Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Граніт»: для Алега Стахаевіча працы няма


Кіраўнік незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Алег Стахаевіч ужо не працуе кіроўцам самазвалу. Аднак і іншай працы яму не прапаноўваюць. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук перакананы, што сытуацыя зь ціскам на незалежны прафсаюз на «Граніце» справакаваная спэцслужбамі.

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч абскарджвае ў абласны суд пазбаўленьне пасьведчаньня кіроўцы. Тым часам тэрмін дзеяньня часовага пасьведчаньня скончыўся, і ён кіроўцам самазвалу працаваць ужо ня можа. Спадара Стахаевіча паставілі перад фактам звальненьня:

«Афіцыйна я яшчэ нідзе ні ў якім загадзе не расьпісваўся. Але, мяркуючы па грашах, праз бухгальтэрыю гэты загад прайшоў...»

Спадар Стахаевіч напісаў заяву з просьбай перавесьці яго на іншую працу, але кажа, што мала шанцаў, каб начальства пайшло насустрач:

«Ніхто нават мне нічога не прапаноўваў. Водпуск таксама, я падыходзіў наконт водпуску — усё там, па графіку... У панядзелак быў такі ажыятаж у бальніцы. Знаёмая казала, што ў панядзелак вельмі шмат людзей праходзілі мэдкамісію для працаўладкаваньня на „Граніт“. У нас жа там пятая лінія адчыняецца. То каб ня даць мне вакансію, яны пачалі ў тэрміновым парадку запаўняць гэтыя вакансіі. То бок людзей там бралі, абы ўзяць...»

За сытуацыяй вакол магчымага звальненьня Алега Стахаевіча пільна сочыць старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук: «Калі яго звольняць, мы будзем усё рабіць, каб яго аднавіць на працы. І ў любым выпадку ён ня будзе пакінуты. Я зыходжу з таго, што ў мяне ёсьць пэрсанальная адказнасьць за яго лёс з усімі акалічнасьцямі, якія адгэтуль выцякаюць. Гэта вельмі дрэнны ўчынак зь вельмі дрэннымі наступствамі для беларускіх уладаў».

Спадар Ярашук перакананы, што сытуацыя зь ціскам на незалежны прафсаюз на «Граніце», як і сытуацыя вакол звальненьня Алега Стахаевіча, падаграецца спэцслужбамі. А кіраўніцтва прадпрыемства, на думку спадара Ярашука, выконвае адпаведную замову:

«Кіраўніцтва прадпрыемства, на жаль, проста не жадае з намі размаўляць. Канечне, тое кіраўніцтва, якое цяпер там знаходзіцца — выканаўца абавязкаў гендырэктара спадар Гаўрылковіч, ён мае адпаведны загад. Таму што кожны працоўны дзень на „Граніце“ пачынаецца з таго, што ў кабінэце спадара Гаўрылковіча знаходзяцца супрацоўнікі КДБ. Яны выпрацоўваюць адпаведную тактыку па зьнішчэньні незалежнага прафсаюзу. Я яшчэ раз кажу, што ён уцягнуўся ў вельмі дрэнную гісторыю. Але гэта таксама і яго выбар, за які яму давядзецца ў свой час несьці адказнасьць», — распавёў прафсаюзны лідэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG