Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Баранавічы: Мікола Чарнавус абскарджвае вырак за самаўпраўства


Мікола Чарнавус

Мікола Чарнавус

Баранавіцкі актывіст украінскай грамады Мікола Чарнавус падаў скаргу ў Берасьцейскі абласны суд на вырак аб самаўпраўстве. 10 лютага за самаўпраўства Баранавіцкі суд прысудзіў яму 70 тысяч рублёў штрафу.

Паводле выраку, самаўпраўства Чарнавуса выявілася ў тым, што ён называў сябе старшынёй незарэгістраванага баранавіцкага грамадзкага аб’яднаньня украінцаў «Кабзар». Ад імя гэтай арганізацыі ён вёў ліставаньне з гарадзкімі ўладамі.

Аднак Мікола Чарнавус не пагадзіўся з выракам суду. Ён кажа, што ня бачыць у сваіх дзеяньнях ніякага самаўпраўства. Спадар мяркуе, што мясцовыя ўлады мэтанакіравана чыняць перашкоды ў рэгістрацыі аб’яднаньня «Кабзар».

У скарзе ў абласны суд Мікола Чарнавус сьцьвярджае, што ў пачатку 2011 году на ўстаноўчым сходзе арганізацыі ўкраінцаў Баранавічаў ён быў абраны старшынёй. Таму яму і было даручана займацца рэгістрацыяй «Кабзара».

Справа вакол нерэгістрацыі аб’яднаньня «Кабзар» атрымала і міжнародную агалоску. На суд да Міколы Чарнавуса прыязджаў прадстаўнік генэральнага консульства Ўкраіны ў Берасьці. А ўкраінскі дэпутат Ігар Гуз выказаў пратэст у сувязі з тым, што, на яго думку, у Баранавічах парушаюцца правы ўкраінцаў.
XS
SM
MD
LG