Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі — пра рыбны дзень у беларускай літаратуры


Яраш Малішэўскі

Яраш Малішэўскі

Спрадвеку беларусы й сала — паняткі неадлучныя, але, як той казаў, ня салам адзіным жывы чалавек. Беларусь успрымалася ды ўспрымаецца, і слушна, як краіна рэк, азёр ды балотаў. І з вадою, натуральна, клопату ніколі не было. Прынамсы, пакуль мэліяратары не ўзяліся за сваю чорную справу. І адпаведна рыбакоў у нас — мора. Дый пісьменьніка з тым самым рыбаком нельга не параўнаць, які дастане, вылавіць з самай глыбіні што цікавае й смачнае. Вось і мы рэпрэзэнтуем сёньня рыбны дзень у беларускай літаратуры.

Наталка Бабіна. Рыбін горад. Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2007

«Рыбін горад», дзе памежжа — адна з тэм, хутка пашырае геаграфію, стаўшыся перакладзеным на польскую ды ўкраінскую мовы. Шматмоўнасьць, шматкультурнасьць раману перакрочвае новыя межы. Зь імі, межамі — геаграфічнымі й часавымі, у кнізе наагул цікава. Яны зьмяняюцца, звужаюцца ды пашыраюцца ў розныя бакі. Часам так, што дух пераймае. А сама кніга нагэтулькі насычаная, што кожны знойдзе ў ёй тое, што яму бліжэй. Дэтэктыў і палітыка, прыгоды і каханьне, жыцьцё і сьмерць… Сама Наталка Бабіна заўважыла, што «Рыбін горад» — раман пра Берасьце. Горад, зь якім так шмат зьнітавана і для аўтаркі, і для Беларусі. Спроба зірнуць на яго па-свойму, трэба сказаць, удалася — так, бадай, ні ў кога не атрымлівалася. Дзівосны малюнак, які зачароўвае.

Жаданыя для рыбака рыбіны почасту жывуць глыбока ў вірах, гэтак і «Рыбін горад», як той вір — зацягвае і не выпускае, пакуль ня дойдзеш-даплывеш да дна. Адно задавальненьне разьбірацца ўва ўсіх гэтых зыркіх фарбах, гуках і пахах, дзе сюжэт, як тугая спружына, не дае расслабіцца. Усё, што патрэбна для раману, тут ёсьць. Маючы поўны набор складнікаў, Бабіна згатавала смачную рыбную страву.

«А норы ў часе пераплятаюцца. З адной можна трапіць у другую, не выходзячы на паверхню. Я даведалася пра гэта нядаўна, але гэта ўжо іншая аповесьць».

Пачакайма?

Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня. Менск, «Мастацкая літаратура», 1990

У фантастычным сьвеце твораў Яна Баршчэўскага, здаецца, можна адшукаць усё, што трэба на кожную нагоду ды выпадак. Вось і наша рыбнае пяцікніжжа залучае ў сваё таварыства аповед зь ягонага «Шляхціца Завальні», які мае назоў «Рыбак Родзька».

…Беларусь, пра якую марым і мы. Беларусь, пра якую марылі і героі «Шляхціца». Канечне, сёньня разумееш, што згублена-страчана нашмат болей, чым тады: сёньня адшукаць у ваколіцах Нешчарды штосьці хаця б з часоў Баршчэўскага — справа часьцяком марная. Але на той час, калі шчэ былі людзі, якія пажылі ў сваёй краіне да «вызваленьня», іхныя пачуцьці зразумець няцяжка. Вядома — раней і хлеб быў смачнейшы, і паветра чысьцейшае, і людзі больш пачцівыя ды пабожныя. І рыбы вялося, натуральна, болей. А зараз… Дый словы лёгка пераносяцца ў сёньняшні дзень.

«Вучаць нас ксяндзы і добрыя людзі, але іх словы, як гарох ад сьцяны адскокваюць, а таму і Бог не бласлаўляе, і жыць усё горай і горай».

Злавесныя асташы, што прыцягнуліся з усходу, напладзілі жахлівых пачвараў — нячысьцікаў, д’яблаў, страшыдлаў. Прыхадні «…спустошылі у нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песьням».

Д’ябальскай цемры, якая пашыралася праз калянізатараў, Баршчэўскі супрацьпастаўляе сьвятло. Навука, дабрыня, пабожнасьць — яны перамогуць ліха.

Уладзімер Караткевіч. Рыбін цар. Лебядзіны скіт: казкі. Менск, «Мастацкая літаратура», 2009

Проста маленькая казка. Зрэшты, ці можна ўжыць тут слова «проста»? Самая сапраўдная казка на рыбную тэму, ды яшчэ, можна сказаць, пра адну з найгалоўных. Ці найгалоўнага — рыбінага цара. Ён тут ня нейкі злы тыран, ад якога падданыя енчаць і плачуць. Зусім не: гэта клясычны добры дзядуля, які з вышыні ды глыбіні пражытых гадоў усё ведае, усё бачыў ды чуў. І кантралюе цар усё, што адбываецца ў ягоных уладаньнях. Пад вадою, ды й ня толькі. А каму ж яшчэ, як не яму самому, даць рады? Усе слухаюцца, усе шануюць…

Безь ягонага гаспадарскага і гаспадарлівага вока няможна — то рыба не туды заплыве, то жабы з русалкамі разгуляюцца. Такім гаспадар і мусіць быць. За клопатамі і восень халодная надыходзіць. Тады і адпачыць можна, у чаканьні вясны. Рыбін цар — праўдзівы валадар, які і ўладу пакажа, і дапаможа ў прыгодзе, і пажартуе калі-некалі. У добрай казцы беларускай. Створанай Караткевічам.

«Глыбока на дне возера ляжыць рыбін цар. Ніхто яго ня бачыў з людзей, а таму й ня ведае: рыба ён ці яшчэ хто. Ляжыць ён на дне, расьлінамі вадзянымі, як коўдрай, абгарнуўся і носам сапе. А на паверхню ад яго сапа бурбалкі выскакваюць».

Уладзімер Арлоў. Рыба і іншыя. Ордэн белай мышы. Менск, «Мастацкая літаратура», 2003

Рыба — усяго толькі мянушка аднога з герояў апавяданьня, зь якога і пачынаецца вандроўка ў мінулае. Аповед сплятаецца далей, дзе з’яўляюцца тыя, з кім аўтар у часах мінулых быў знаёмы. Людзі, іхныя лёсы, такія розныя і ў нечым зьнітаваныя — усе яны праходзілі праз жыцьцё Ўладзімера Арлова. А дзякуючы аўтару, гэта становіцца вядомым і цікавым ня толькі яму. І гэтыя самыя героі, іхныя ўчынкі, хай і дробныя, сьмешныя і ня вельмі, застаюцца на старонках кнігі. Тут і Полацак пэрыяду маленства аўтара, і Менск часоў студэнцтва… Тое, што раз-пораз вяртаецца і змушае ўзгадваць, і занатоўваць у яскравых абразках успаміны пра лёс людзей, а часам і помнікаў — правадырам, якія з’яўляюцца і зьнікаюць, у адрозьненьне ад вечнага места на Дзьвіне.

У Полацку, як заўжды: паміж вялікім ды сьмешным, трагічным і дзівосным, почасту — усяго адзін крок. І сёньня, і тысячу гадоў таму. Зыгзагі і паралелі, у якіх дзейнічаюць, апрача Рыбы, тыя самыя «іншыя», звычайныя людзі, што і робяць жыцьцё альбо апавяданьне незвычайным. Варта толькі заўважыць тое, што адбываецца вакол. І запомніць. Памяць — тое, што дужа добра дапамагае застацца чалавекам. Асабліва ў нашых… асаблівых варунках.

Максім Танк. Нарач. Збор твораў У 13 Т. Т. 7. Менск, «Беларуская навука», 2008

Назва твора нібыта не вымагае камэнтароў, але ж тут ня проста Нарач у звыклым краязнаўчым ды прыродным асьвятленьні. Нагодай да з’яўленьня паэмы ў другой палове трыццатых сталіся хваляваньні — ня толькі ўласна хваляў, а і рыбакоў на Нарачы, якія атрымалі паважны розгалас. Што праўда, і змаганьне на «Віленскім моры» тых, хто наўпрост зьнітаваны з рыбай, камуністы ператварылі ў такое, што мала адпавядала праўдзе. І захады тагачаснага ўраду па ахове Нарачы, як задэманстраваў час, шмат у чым былі слушнымі, але справа ня толькі ў гэтым. Мы ж пра твор гаворым. А ў ім — любоў, закаханасьць у родны край, якая праходзіць наскрозь, і ёсьць тут найгалоўным. Такія пачуцьці да сваёй зямлі ніякай ідэалёгіяй не затлуміць. Бо гэтыя прачулыя радкі не вымагаюць камэнтароў:

Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,
Як вецер густыя туманы разьвесіць!
Ці сьнежная пена на хвалях зазвоніць,
Цалуючы зоры, калышучы месяц.

Ніколі Танк з гэткім уздымам і замілаванасьцю не ствараў надзвычайны вобраз беларускай прыроды, што часта прыводзіць да паралеляў з коласаўскай «Новай зямлёй». Суворыя падзеі і дзівосная прырода — можна абіраць паміж імі, а можна сплятаць у адзіны малюнак. Нарач вартая паэмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG