Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта намэнклятурная дзяльба зямлі ў цэнтры Менску»


16 студзеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разварваў дамову з міжнароднай групай кампаній ITERA на будаўніцтва дзелавога цэнтра «Мінск-Сіці».

Узьвядзеньне дзелавога цэнтра «Мінск-Сіці» на месцы аэрапорту «Менск-1» зьяўляецца для беларускіх уладаў адным са стратэгічных праектаў. Да 2020 году на тэрыторыі ў 318 гектараў павінен зьявіцца жылы раён, камэрцыйныя і адміністратыўныя будынкі. Інвэстарам была абрана расейская кампанія ITERA.

8 лютага прэс-служба гэтай кампаніі паведаміла, што ў красавіку плянуе адкрыць першы бізнэс-цэнтар у «Мінск-Сіці». І нават пачала продаж камэрцыйнай нерухомасьці. На пачатку гэтага года ITERA пачала ўзьвядзеньне другой чаргі. У сакавіку плянавалася здаць у эксплюатацыю чатыры жылыя дамы. Аднак кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разарваў дамову з ITERA. Прэс-сакратар кампаніі Аляксандар Гаруноў так адрэагаваў на новы паварот у супрацоўніцтве з афіцыйным Менскам:

«Мы цяпер вывучаем сытуацыю. Таму нам пакуль наўрад ці ёсьць што сказаць. Там былі пэўныя складанасьці цягам рэалізацыі праекта. Гэтыя складанасьці нікуды не дзяваліся. Вывучаем сытуацыю, а далей будзем рэагаваць па выніках вывучэньня».

Пяць месяцаў таму Лукашэнка быў незадаволены тэмпамі будаўніцтва. З таго часу станоўчых зьменаў не адбылося. Асваеньне сродкаў ад пачатку праекта склала ўсяго каля 0,5% ад заяўленага аб’ёму інвэстыцый 25,6 трыльёнаў рублёў. Лукашэнка тады заявіў, што не дазволіць зноў пераносіць тэрміны, а таксама ITERA не атрымае дадатковых ільготаў. І вось 16 лютага Лукашэнка разарваў дамову з інвэстарам. Камэнтуючы гэта дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў:

«ITERA — гэта ўсё былое. Там былыя палкоўнікі службы зьнешняй выведкі, былыя супрацоўнікі савецкага КДБ. Яна не зьяўляецца моцным гульцом на рынку газу і наогул на рынку буйных кампаній. Час ITERA скончыўся. Дарэчы, ITERA ў свой час амэрыканскае ФБР узяло ў распрацоўку як адну з самых авантурыстычных і карумпаваных кампаній. Гэта не сур’ёзны гулец, Час ITERA прайшоў».

Паводле Заікі, гісторыя з ITERA і пошукамі новага інвэстара для будаўніцтва «Мінск-Сіці» — гэта «чыста намэнклятурная дзяльба зямлі ў цэнтры горада».

«Практычна адна група лябістаў ідзе да Аляксандра Рыгоравіча, другая група падскоквае да Міхаіла Ўладзіміравіча. І гэта бедны Менск дзеляць з гэтымі бізнэс-цэнтрамі, аэрадромам „Менск-1“, з былым тралейбусным паркам і ніяк не могуць падзяліць. Чыста па намэнклятурнаму».

Паводле старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, паступіў шэраг зваротаў ад іншых інвэстараў з розных краін, каб будаваць «Мінск-Сіці». Ім будуць прапанаваныя тыя ж умовы. Калі нешта не задаволіць беларускі бок, то Менгарвыканкам створыць прадпрыемства для рэалізацыі праекта. 17 студзеня гэтага года Лукашэнка ў інтэрвію кітайскім СМІ заявіў, што Беларусь ня супраць перадаць Кітаю будаўніцтва «Мінск-Сіці». Заіка пэсымістычна ацэньвае кітайскую пэрспэктыву:

«Трэба паехаць у Салігорск і паглядзець, што стала з кітайскім бізнэсам. Трэба нагадаць беларускаму кіраўніцтву пра агуркі, якія вырошчвалі кітайцы ў Берасьцейскай вобласьці. Гэтыя праекты выклікаюць шкадаваньне і горыч».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG