Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плян прыватызацыі сфармаваны і будзе ўнесены ў панядзелак, 20 лютага, на разгляд кіраўніка дзяржавы», — паведаміла напярэдадні прадстаўніца Дзяржкаммаёмасьці Ганна Карніевіч.

У новы плян уключана 190 адкрытых акцыянэрных таварыстваў, зь якіх 133 плянуецца прадаць сёлета. 83 ААТ увайшлі ў новы плян прыватызацыі са сьпісу тых прадпрыемстваў, якія не ўдалося прадаць летась.

Начальніца ўпраўленьня ўліку і распараджэньня акцыямі фонду дзяржаўнай маёмасьці Дзяржкаммаёмасьці Ганна Карніевіч дадала: калі плян будзе ўхвалены, продаж прадпрыемстваў пачнецца ў сярэдзіне лета.

У 2012 годзе ўрад Беларусі разьлічвае атрымаць ад продажу дзяржуласнасьці 2,5 мільярда даляраў.

17 лютага першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што афіцыйны Менск вядзе перамовы, каб прадаць нафтаправоды.

«Усякія ідуць перамовы. Безумоўна, ёсьць розныя думкі, могуць быць розныя пакупнікі, і ня толькі расейскія», — заявіў Сямашка журналістам.

«Але я думаю, што гэта пытаньне часу, — заявіў Сямашка. — Гэтая труба ўжо ня новая, а нам трэба ўлічваць, што ёсьць БТС, БТС-2 і трэба думаць, як эфэктыўна выкарыстоўваць наяўныя магутнасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG