Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне страшна гаварыць па-беларуску»


Агітаваньне за беларускамоўную клясу ў Магілёве.
Агітаваньне за беларускамоўную клясу ў Магілёве.

«Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасьць і пэрспэктывы» — круглы стол пад такою назваю адбыўся ў Менску з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. У ім узялі ўдзел чыноўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, якія засьведчылі занядбаны стан мовы ў Беларусі перадусім — у дзяржаўных установах.

Дзяржаўная праграма папулярызацыі беларускай мовы была распрацаваная і зацьверджаная з ініцыятывы Міністэрства культуры ў 2010 годзе. Пра важнасьць гэтай праграмы, а галоўнае — яе выкананьня, ва ўступным слове заявіў намесьнік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі:

«Моўная праблема сёньня існуе ў многіх краінах сьвету. Думаю, што гэтая праблема актуальная і для нашай Беларусі. Безумоўна, патрабуюцца высілкі дзяржавы і ўсяго грамадзтва, каб нашую мову захоўваць, падтрымліваць і папулярызаваць. Магу сказаць, што для Міністэрства культуры і большасьці ўстаноў моўнай праблемы не існуе. Іншая рэч — як шырока яна выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцьці».

Паводле намесьніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій Уладзімера Ламекі, пасьпяхова беларуская мова разьвіваецца цяпер толькі ў каталіцкім касьцёле і ёсьць спадзяваньне на гэткае ж разьвіцьцё ў праваслаўнай царкве. Што да іншых галін, як, да прыкладу, кнігадрукаваньня, то летась беларускіх выданьняў выйшла з друку 8,2% ад агульнай колькасьці — гэта 940 найменьняў кніг, 785 зь якіх былі падрыхтаваныя ў недзяржаўных выдавецтвах. У пэрыядычных выданьнях таксама пануе расейская мова. Прычына ў тым, што беларускамоўныя выданьні выбіраюць людзі, якія цікавяцца палітыкай і грамадзкім жыцьцём, патлумачыла прадстаўніца Міністэрства інфармацыі Галіна Гусакова:

«На жаль, у сродках масавай інфармацыі беларускамоўныя выданьні саступаюць месца расейскамоўным. Таму мы правялі дасьледаваньне — тыя чытачы, якія ведаюць беларускую мову, цікавяцца жыцьцём нашай краіны, дзейнасьцю дзяржаўных органаў і ўсімі напрамкамі жыцьця грамадзтва — тыя выбіраюць беларускія выданьні. А забаўляльныя выданьні, якія ставяць сваёй мэтай даносіць іншую інфармацыю — іх чытачы аддаюць перавагу расейскамоўным выданьням».

Варта зазначыць, што круглы стол вёўся па-беларуску і частка чыноўнікаў зь цяжкасьцю давалі рады сваёй прамове. Паводле Галіны Гусаковай, прычына вузкага ўжытку беларускай мовы ў тым, што моладзь беларускай мовы ня ведае, а бацькі не заахвочваюць сваіх дзяцей вучыцца па-беларуску. З гэтай прычыны скарачаецца колькасьць беларускіх клясаў і школ, падтрымала гэтае меркаваньне прадстаўніца Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна:

«На жаль, маладыя бацькі, якія маюць магчымасьць выбару, вядуць дзяцей у расейскамоўныя клясы навучаньня. А як вядома, дзіця валодае той мовай, на якой размаўляюць у сям’і, якую ён чуе з раньняга дзяцінства. Таму і зьмяншаецца колькасьць клясаў зь беларускай мовай навучаньня і нават устаноў сярэдняй адукацыі».

Сьцьвярджэньні пра роўныя магчымасьці навучаньня дзяцей у беларускіх школах на роднай мове і на расейскай — маніпуляцыі і крывадушнасьць чыноўнікаў, гэтак пракамэнтавала выказваньне намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч:

«Калі кажуць, што існуе заканадаўства, якое гарантуе роўнасьць умоваў, і калі бацькі нават пройдуць усе сем колаў пекла, на якія іх пасылаюць — да прыкладу, пошук іншых навучэнцаў, пошук настаўнікаў, — то канчатковае рашэньне ўсё роўна прымае ўправа адукацыі, якая можа адмовіць без тлумачэньня прычын. Другое — адсутнасьць попыту на беларускую мову. Такі попыт ня створаны дзяржавай, калі мовы няма на тэлевізіі, на радыё, у дзяржаўным ужытку. На Гарадзеншчыне правялі апытаньне сярод малодшых дзяцей, чаму яны ня хочуць размаўляць на беларускай мове. Дзеці адказалі: мне страшна гаварыць па-беларуску. Таму тыя, хто выбірае беларускую мову для сваіх дзяцей — гэта значыць, выбіраюць шлях змаганьня на ўсё жыцьцё вось з гэтымі ветракамі, якія ставіць дзяржава».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG