Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 лютага суд Першамайскага раёну Менска пачне разгляд позвы пэнсыянэркі Ніны Мірашнічэнкі да «Беларусбанку». Жанчына падлічыла, што ў выніку мінулагодняй дэвальвацыі беларускага рубля яна страціла ў эквіваленце 5 тысяч даляраў, і патрабуе ад банка вярнуць ёй такую суму.

81-гадовая Ніна Мірашнічэнка адважылася на тое, што моўчкі трываюць тысячы беларусаў, якія апынуліся ў аналягічным стане. Па яе словах, улады нахабна падманулі людзей, спадзеючыся, што ніхто пратэставаць ня будзе — маўляў, вінаватая эканамічная сытуацыя. І гэта пры тым, кажа суразмоўніца, што калі кліентаў завабліваюць у банк, ім абяцаюць «залатыя горы»:

«Ды пра што ўвогуле гаварыць? Што абяцаў той жа Пракаповіч? А што абяцаў прэзыдэнт? Я не баюся, ён мяне не расстраляе, мне ўжо 81 год і калі пайду на той сьвет, то не бяда, аджыла сваё. Але ж падманваць ня трэба! Залатавалютныя запасы ў нас вунь якія, рубель у нас, як ён усё казаў, стабільны. Дык каму верыць,
Я не баюся, ён мяне не расстраляе, мне ўжо 81 год і калі пайду на той сьвет, то не бяда, аджыла сваё ...

паслухайце? Гэта ж форменны падман! А зараз яны ўвогуле зачыніліся: ніякай інфармацыі, ні да каго не магу дабрацца. Пісала тры разы на прэзыдэнта, а яны ўсё перанакіроўваюць у банк. Навошта мне банк? Я ў прэзыдэнта хачу запытацца. Не, прэзыдэнт недаступны. Дык што гэта такое? У нас жа краіна дэмакратычная, сацыяльна арыентаваная. Так ці не? Ці ўсё толькі казкі?».

Спадарыня Мірашнічэнка скардзіцца, што двойчы атрымала аднымі і тымі ж граблямі. Напачатку 1990-х у банку «згарэлі» 10 тысяч савецкіх рублёў, якія яны з мужам зьбіралі на будаўніцтва лецішча, зараз гісторыя амаль што паўтарылася. Два гады таму пэнсыянэрка паклала на рахунак у «Беларусбанку» амаль 50 мільёнаў рублёў, выручаных ад продажу зямлі і нерухомасьці. Грашыма не карысталася, спадзявалася на абяцаныя звышдывідэнды, аднак летась беларускі рубель абясцэніўся ўтрая:

«Магчыма людзі страцілі ня столькі грошай, колькі я, але я якраз у гэты час прадавала лецішча, прадавала гараж і прадавала машыну. І трэба ж было здарыцца, што ўсё прадалася разам. І калі пайшла ў банк на прыём, каб параіцца наконт укладу, то запыталася: можа пакласьці ў расейскіх рублях, бо мне ў прынцыпе ўсё роўна, абы ляжалі ў надзейным месцы. І кансультант мне сказала: ой, навошта вам гэта рабіць? Маўляў, з расейскіх рублёў атрымаеце толькі 8%, а зь беларускіх — ажно 22%. Разумееце, агітуюць толькі на сваю карысьць. Хоць я перакананая, што яны ўжо тады ведалі, што скончыцца ўсё менавіта так. Але ўсё роўна агітуюць. Бачыце, што робіцца? Суцэльны падман!».

Спадарыня Мірашнічэнка ўсьведамляе, што праціўнік у яе надзвычай сур’ёзны. Яна не сумняеццца, што абаронцы дзяржаўных інтарэсаў задзейнічаюць самыя розныя інструмэнты «забалваньваньня», каб толькі не вярнуць прысабечаныя грошы. Аднак пэнсыянэрка настроеная адпаведна: кажа, што досьвед памерлага мужа-чэкіста будзе якраз да месца:

«Я пражыла з мужам 43 гады і ў мяне муж быў чэкіст. Таму я ведаю ўсе гэтыя іхнія лазейкі. У мяне муж праслужыў у вайсковай частцы 3214 — усе ведаюць гэтую
А паколькі да прэзыдэнта мяне не дапусьцілі, засталося толькі адно: зьвярнуцца праз СМІ ...

элітную частку — 36 гадоў. У мяне столькі ўсялякіх ягоных ордэнаў, дакумэнтальныя сьведчаньні, дзе і ў якіх баях ён удзельнічаў — ніякай увагі. А паколькі да прэзыдэнта мяне не дапусьцілі, засталося толькі адно: зьвярнуцца праз СМІ (вы ж чацьвёртая ўлада ў дзяржаве, так кажуць?), а потым і ў суд. Бо з несправядлівасьцю трэба біцца. Тым больш, калі так бессаромна падманваюць».

Ніна Захараўна кажа, што змагаецца ня толькі за страчаныя грошы, але і за гонар і годнасьць. Па яе словах, нельга так бессаромна абыходзіцца са старымі людзьмі, якія мала што разумеюць у эканамічных рэаліях і цалкам спадзяюцца на прыстойнасьць супрацоўнікаў банкаўскай сфэры:

«Падманулі мяне як апошнюю дурніцу, надоўга загналі ў шокавы стан. Таму я можа ня столькі абураная гэтай дэвальвацыяй, што яны ўчынілі, ды іхняй канвэртацыяй, як яны мяне абабралі, колькі мяне закранае тое, што нейкія маладыя разумніцы так падманулі старую бабу ў 81 год. Вось што мяне найбольш абурае».

Спадарыня Мірашнічэнка гаворыць, што на наступны дзень пасьля абвешчанай дэвальвацыі яна пайшла ў банк і папрасіла канвэртаваць уклад у расейскія рублі, як адразу і плянавала зрабіць. Там толькі разьвялі рукамі, сказаўшы, што нічым дапамагчы ўжо не ў стане. Летам яна ўсё ж перавяла беларускія грошы ў расейскую валюту, на чым, па яе падліках, страціла 5 тысяч даляраў. Ніна Захараўна кажа, што банкаўскія работнікі ёй проста не пакінулі выбару, таму нічога не застаецца, як дабівацца справядлівасьці праз суд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG