Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада абяцае не руйнаваць хатаў. Але ёй ня вераць


Барыс Батура
Барыс Батура

На Меншчыне працягваецца канфлікт улады зь вяскоўцамі й дачнікамі, якія пратэстуюць супраць будоўлі ў Смалявіцкім раёне беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Раней «Свабода» паведамляла, што кітайскі інвэстар заявіў пра намеры забудаваць да 2025 году 80 гектараў блізу міжнароднага аэрапорту «Менск-2». Людзі хвалююцца, што пад знос трапяць жылыя дамы, лецішчы, сады й прыватызаваныя зямельныя ўчасткі.

Пасьля таго, як грамадзкі пратэст з дапамогай недзяржаўных СМІ атрымаў розгалас, у Смалявіцкі раён пачалі наведвацца чыноўнікі высокага рангу. У прыватнасьці, на гэтым тыдні тут пабываў старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура. На сустрэчы зь ім гучалі такія маналёгі:

«У нас ужо некаторыя людзі ў выніку атрыманага стрэсу ў гэтым канфлікце трапілі ў лякарні...»

Чыноўнік на гэта адрэагаваў наступным чынам:

«Я б таксама адправіў вас у лякарню ці яшчэ куды, бо вы нагнятаеце гэтыя страхі... Што ты тут яшчэ ўсьміхаесься?!»

Спадар: «Пане Батура...»

Батура: «Я ня пан, я — таварыш. Я яшчэ раз паўтараю, што мы нікога зносіць ня будзем, мы правядзем грамадзкія слуханьні...»

Меркаваньне ад сустрэчы з кіраўніком вобласьці дачніка тамтэйшага таварыства «Рэчанька» спадара Леаніда:

«Запэўніваньні чыноўніка Батуры ня маюць лёгікі. Ён кажа пра забудову індустрыяльнага парку на тэрыторыі ў 80 квадратных кілямэтраў і пры гэтым сам сабе пярэчыць, што нібыта ня высеча ніводнага дрэва...»

У спадарыні Веранікі таксама застаюцца пытаньні:

«Уражаньні вельмі непрыемныя... Шкада мне вельмі людзей... Ня ведаю я, што будзе далей. І як гэтыя грамадзкія слуханьні будуць праходзіць?»

На агульную думку дачнікаў, чыноўнікам не ўдалося пераканаць іх. Дачнікі маюць намер і надалей працягваць барацьбу за адмену рашэньня цяперашняй улады разьмясьціць індустрыяльны парк у Смалявіцкім раёне.

Пра канкрэтныя кірункі грамадзкага пратэсту расказвае грамадзкі актывіст Юры Ганчар:

«Мы высьветлілі, што гэтая праблема негалоснага прыняцьця ўладай рашэньняў — яна тыповая ў цяперашняй Беларусі. Гэтая праблема закранае ўсіх беларусаў. Таму вырашана падрыхтаваць тэкст звароту да ўлады за подпісамі жыхароў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Таму мы падрыхтавалі тэкст адпаведнага звароту ад імя жыхароў з усёй Беларусі».

Карэспандэнт: «Якая грамадзкая арганізацыя бярэ на сябе арганізацыйную працу?»

«Гэта — грамадзянская кампанія „Гавары праўду“. Мы будзем зьвяртацца да людзей, каб яны выказалі салідарнасьць з дачнікамі й жыхарамі Смалявіцкага раёну і даказалі ўладзе, што ў цяперашніх умовах патрэбныя адкрытыя дзеяньні і што існуючая ўлада мусіць лічыцца зь меркаваньнем народу».

Юры Ганчар таксама ўдакладніў, што ў наступны панядзелак, 20 лютага, у Смалявічах а 14 гадзіне плянуецца сустрэча прадстаўнікоў 30 садовых таварыстваў і 15 тамтэйшых вёсак з дэпутатам палаты прадстаўнікоў Генадзем Дзямідчыкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG