Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінгерыс: Юрыдычныя запыты Беларусі выклікаюць вялікія сумневы


Эмануэліс Зінгерыс

Эмануэліс Зінгерыс

Хадайніцтвы Беларусі аб прававой дапамозе пасьля гісторыі з Алесем Бяляцкім выклікаюць вялікія сумневы, і іх неабходна старанна правяраць, сьцьвярджае старшыня камітэту Сойму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс пасьля таго, як Беларусь зацікавілася мерапрыемствамі, якія прайшлі ў Віленскай мастацкай акадэміі.

«Запыты праваахоўных органаў Беларусі на тэрыторыі Літвы пасьля досьведу апошняга часу выклікаюць вельмі вялікія сумневы. Пасьля гісторыі зь Бяляцкім хадайніцтвы Беларусі неабходна тройчы правяраць, ці няма ў іх дадатковага адценьня, дадатковай замовы, бо аб’ектыўнасьць беларускіх праваахоўных органаў выклікае сумневы», — сказаў Зінгерыс у інтэрвію агенцтву BNS .

Газэта Lietuvos rytas у пятніцу паведаміла, што на просьбу Беларусі праваахоўныя органы Літвы пачалі цікавіцца мерапрыемствамі, якія пазалетась прайшлі ў Віленскай мастацкай акадэміі. У іх удзельнічала беларуская моладзь.

На даручэньне Генпракуратуры работнікі Бюро крымінальнай паліцыі паведамілі рэктару акадэміі Аўдрусу Клімасу, што расьсьледуецца крымінальная справа.

Зінгерыс сьцьвярджае, што недастаткова дадзеных, на якой падставе пачата справа, таму цяжка ацаніць дзеяньні праваахоўных органаў суседняй краіны.

Зінгерыс падкрэсьліў, што неабходна старанна ацаніць, ці не хаваюцца за хадайніцтвам аб прававой дапамозе палітычныя матывы, каб пазьбегнуць памылак, учыненых пры выдачы інфармацыі аб праваабаронцы Бяляцкім, які быў асуджаны за ўхіленьне ад падаткаў.

Як піша газэта, літоўскія службовыя асобы запыталі ў рэктара Мастацкай акадэміі інфармацыю аб дэлегацыі Цэнтру маладзёвай моды Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту, якая 19 чэрвеня — 3 ліпеня 2010 году ўдзельнічалі ў міжнародным мерапрыемстве маладзёжнай творчасьці «Млын моды ў Вільні».

У газэце гаворыцца, што атрыманы ліст зьбянтэжыў рэктара Віленскай мастацкай акадэміі Клімаса. Паводле яго, такі запыт нагадвае даведку савецкіх часоў.
XS
SM
MD
LG