Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла: Выбары ня будуць сапраўднымі


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла накіравала ліст кіраўніку Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімеру Коласу.

У лісьце вітаецца ініцыятыва сьвяткаваньня угодкаў 25 сакавіка і выказваецца спадзяваньне на ўдзел «максымальна шырокага кола прадстаўнікоў партый і арганізацый, якія выспавядаюць Незалежнасьць як найвялікшую каштоўнасьць».

Сярод іншага, у лісьце гаворыцца: «Рада БНР прынцыпова ня ўмешваецца ва ўзаемаадносіны паміж палітычнымі партыямі ў Беларусі і ня лічыць неабходным навязваць свой пункт погляду на тыя ці іншыя падзеі. Пацьвярджаючы гэтую пазыцыю, хацела б сёньня сказаць некалькі меркаваньняў.

Незалежнасьць беларускай дзяржавы заўсёды была галоўнай мэтай Рады БНР. За яе мы змагаемся ўжо 93 гады. Найбольшай пагрозай Незалежнасьці ёсьць і заўсёды быў наш усходні сусед. І, на працягу ужо васемнаццаці гадоў, яго адданы саюзьнік Аляксандар Лукашэнка. Чалавек гэты даказаў, што ён не разумее людзкой мовы і не валодае чалавечымі паняцьцямі. Разумее толькі сілу. Адсюль і вынікае стаўленьне Рады БНР да міжнародных санкцыяў, якія мы падтрымліваем і за пашырэньне якіх выступаем. Як Вам вядома, адразу пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 Рада БНР запрапанавала, сярод іншага, забараніць уезд у дэмакратычныя краіны ня толькі кіраўнікам, што ў той ці іншай ступені спрычыніліся да рэпрэсіяў, ня толькі супрацоўнікам рэпрэсіўных ворганаў, але і членам іх сем’яў. Адсюль вынікае і стаўленьне да так званых „выбараў“, якія ня будуць сапраўднымі, пакуль у турмах застаюцца палітычныя вязьні і пакуль ня будзе зьменены закон, з улікам максымальнага допуску незалежных назіральнікаў як з Беларусі, гэтак і з дэмакратычных краінаў Захаду, з улікам права апазыцыйных палітычных сілаў поўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі» — гаворыцца ў лісьце.

Мяркуецца, што паседжаньне Рады інтэлігенцыі адбудзецца ў пятніцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG