Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выгнаная з праекту "Мінск-Сіці" кампанія ITERA абяцае выканаць свае абавязаньні перад уласьнікамі адносна ўжо пабудаваных аб'ектаў. 16 студзеня Аляксандар Лукашэнка разварваў дамову зь міжнароднай групай кампаніяў ITERA на будоўлю дзелавога цэнтру "Мінск-Сіці".

У маскоўскім офісе ITERA заяўляюць, што пакуль ня будуць камэнтаваць сытуацыі. Прэс-сакратар кампаніі Аляксандар Гаруноў паведаміў:

«Што тычыцца ўжо пабудаваных аб’ектаў, ITERA, безумоўна, выканае ўсе абавязаньні перад пакупнікамі».

На пытаньне, чаму дагэтуль няма іншых камэнтароў ад кампаніі, спадар Гаруноў сказаў:

«У гэтым выпадку мы сытуацыю высьвятляем. Таму навошта нам заўчасна даваць нейкія камэнтары, якія могуць паўплываць на сытуацыю? Мы цяпер у гэтым не зацікаўленыя».

Гаруноў не зьняпраўдзіў і не пацьвердзіў інфармацыі пра тое, што суўладальнік кампаніі Ігар Макараў знаходзіцца ў Менску і нібыта спрабуе залагодзіць канфлікт. Ён таксама паведаміў, што ITERA пакуль што ня мае дакумэнтальнага пацьверджаньня заяўленаму разрыву дамовы на будоўлю «Мінск-Сіці».

ITERA абяцала рэалізаваць праект за 11 этапаў да 2020 году. Агульны аб’ём інвэстыцыяў складаў 4,85 мільярда даляраў. Назіральную раду, якая кіруе ў кампаніі дэвэлапэрскім праектам «Мінск-Сіці», узначальвае былы міністар будаўніцтва Масквы Ўладзімер Рэсін. Кіраўнік Беларусі неаднаразова выказваў незадаволенасьць тэмпамі рэалізацыі праекту і заявіў, што ITERA не атрымае дадатковых ільготаў. Таксама ён заявіў, што цікавасьць да праекту праявілі ў Кітаі.
Перазагрузка гэтай дамовы не адбылася. Тут вінаваты больш другі бок. А не беларускі.

Камэнтуючы сытуацыю, эканаміст Георгі Грыц лічыць рашэньне афіцыйнага Менску «лягічным». Паводле Грыца, ён тут «ня кінуў бы камень у беларускі бок»:

«Кіраўнік ITERA тры-чатыры месяцы таму канстатаваў, што кампанія не выконвае сваіх абавязаньняў. Ён прыводзіў аб’ектыўную прычыну: на яго погляд, гэта глябальны крызіс, які закрануў у тым ліку і ITERA. Тут і беларускі бок даволі карэктна павёў сябе, бо кіраўнік дзяржавы яшчэ месяц таму ставіў задачу перагледзець і жорстка падысьці. І толькі празь месяц такія вось дзеяньні. Я ня думаю, што гэта выходзіць за прававыя рамкі. Гэта бізнэс. Перазагрузка гэтай дамовы не адбылася, нягледзячы на тое, што выказвалася заклапочанасьць на ўзроўні кіраўніка краіны. Тут вінаваты больш другі бок. А не беларускі».

Ці можа гэта неяк адбіцца на іміджы Беларусі, якой і так бракуе інвэстараў? Спадар Грыц адкідае такую магчымасьць:

«Гэта ня Балтыка, ня іншыя праекты. Гэта прыватная кампанія, тым больш кампанія з такой даволі спэцыфічнай крэдытнай гісторыяй. Наўрад ці далекасяжныя высновы нехта будзе рабіць».

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што інвэстыцыйнаму рэйтынгу Беларусі і бяз гэтага прыкладу няма ўжо куды падаць:

«Ужо такі нізкі рэйтынг нашай краіны. Інвэстары ня вельмі сюды ідуць. Ніжэй, напэўна, ужо і ня будзе».

Эканамічны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Лізавета Булацецкая адзначае, што ў паўзамарожаным стане знаходзяцца і іншыя інвэстпраекты ў Менску:

«Мінск-Сіці» — гэта архіскладаны праект, бо там неабходна вынесьці вялікую колькасьць аб’ектаў, каб пабудаваць гэты комплекс. У нас зьнесьці два аднакватэрныя дамы — і то ў забудоўніка ўзьнікаюць праблемы. А тут наагул ідзе гаворка пра завод або пра вынас аэрапорту. Яшчэ вялізная колькасьць суб’ектаў гаспадараньня, якія маюць там уласнасьць. Атрымліваецца, прыйдзе новы інвэстар, і ён усё пачне з нуля«.
Магчыма, Лукашэнка знайшоў іншага інвэстара, напрыклад, кітайскага. І Лукашэнка сьпяшаецца...

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў мяркуе, што ITERA пачала інвэставаць у праект і цягнула зь яго рэалізацыяй, разьлічваючы на зьмену сытуацыі ў Беларусі:

«На тое, што памяняецца эканамічны клімат. І, магчыма, разьлічвала на зьмену рэжыму. У першым і другім варыянце цікавасьць да Менску буйных карпарацыяў усясьветнага ўзроўню павінна была вырасьці. Але гэтага не адбываецца, і справа пачала сыходзіць. Цяпер у вялікай ступені для Лукашэнкі паўстае пытаньне прэстыжу. Магчыма, Лукашэнка знайшоў іншага інвэстара, напрыклад, кітайскага. І Лукашэнка сьпяшаецца, каб ня страціць іншага буйнога інвэстара. Таму прыбірае таго, які проста цягне час».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG