Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў даў інтэрвію аглядальніку Радыё Свабода Людміле Целень. Размова ішла аб палітычнай сытуацыі ў Расеі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

РС: Уявіце сябе на месцы Ўладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна. Што б вы сталі рабіць?

Гарбачоў: Зрабіў бы ўсё, каб не апынуцца ў такім становішчы. Я думаў, што падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Ўладзімір Ўладзіміравіч — пры ўсіх нюансах, якіх хапала — зробіць шмат пазытыўнага для стабілізацыі ў краіне (ён шмат чаго і зрабіў). У яго быў шанец для грунтоўнай працы па прасоўваньні Расеі да дэмакратыі. Па-мойму, гэта ў яго не атрымалася.

Зрэшты, цяпер я ўжо сумняваюся — ці ставіў ён перад сабой такую задачу. Бо якраз у гэты час зьнявечылі выбарчую сыстэму. Я выступаў з крытыкай з гэтай нагоды, у тым ліку ў «Росийсской газете». І нічога, ніякай рэакцыі. У іх там ва ўладзе наогул ёсьць такая манера: калі хтосьці іх крытыкуе, яны толькі зьлей даюць адлуп. Усё гэта кажа аб хваробе, якую трэба лячыць. І лячыць гэта можна толькі грамадзкім меркаваньнем.



РС: Гэта хвароба лідэра ці хвароба сыстэмы?

Гарбачоў: Я думаю, што сыстэмы. Але сыстэма выбудавана вакол лідэра.

РС: Лідэр вызначае, якой будзе сыстэма ці наадварот?

Гарбачоў: У дадзеным выпадку — лідэр. Ён яе ствараў і стварае пад сябе. Ён выкарыстаў у Канстытуцыі тыя самыя моманты, ад якіх яе трэба наогул вызваліць. Я маю на ўвазе тое, што наша Канстытуцыя дае самадзяржаўныя правы першай асобе. Гэта нікуды ня варта. Мне думаецца, гэта трэба мяняць.

РС: Вы казалі, што Ўладзіміру Пуціну ня трэба было б балятавацца ў прэзыдэнты трэці раз.

Гарбачоў: Я не зьмяняю пункт гледжаньня.

РС: Але ён ужо балятуецца. І наўрад ці ёсьць хоць нейкая верагоднасьць, што ён адмовіцца ад сваіх намераў.

Гарбачоў: Цяпер трэба зыходзіць з таго, што ён застаўся. Я зыходжу з гэтага. Ён сам сябе загнаў у гэты кут. Ты застаесься, ты не рэагуеш, ты не ўспрымаеш парадаў ... Ён жа ўразнос пайшоў. Ён, кажуць, сказаў: прэзыдэнту Гарбачову трэба язык прыкусіць. Наогул, расьперазаўся чалавек. А яго капіююць астатнія... Тым ня менш, я думаю, што калі ён возьмецца выпраўляць сытуацыю, то шанец яшчэ ёсьць. Вось колькі ён нагаварыў зараз! Калі ён гэта зрабіў проста для адводу вачэй, калі ён нас за дурняў лічыць, то я скажу так: ён тады прайграў.

РС: Вы лічыце, што чалавек, які паводзіў сябе пэўным чынам на працягу 12 гадоў, можа на трынаццатым годзе зьмяніцца?

Гарбачоў: Бывае, што і праз 20 гадоў людзі мяняюцца. Справа ж ня ў тым, што чалавек сам захацеў зьмяніцца, а ў тым, што сытуацыя яго прымушае гэта рабіць. Думаю, што і настрой тых людзей, якія яго сёньня падтрымліваюць, будзе мяняцца.

РС: Наколькі Уладзімір Пуцін залежыць ад свайго атачэньня? Ці, наадварот, асяродзьдзе залежыць ад яго?

Гарбачоў: Я думаў, што ён абсалютна не залежыць ад асяродзьдзя, а аказваецца, усё ж залежыць.

РС: На якой падставе вы зрабілі гэтую выснову?

Гарбачоў: Там шмат узаемазалежнасьцяў у розных справах, асабліва ў тым, што тычыцца уласнасьці. Пацягнеш за гэты канец, пацягнецца і іншы.

РС: Хто каго цягне?

Гарбачоў: Мяркую, што ён у асноўным усіх цягне. Але і яму даводзіцца, мабыць, лічыцца з асяродзьдзем.

РС: Якое галоўнае адрозьненьне паміж Уладзімірам Пуціным як палітычным лідэрам і вамі?

Гарбачоў: Не люблю я гэтыя аналёгіі ... Вядома, у іх ёсьць, што губляць. Я губляў ўладу, я губляў сымпатыі людзей... Але я не губляў мільярды, у мяне іх не было.

РС: Да якога тыпу палітыкаў адносіцца Ўладзімір Пуцін? Ёсьць палітыкі, якія трымаюцца за ўладу дзеля самой улады, ёсьць тыя, хто трымаецца за яе дзеля грошай...

Гарбачоў: Ён такі ...

РС: Калі вы маеце рацыю, то Ўладзімір Пуцін не саступіць уладу да таго часу, пакуль ня будзе гарантый таго, што на капіталы ягонага блізкага кола застануцца ў недатыкальнасьці.

Гарбачоў: Відаць будзе. Гэтае пытаньне ўсё роўна паўстане. Усе гэтыя таварышы па кааператыве «Возера» ... Тут на ім адказнасьць вялікая. Калі ён яшчэ не наважыцца, яму трэба дапамагчы наважыцца.

РС: Як дапамагчы?

Гарбачоў: Праз дэмакратычныя інстытуты.

РС: Іх няма.

Гарбачоў: Будуць.

РС: Адкуль яны возьмуцца?

Гарбачоў: Аднекуль жа зьявіліся людзі на Балотнай плошчы і на праспэкце Сахарава.

РС: Ад якой памылкі вы перасьцераглі б Пуціна?

Гарбачоў: Ён зрабіў шмат памылак. Цяпер хай выпраўляе іх.

РС: Я аб магчымых памылках у будучыні ...

Гарбачоў: Самае дрэннае, калі ён будзе працягваць тую лінію, якая прывяла яго і нас разам зь ім у тупік. З тупіку трэба выбірацца. А выбрацца зь яго можна толькі разам зь людзьмі. Яны павінны ўдзельнічаць у палітычных працэсах. Вось на гэта наважыцца трэба.

РС: Гэта можа быць яго уласным рашэньнем? Ці ён пойдзе на гэта толькі пад ціскам грамадзтва?

Гарбачоў: Я думаю, будзе і адно, і другое.

РС: Уладзімір Пуцін да гэтага часу не сьпяшаўся дамаўляцца з нязгоднымі. Ён наогул ня схільны да кампрамісаў.

Гарбачоў: Прыйшоў час, калі давядзецца дамаўляцца. І нам усім навядзецца дамаўляцца. Хтосьці думае, што мы як былі статкам, так статкам і засталіся? Не!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG