Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычына і мэта антызаходняй кампаніі ў дзяржаўных СМІ? Як КДБ на загад Аляксандра Лукашэнкі будзе працаваць на парлямэнцкіх выбарах? Які ўплыў на беларускае грамадзтва робяць расейскія пратэсты?

Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць: зь Менску — Віктар Марціновіч, з Масквы — Віктар Дзятліковіч, з Варшавы — Каміль Клысінскі.

Слухайце перадачу ў нядзелю, 19 лютага, а 18.04, 20.04 і 22.04.

Прапануем вам фрагмэнты "Праскага акцэнту".

Марціновіч: Ідзе падрыхтоўка масавай сьвядомасьці да парлямэнцкіх выбараў. Гэтак з 1995 году рыхтаваліся да любых палітычных падзеяў.

Юры, вы так задаяце пытаньне, нібыта «разабраны» стан апазыцыі вынікае зь недарэчнасьці яе і ўсіх тых, хто супраць рэжыму. У той жа час гэты стан апазыцыі зьяўляецца вынікам працы зь ёй тых асобаў, зь якімі Лукашэнка праводзіў нараду ў КДБ.

Як толькі мэханізмы штодзённага здушэньня апазыцыі спынілі б сваю працу, пачалося б паўстаньне сур’ёзнай альтэрнатывы. Гэтая палітычная сыстэма існуе шмат гадоў, ад яе ўсе стаміліся.

Каб стварыць у грамадзтва ўражаньне, што гэта не «апошні і вырашальны бой», а прахадны момант, улада павінна рыхтавацца да яго як да апошняга і вырашальнага бою.

Калі 4-га сакавіка Пуцін пераможа, 2 тыдні пасьля гэтага Балотная памітынгуе і ўсё скончыцца, як у Беларусі ў 2006 годзе, то ніякага ўплыву гэта ня будзе мець.

Калі Пуцін пераможа, то ўсё тое, што давала нам надзею тут, у Менску, пойдзе па ветры.

Клысінскі: Улады ведаюць пра гістарычную памяць у грамадзтве аб польска-беларускіх адносінах, аб забабонах і стэрэатыпах і спрабуюць гэта выкарыстоўваць.

Галоўны момант — знайсьці зьнешняга ворага.

Гэта доказ крызісу рэжыму. Беларускія ўлады ў ідэалягічнай плоскасьці ня здатныя прыдумляць новыя ідэі.

Апазыцыя — не галоўная пагроза для ўлады ў Беларусі. Вельмі паказальны працэс, які цяпер пачаўся на вялікіх заводах.

Падзеі ў Маскве — прадмет уважлівага аналізу беларускай ўлады.

Я скептычна гляджу на верагоднасьць «заражэньня», перайманьня расейскага досьведу ў Беларусі. Галоўныя фактары, якія могуць паўплываць на сытуацыю ў Беларусі — у самой Беларусі.

Беларуская апазыцыя — у больш глыбокім крызісе, чым беларуская дзяржава.

Дзятліковіч: У Расеі абвінавачаньні ў «руцэ Захаду» часьцей гучаць адносна арганізацыяў, якія займаюцца назіраньнем на выбарах, а не адносна ўдзельнікаў апошніх масавых акцыяў.

Нядаўна сакратар Рады бясьпекі, былы шэф ФСБ заявіў, што Балотная — гэта расейская грамадзянская супольнасьць, якая нараджаецца, у адрозьненьне ад ранейшай апазыцыі, якая фінансавалася Захадам.

Калі ў Расеі дапускаецца, што 20–40% прагаласуюць супраць Пуціна, галоўнае, каб ён перамог у першым туры, то ў беларускай сытуацыі паказьнік слабасьці ўлады — гэта нават адзін прадстаўнік апазыцыі ў парлямэнце.

Ніколі і не было адчуваньня, што Балотная можа перамагчы.

Цікавая была рэакцыя пэўнага кола беларускіх актывістаў, якія казалі, што 30 тысяч у Менску — гэта больш значна, чым 100 тысяч у Маскве.

З 80–90 гадоў вельмі шмат што зьмянілася ў Беларусі і Расеі, і гэта ўжо не такія падобныя краіны, чым гэта было раней. Розныя працэсы ў іх ідуць, і розныя людзі ў іх выходзяць пратэставаць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG