Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст патрабуе спагнаць зь міліцыі 9 мільёнаў рублёў


Уладзімер Няпомняшчых

Уладзімер Няпомняшчых

Грамадзкі актывіст з Гомеля Ўладзімер Няпомняшчых накіраваў у суд пазоў супраць Цэнтральнага райаддзелу ўнутраных спраў, патрабуючы спагнаць з 9 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Няпомняшчых: «Супраць мяне супрацоўнікі міліцыі сфабрыкавалі адміністрацыйную справу пра дробнае хуліганцтва — нібыта падчас затрыманьня, калі я наклейваў налепкі да Народнага сходу на праспэкце Леніна, я брыдка лаяўся. Без суду мяне зьмясьцілі ў ізалятар, дзе я правёў амаль трое сутак. Спрычыніліся да гэтай справы трое: апэратыўны супрацоўнік, участковы і намесьнік начальніка міліцыі. Таму я й спаганяю такую суму — па адным мільёне за мае суткі ў ізалятары з кожнага супрацоўніка».

Ўладзімера Няпомняшчых затрымалі летась 7 кастрычніка. Актывіста да суду арыштавалі. Супраць яго склалі пратакол за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў і праз суд пакаралі штрафам. Расклейку налепак спадар Няпомняшчых не адмаўляў і са штрафам пагадзіўся.

У той жа дзень у судзе Ўладзімер даведаўся, што існуе яшчэ адзін пратакол — пра дробнае хуліганства, складзены на падставе рапарту маёра Амельчанкі. Актывіста аштрафавалі другі раз — на 105 тысяч рублёў.

Чарговае пакараньне Ўладзімер аспрэчыў. Адбыўся новы разгляд справы. У судзе супрацоўнік Цэнтральнага РАУС маёр Амельчанка, які напісаў рапарт супраць актывіста, блытаўся ў паказаньнях і цьвердзіў стандартнае абвінавачваньне: Няпомняшчых нібыта пры затрыманьні размахваў рукамі і брыдка лаяўся. Ніхто іншы, апрача Амельчанкі, гэтую лаянку ня чуў — ні міліцэйскі кіроўца, ні экспэрт, ні дазнаўца.

Раённы судзьдзя Алена Цалкова спыніла адміністрацыйную справу пра дробнае хуліганства «за недаказанасьцю віны». Няпомняшчых дамагаўся, каб суд прызнаў у ягоных дзеяньнях адсутнасьць правапарушэньня, аднак не атрымалася. Пастанова набыла юрыдычную моц.

Цяпер былы афіцэр міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых спрабуе спагнаць з Цэнтральнага РАУС кампэнсацыю маральнай шкоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG