Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі нацыянальных хакейных фэдэрацыяў падкрэсьліваюць, што рашэньне аб месцы правядзеньня чэмпіянату сьвету знаходзіцца ў кампэтэнцыі кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею, і пацьвярджаюць, што ў разе, калі рашэньне аб чэмпіянаце ў Менску ня будзе зьмененае, каманды іх краінаў гатовыя прыехаць у Беларусь у траўні 2014 году.

У нацыянальных фэдэрацыях ведаюць пра заклік шэрагу палітычных структур, міжнародных арганізацыяў і прыватных асобаў не праводзіць сусьветнага першынства ў Беларусі з увагі на перасьлед апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і парушэньні беларускімі ўладамі дэмакратычных стандартаў.

Фішэр: «Мы разумеем праблему і працягваем яе абмяркоўваць»

«Мы, зразумела, усьведамляем сабе ўсю гэтую сытуацыю», — сказаў у інтэрвію нашаму радыё прэсавы прадстаўнік Фэдэрацыі хакею ЗША Дэйвід Фішэр. Паводле яго словаў, па-ранейшаму працягваюцца размовы паміж афіцыйнымі асобамі Амэрыканскай хакейнай фэдэрацыі, прадстаўнікамі амэрыканскага ўраду і афіцыйнымі асобамі Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі.

«Пакуль што да чэмпіянату ў Беларусі даволі далёка. Мы разумеем праблему і працягваем яе абмяркоўваць», — адзначыў Фішэр. Разам з тым ён нагадаў, што амэрыканскія каманды абавязаныя ўдзельнічаць у кожным хакейным чэмпіянаце, арганізаваным Міжнароднай хакейнай фэдэрацыяй, калі прайшлі кваліфікацыйны адбор.

Энглюнд: «Мы не намераныя мяшаць палітыку з спортам»

Паводле прэзыдэнта Швэдзкай хакейнай фэдэрацыі Крыстэра Энглюнда, каманда яго краіны таксама зьбіраецца прыехаць на чэмпіянат у Беларусь:

«Пакуль няма ніякай новай інфармацыі ні ад Эўразьвязу, ні ад нашага нацыянальнага парлямэнту, мы ня маем намеру мяшаць палітыку з спортам. Калі мы будзем увязваць палітыку з спортам, у нас узьнікне шмат праблемаў і ў шмат якіх іншых краінах сьвету. У нас была падобная дыскусія й перад Алімпійскімі гульнямі ў Кітаі. На маю думку, спорт здольны зрабіць краіну аб’ектам зацікаўленьня міжнародных СМІ і такім чынам паспрыяць ціску на ўлады, калі яны не паважаюць правоў чалавека».

Адказваючы на пытаньне, ці пагадзіўся б кіраўнік швэдзкай фэдэрацыі хакею сфатаграфавацца з Аляксандрам Лукашэнкам падчас турніру ў Менску, Энглюнд заўважыў, што ня быў бы супраць гэтага:

«Калі ня будзе ніякага іншага рашэньня адносна месца правядзеньня чэмпіянату, я ня бачу нічога супраць такога здымка з Лукашэнкам на спартовай арэне. Я не зьбіраюся абмяркоўваць з Лукашэнкам палітычных пытаньняў».

Зікмунд: «Пра байкот мы ня думаем»

Прэсавы сакратар Чэскага хакейнага зьвязу Здэнек Зікмунд у размове з «Свабодай» найперш адзначыў, што рашэньне кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею зьяўляецца абавязковым:

«Мы паважаем гэтае рашэньне. Таму магчымасьці байкоту або адмовы ад удзелу мы не разглядаем. Адзіным органам, які мог бы правесьці нейкую зьмену ў гэтай справе, зьяўляецца кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею».

Райндль: «Мы паглядзім, як пойдзе абмеркаваньне на кангрэсе»

Аналягічную пазыцыю выказаў і генэральны сакратар Фэдэрацыі хакею Нямеччыны Франц Райндль:

«Чэмпіянат у Менску праводзіць Міжнародная фэдэрацыя хакею. Як чалец міжнароднай фэдэрацыі мы абавязаныя ўдзельнічаць. Толькі Міжнародная фэдэрацыя хакею можа адмяніць правядзеньне ўсясьветнага чэмпіянату. Мы пачакаем і паглядзім, як пойдзе абмеркаваньне на кангрэсе фэдэрацыі ў Хэльсынкі ў траўні 2012 году».

Добіяш: «Ня буду камэнтаваць заклікаў Шцяснага»

Прэсавы сакратар Славацкай хакейнай фэдэрацыі Пэтар Добіяш таксама спаслаўся на рашэньне дэлегатаў кангрэсу IIHF у Бэрне. Адначасна Добіяш адмовіўся пракамэнтаваць ранейшыя заклікі легенды славацкага хакею і цяперашняга эўрадэпутата Пэтра Шцяснага да Міжнароднай фэдэрацыі хакею забраць у Беларусі права на правядзеньне сусьветнага першынства.

Скептычна да ідэі перагляду месца правядзеньня чэмпіянату сьвету 2014 году паставіўся прэзыдэнт Нарвэскай хакейнай фэдэрацыі Уле Якаб Лібэк:

«Вы спазьніліся на два гады. Пытаньне трэ было падымаць раней. Рашэньне было прынятае на кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі хакею больш як два гады назад. А цяпер вы марнуеце ваш час і наш час».

Гарбуноўс: «Нас найперш хвалююць спартовыя прынцыпы»

Прэсавы сакратар Фэдэрацыі хакею Латвіі Марыс Гарбуноўс у інтэрвію «Свабодзе» адзначыў, што лічыць пытаньне адносна месца правядзеньня чэмпіянату 2014 году фактычна канчаткова вырашаным, аднак пры гэтым ня выключыў, што дэлегаты найбліжэйшага кангрэсу IIHF усё ж могуць вярнуцца да гэтай тэмы ў траўні:

«Нашую фэдэрацыю найперш хвалююць спартовыя прынцыпы. У беларускай фэдэрацыі вялікі досьвед правядзеньня хакейных спаборніцтваў рознага ўзроўню. Таму мы думаем, што яны добра з сваёй задачаю справяцца. Мы ўсе добра ведаем палітычную сытуацыю ў Кітаі, але гэта ніяк не паўплывала на правядзеньне Алімпійскіх гульняў 2008 году ў Пэкіне...»


* * *
Рашэньне правесьці чэмпіянат сьвету 2014 году ў Менску прыняў кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею 8 траўня 2009 году ў Бэрне. Апрача Беларусі, на правядзеньне чэмпіянату прэтэндавалі Вугоршчына, Латвія і Ўкраіна. За Беларусь аддалі свае галасы 75 удзельнікаў кангрэсу, 24 удзельнікі прагаласавалі за Вугоршчыну, Латвія атрымала 3 галасы, Украіна — 2.

У студзені 2011 году, пасьля жорсткага здушэньня менскай акцыі пратэсту супраць узурпацыі Аляксандрам Лукашэнкам улады, Эўрапейскі парлямэнт рэкамэндаваў Міжнароднай фэдэрацыі хакею замарозіць правядзеньне ў Беларусі чэмпіянату сьвету. Ухваленая дэпутатамі рэзалюцыя адзначала, што спартовыя мерапрыемствы такога маштабу ня могуць праводзіцца ў краіне, дзе ёсьць палітычныя вязьні. На працягу мінулага году з аналягічнымі заявамі выступалі паасобныя палітыкі, дзеячы культуры і мастацтва. Заклік да Міжнароднай фэдэрацыі хакею адмяніць рашэньне аб правядзеньні ў Беларусі чэмпіянату сьвету зьмяшчаецца і ў падпісаным прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам Акце аб дэмакратыі і правох чалавека 2011 году ў дачыненьні да Беларусі (Belarus Democracy and Human Rights Act of 2011).

На пачатку студзеня прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль пацьвердзіў прынятае раней рашэньне праводзіць чэмпіянат сьвету ў 2014 годзе ў Беларусі. «Мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне на паседжаньні Рады і на Кангрэсе. Кангрэс пастанавіў праводзіць турнір у Беларусі і ў 2014 годзе. Мы ўбаку ад палітычных дыскусіяў», — заявіў Фазэль журналістам у канадзкім Калгары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG