларускага і сусьветнага спорту».

Інтэрнэт забурліў, што прымаць ордэн, калі ў краіне людзі сядзяць у турме за свае перакананьні, амаральна. Ці ведае яна, колькі каштуе ў Беларусі кіляграм мяса? Яна магла б хаця б зьвярнуць увагу сьвету на тое, што адбываецца ў Беларусі, але ня робіць гэтага!

А Лукашэнка катаўся ў гэты час на лыжах у Сочы: на партале YouTube адразу ж зьявіўся ролік, у якім беларускі лідэр, прыйшоўшы ў захапленьне ад весткі аб перамозе Вікі, хапае тэрмас і налівае зь яго сабе ў кубак. З камэнтаром, што так прэзыдэнт адзначыў перамогу беларускі на корце. Падаюцца яго словы, што такія людзі, як Азаранка, робяць для краіны больш, чым увесь беларускі МЗС.

Людзі, якія ўхваляюць Азаранку, кажуць, што ў гэтым няма нічога дрэннага, бо тут у яе сям’я і ёй даводзіцца прыяжджаць у Беларусь. Кажуць, што Вікторыя зьбіраецца адкрыць у Менску тэнісную школу (як Мірны, які атрымаў участак у цэнтры гораду), таму яна ня можа ўступаць з уладамі ў канфлікт, ці што Лукашэнка выкарыстаў яе ў сваёй кампаніі, бо яна не разьбіраецца ў мясцовай сытуацыі. Але ці можна папракаць яе ў тым, што яна не цікавіцца палітыкай?

Да дыскусіі, само сабой, падключыліся беларускія палітыкі. Алесь Міхалевіч, былы кандыдат у прэзыдэнты, які пасьля выхаду з турмы пакінуў краіну і папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі, кажа: «Я радуюся перамогам Вікторыі. Яна абсалютна вольны чалавек, яна можа трэніравацца там, дзе ёй хочацца, і нават паказваць непрыстойныя жэсты, не асьцерагаючыся якіх-небудзь наступстваў». У гэтых словах гучыць выразная алюзія на відэаролік, які зьявіўся ў інтэрнэце, у якім Азаранка лаецца на корце.

Лідэр апазыцыйнага руху «Малады Фронт» і беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец заявіў, што перамога Азаранкі аб’яднала ўсіх: і зьняволеных у лягерах, і міліцыянтаў. «Гэта перамога Беларусі», — дадаў ён і паабяцаў, што калі спартоўка прыедзе ў Менск, ён падорыць ёй букет кветак — бел-чырвона-белы.

Будучы самай вядомай беларускай у сьвеце, Вікторыя міжволі робіцца палітычным пэрсанажам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG