Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Ізраілю, які ня ўмее хлусіць


Дыплямат — гэта сумленны чалавек, пасланы за мяжу хлусіць у імя сваёй Бацькаўшчыны. Пагалоска прыпісвае гэтую фразу брытанскаму дыплямату XVI стагодзьдзя Генры Ўотану.

Выснова цынічная, але гэта не адмяняе пэўнай справядлівасьці назіраньня. І з гэтага пункту гледжаньня крытыка, якая апошнімі днямі абрынулася на новага пасла Ізраілю ў Беларусі, не зусім дарэчная. Хаця яго ёсьць за што папракнуць.

На пытаньне, ці дзейнічае Ізраіль у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі ў тым жа самым рэчышчы, што і ягоны асноўны партнэр па зьнешняй палітыцы — Злучаныя Штаты Амэрыкі, Ёсіф Шагал адказаў: «Мы вельмі стрыманыя, максымальна стрыманыя ў гэтых пытаньнях. І ў рамках гэтай стрыманасьці мы ніколі не прад’яўлялі сур’ёзных прэтэнзіяў да Беларусі. Калі ж Ізраіль галасаваў, то гэта было дастаткова парытэтна з галасаваньнем Беларусі ў ААН па складаным комплексе ізраільска-палестынскіх дачыненьняў, калі Беларусь традыцыйна галасуе супраць Ізраілю. Што ж тычыцца глябальнага падыходу, то Ізраіль стрымана ставіцца да тых пытаньняў, якія ініцыююць на міжнародным роўні адносна Беларусі Дзярждэпартамэнт ЗША і Эўразьвяз. У нас ёсьць адпаведныя саюзьніцкія адносіны. І мы галасуем у міжнародных арганізацыях згодна зь імі. Аднак Ізраіль не ініцыюе такіх працэсаў. Гэтаксама як і Беларусь не ініцыюе антыізраільскіх акцыяў».

А на прамое пытаньне наконт беларускіх палітвязьняў спадар пасол адказаў : «Я — грамадзянін Ізраілю, у нас няма палітвязьняў. Што тычыцца Беларусі, то я не ведаю, мне трэба пачытаць газэты. Праз паўгода я адкажу на ваша пытаньне. Я журналіст і выдатна ведаю, як пішуцца артыкулы».

Абурэньні часткі беларускай публікі выклікалі ўсе працытаваныя шчыраваньні ізраільскага дыплямата. Між тым папрокаў ён заслугоўвае выключна за апошняе тлумачэньне наконт палітвязьняў.

Што да першага — то хіба Ізраіль адзіная краіна, якая практыкуе стрыманасьць у пытаньні правоў чалавека ў Беларусі? Тут можна хутчэй спытаць, хто не практыкуе. І вядома хто — ЗША і краіны Эўразьвязу. Ці часта папракае Менск за парушэньні правоў чалавека, напрыклад, Сэрбія, якая скінула дыктатуру Мілошавіча? Ці дэмакратычная Малдова, якая імкнецца ў Эўразьвяз? Ці Ўкраіна? Ну так — можна сказаць, што цяпер Украіна сама аўтарытарная. Ну а раней, пры дэмакратах Юшчанку і Цімашэнцы, хіба папракала — так, па-сур’ёзнаму, ставячы пад пагрозу нейкія ўласныя ўкраінскія інтарэсы? Прыгадваюцца хутчэй публічныя падзякі на адрас Юшчанкі з боку Лукашэнкі за ўпартую адвакацкую дзейнасьць на карысьць афіцыйнага Менску на Захадзе. Ну а пазыцыя палымянага героя грузінскай «рэвалюцыі ружаў» гэта, як кажуць, наагул песьня. Саакашвілі годна нясе сьцяг лябіста беларускага рэжыму на Захадзе, які выпаў з рук Віктара Юшчанкі. Дык чаму Ізраіль павінен выбівацца з шэрагу гэтых паважаных і шаноўных краін?

Заходнія дэмакратыі супрацоўнічалі ў свой час са Сталіным. І нешта не прыгадваецца, каб афіцыйна, на дзяржаўным узроўні яны тады рабілі націск на правы чалавека і выказвалі клопат наконт мільёнаў людзей, якія гінулі ў Гулагу. Чаму? Ну зразумела чаму. Таму што на коне стаяла большае зло. І было не да правоў чалавека ў СССР. А для Грузіі зараз пытаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — гэта пытаньне яе выжываньня як дзяржавы.

Ізраіль балянсуе на мяжы выжываньня ўвесь час свайго існаваньня, быць скінутым ў мора — для яго пагроза зусім не абстрактная. Ну для поўнай аб’ектыўнасьці ўдакладнім — Ізраіль менавіта так ўспрымае сваё становішча. І ў гэтай сытуацыі памнажаць колькасьць ворагаў — гэта раскоша, якую гэтая краіна проста ня можа сабе дазволіць. Спадар Шагал на гэта, дарэчы, празрыста намякнуў, сказаўшы, што Ізраіль практыкуе палітыку «так за так», замахваючыся на інтарэсы афіцыйнага Менску роўна ў той ступені, ў якой афіцыйны Менск замахваецца на інтарэсы Ізраілю.

І прыгожыя мэтафары крытыкаў пасла наконт гітлераўскіх канцлягераў можна і разгарнуць. Калі казаць зусім ужо груба і спрошчана, Рузвэльту і Чэрчылю ў свой час даводзілася выбіраць паміж захаваньнем нацысцкіх ці савецкіх канцлягераў. Зразумела, яны б аддалі перавагу таму, каб выбіраць абсалютнае дабро. Але гісторыя не пакінула ім такога выбару. І яны выбралі захаваньне Гулагу. А спадар Шагал — захаваньне беларускага Гулагу, а не павялічэньне пагрозы для яго суайчыньнікаў быць скінутымі ў мора ад набыцьця Ізраілем яшчэ аднаго ворага.

Але... Генры Ўотан казаў пра хлусьню ў імя сваёй Бацькаўшчыны, але ня меў на увазе, што гэта трэба рабіць гэтак бяздарна і бессэнсоўна. Ня толькі прыхільнікі дыялёгу з афіцыйным Менскам на Захадзе, але і палітыкі постсавецкіх краін і нават расейскі МЗС выказваюцца пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі гэтак: «Зразумела, пытаньне ёсьць, але...». Пасьля «але» гучыць рознае: жорсткі падыход неэфэктыўны, захаваньне беларускай незалежнасьці — рэч больш важная, чым правы чалавека, санкцыі контрапрадуктыўныя і г. д. Але першая частка застаецца нязьменнай — наяўнасьць праблемы прызнаюць усе.

І як шкада, што адзіны чалавек, якія проста нічога ня ведае пра яе наяўнасьць — гэта пасол Ізраілю.

Ягоныя шчыраваньні на гэты конт гучаць часам абсурдна. Ён кажа пра стрыманасьць сваёй краіны ў пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі, пра тое, што Ізраіль нехаця падтрымлівае непрыемныя для афіцыйнага Менску рашэньні, ініцыяваныя яго саюзьнікамі. Але калі праблема палітвязьняў у Беларусі для спадара пасла і, відаць, ягоных шэфаў з МЗС Ізраілю такая загадка, то чым тады тлумачыцца стрыманая пазыцыя і неахвотная, але ўсё ж падтрымка рашэньняў, якія раздражняюць Аляксандра Лукашэнку? Тады лепш было б нястрымана ўхваляць Беларусь за росквіт дэмакратыі.

Калі бяз жартаў, то напрошваюцца некалькі тлумачэньняў гэтага пасажу з прамовы спадара пасла. Першае, на якім ня будзем настойваць, гэта нейкія цёплыя нэгоцыі паміж некаторымі прадстаўнікамі ізраільскага істэблішмэнту і афіцыйнага Менску. Паміж дзелавымі партнэрамі «наезды», нават сымбалічныя — справа непажаданая.

Другое — гэта няправільны разьлік з боку ізраільскага МЗС тых самых інтарэсаў сваёй Бацькаўшчыны. Спадар пасол хлусіць, за што яго ня варта папракаць, але Ізраіль не прайграў Беларусі вайну, каб гэтак недарэчна прыніжацца. Гэта, дарэчы, кепскі сыгнал і для суседзяў Ізраіля, якія цэняць сілу і могуць зрабіць свае высновы з такой выразнай дэманстрацыі слабасьці перад далёкай эўрапейскай краінай. Кіраўнік якой, дарэчы, як абдымаўся з «сябрам» Ізраілю Ахмадзінэжадам і супрацоўнічаў зь ім у ваенна-тэхнічнай сфэры, так і будзе абдымацца і супрацоўнічаць, нават калі спадар пасол так і не даведаецца пра наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў да канца тэрміну сваёй пасольскай працы ў Менску. Праблема ня ў тым, што гэта Realpolitik, праблема ў тым, што гэта кепская Realpolitik. Кепская для Ізраілю.

Ну і нарэшце яшчэ адно тлумачэньне, зьвязанае з асабістымі талентамі новага пасла. Паводле габрэйскага анэкдоту, Сара прыходзіць да рабіна і кажа: «Мой Мойша ўжо дарослы, але не ўмее ня піць, ні курыць, ні гуляць з дзяўчатамі». «Сара, дык у вас вельмі высокамаральны сын». «Ды не, рэбэ, вы не зразумелі — ён усяго гэтага ня ўмее, але ён усё гэта робіць!»

Дарэчы, англійскі кароль Якаб І палічыў вызначэньне дыпляматыі, дадзенае Ўотанам, занадта цынічным і звольніў яго з Foreign office.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG