Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелая ад дэвальвацыі спрабуе адсудзіць грошы


У Першамайскім судзе Менску пачаўся разгляд грамадзянскага пазову пэнсіянэркі Ніны Мірашнічэнкі да Беларусбанку. 81-гадовая жанчына патрабуе спагнаць з банку 55 мільёнаў рублёў у якасьці кампэнсацыі грашовых і маральных стратаў.

Летась у траўні Ніна Мірашнічэнка зьвярнулася ў Беларусбанк, дзе трымала свае грошы ў беларускіх рублях, каб канвэртаваць іх у расейскія рублі і зьняць з рахунку, бо зьбіралася набыць жытло ў Маскве і пераехаць туды з хворай дачкой. Але куплю банк не палічыў сацыяльна важнай і зацягнуў з канвэртацыяй да чэрвеня. У выніку Ніна Мірашнічэнка страціла на гэтай апэрацыі каля 7 тысяч даляраў.

Банк пазоў сваёй былой укладчыцы не прызнае.

Справу разглядае судзьдзя Сяргей Люштык.

Падчас паседжаньня ў першай палове дня судзьдзя адхіліў шэраг заяўленых адвакатам Юрыем Шчэрбічам хадайніцтваў, у тым ліку аб запатрабаваньні зь Беларусбанку і Нацыянальнага банку шэрагу дакумэнтаў, якімі кіраваліся банкіры, калі вызначалі падчас валютнага крызісу, каму варта прадаваць валюту, а хто мусіць гэта рабіць сам у касавых цэнтрах. Пры гэтым усім вядома, што летась у сярэдзіне году ў абменьніках валюты фактычна не было альбо яе прадавалі ў абмежаваным памеры.

Слуханьні пазову адновяцца а 16 гадзіне. Адвакат не выключае, што рашэньне вынесуць ужо сёньня, 17 лютага.
XS
SM
MD
LG