Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбалічны запуск новага энэргаблёку менскай ТЭЦ-5, што ў Пухавіцкім раёне, правёў сёньня Аляксандар Лукашэнка. Мадэрнізацыя гэтага прадпрыемства праходзіць з удзелам кітайскіх інвэстараў. Кіраўнік Беларусі заявіў, што такія праекты будуць ладзіцца і надалей. «Чым даваць Эўропе грошы, ня ведаючы, ці вернуцца яны, давайце лепш укладаць іх у рэальныя справы», — сказаў ён.

Праект мадэрнізацыі ТЭЦ-5 цалкам фінансуе дзяржаўны банк Кітаю. Грошы ён выдаткаваў пад гарантыі ўраду Беларусі. Беларускі бок адзначае асаблівую фінансавую прывабнасьць пазыкі — 260 мільёнаў эўра пад 6% гадавых на 12 год з ільготным пэрыядам — тры гады.

Камэнтуючы гэтыя лічбы для «Свабоды», былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч разважае: «Умовы ільготныя. Тры першыя гады ня будзем плаціць. 6% гадавых для Беларусі — гэта прымальна. Той жа расейскі „Сбербанк“ даваў крэдыты пад 10–12% гадавых.

Але тут усё пытаньне — на якія мэты кітайцы даюць гэтыя грошы? Звычайна яны даюць грошы выключна на зьвязаныя крэдыты, то бок за гэтыя грошы купляецца толькі кітайскае абсталяваньне. У Кітаю ня возьмеш крэдыт, калі ты сам будзеш вырашаць, як лепей ім распараджацца.

Таму гэтае пытаньне цягне за сабой другое — а наколькі якаснае кітайскае абсталяваньне? Ці не саступае яно, напрыклад, заходнеэўрапейскаму, амэрыканскаму альбо японскаму? І таму можна правесьці мадэрнізацыю па-кітайску, а эфэктыўнасьць вытворчасьці будзе нізкая.

І яшчэ на адну рэч тут неабходна зьвярнуць увагу. Гэты крэдыт — дзяржаўны, бо даецца ён пад гарантыі беларускага ўраду. А гэта азначае, што наш дзяржаўны доўг будзе павялічвацца».

Мадэрнізаваным блёкам сумесна кіруюць спэцыялісты дзьвюх краін — Беларусі і Кітаю. Таму і бальшыня надпісаў тут на трох мовах — кітайскай, расейскай і ангельскай. А вось беларускай мовы — няма.

З гэтай нагоды старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў адзначае:
«Паводле закону павінна быць на дзьвюх мовах дзяржаўных — тут пытаньня няма. І таму я магу параіць той кітайскай фірме, якай займаецца абсталяваньнем і яго ўстаноўкай, браць прыклад з суайчыньніка. А менавіта з таго кітайскага журналіста, які нядаўна ўзяў інтэрвію па-беларуску ў Лукашэнкі».

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам мае намер сустрэцца з кіраўніцтвам Кітаю, каб абмеркаваць чарговыя двухбаковыя праекты ў энэргетычнай сфэры. «Чым даваць Эўропе грошы, ня ведаючы, ці вернуцца яны, давайце лепш укладаць іх у рэальныя справы», — сказаў ён.

Такі паварот ад Эўропы ў бок Кітаю палітоляг Алесь Лагвінец тлумачыць наступным чынам: «Паколькі ўсё гэта адбываецца вельмі непразрыстым, непадкантрольным чынам, то мы да канца ня можам разумець усе ўмовы тых ці іншых пагадненьняў. Менавіта з-за гэтага, мне падаецца, Лукашэнка і кажа пра сваю неахвоту мець справы з Захадам. Бо заходні бізнэс дзейнічае паводле больш зразумелых і празрыстых правілаў. Гэтага ня скажаш пра расейскі і нават кітайскі. Там занадта шмат палітычных залежнасьцяў. І таксама, я думаю, для дасягненьня геапалітычнага эфэкту і Расея, і Кітай могуць пагаджацца на не зусім рынкавыя ўмовы супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG