Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца — ёсьць, прыстойных заробкаў — няма


Калі меркаваць па афіцыйнай статыстыцы, праблема беспрацоўя ў Беларусі вырашана.

15 лютага Міністэрства працы й сацыяльнай абароны заявіла, што сёлета ў Беларусі павялічылася колькасьць вакансіяў на рынку працы і нібыта цяпер прапановаў ад наймальнікаў у 1,7 раза больш, чым зарэгістраваных беспрацоўных.

Ці сапраўды ў Беларусі няма праблемы беспрацоўя? Чаму людзі, якія страцілі працу, не сьпяшаюцца на тыя вакансіі, якія прапануюць наймальнікі? Ці можна давяраць афіцыйным заявам пра адсутнасьць беспрацоўя?

Гарадзеншчына


Сярод беспрацоўных — былы дэпутат Бераставіцкага райсавету


Алег Рамашкевіч — грамадзкі актывіст, жыве ў Вялікай Бераставіцы, мае вышэйшую адукацыю. Быў раней дэпутатам раённага савету, ставіў на сэсіях вострыя пытаньні. Доўгі час ня можа знайсьці працу з нармальным заробкам. Па-першае, у невялікім райцэнтры магчымасьці вельмі абмежаваныя, па-другое, ён адчувае, што яго папросту ня хочуць браць.

Рамашкевіч: «У асноўным прапануюць працу малааплатную. Вось я тут агентам „Белдзяржстраху“ працаваў, то атрымоўваў заробак сто-дзьвесьце тысяч. Гэта гады тры назад, ня болей. Аднойчы прапанавалі пайсьці працаваць у калгас на фэрму, не ў Бераставіцы».

Што да гаспадаркі ў самой Бераставіцы, то ўладкавацца Рамашкевічу не ўдалося.

Рамашкевіч: «Разы тры зьвяртаўся да старшыні калгасу, там пасада інжынэра па забесьпячэньні. Але бачу: ня хоча браць. Ну, думаю: і мне тады ня трэба ў такі калгас занюханы, я асабліва не напрошваюся. Але апошнім часам я не зьвяртаюся нікуды, шукаю працы за мяжой. Нават гатовы быў у Польшчу паехаць, але праблемы зь візамі вось былі да Новага году. Я цяпер не спрабаваў, але тады цягам году змагаўся за візу і нічога зрабіць ня мог».

Што застаецца рабіць грамадзкаму актывісту зь Бераставіцы, як выжываць?

Рамашкевіч: «Як я выходжу? Разавыя заробкі, блізкія людзі дапамагаюць. Табе добрую працу тут не дадуць. Ну добра, гэта Бераставіца. Я адзін раз езьдзіў у Горадню на „Другчармэт“, але сказалі, што памылкова далі абвестку наконт пасады вакантнай, што браць ня будуць увогуле, у аддзеле кадраў сказалі. Я праз інтэрнэт шукаю, заробак гляджу заўсёды. Калі пад два мільёны, то ў той Горадні ня выжывеш».

Віцебшчына


Як і будаўнікі, у Расею ўцякаюць вадзіцелі


Паводле афіцыйных зьвестак, узровень беспрацоўя на Віцебшчыне складае 0,8%. У мясцовым цэнтры занятасьці на пачатак гэтага году вакансій было на траціну больш, чымсьці тых, хто стаіць на ўліку: беспрацоўных зарэгістравана крыху больш за чатыры з паловай тысячы, а прапановаў ад працадаўцаў — больш за 6 тысяч.

Леанід Аўтухоў
Леанід Аўтухоў
Найбольш запатрабаваныя на рынку працы Віцебшчыны — рабочыя будаўнічых спэцыяльнасьцяў. Дэфіцыт абумоўлены тым, што будаўнікі масава зьяжджаюць у суседнюю Расею. Беспрацоўны жыхар Гарадка Леанід Аўтухоў апавядае, чаму ён ня хоча ўладкоўвацца на тутэйшую будоўлю, хоць і мае адпаведныя працоўныя навыкі:

«Таму што заробкі жабрацкія! Заробкі на будоўлі ў Гарадку — 1 мільён 200, 1 мільён 400. Хто будзе працаваць за такія грошы? І адносіны скоцкія — нават спэцвопратку не даюць. Таму і бягуць людзі. У Расеі будаўнікі зарабляюць тысячу „ўмоўных адзінак“ ЗША, а то і больш. Во сусед мой вярнуўся, атрымаў 32 тысячы расейскіх рублёў на рукі. Праўда, умовы ня дужа: жывуць у вагончыках, па 10 гадзін працуюць, адзін выходны, затое трохразовае харчаваньне ды ўсё іншае!»

У Сяргея Рыжова дзьве вышэйшыя адукацыі, але працаваць яму не даюць


У Расею зь Віцебскай вобласьці зьяжджаюць таксама кіроўцы — вызвалілася 300 вакансіяў, лекары — звыш 150 вакансіяў. Але большасьць прапановаў у цэнтры занятасьці — на некваліфікаваную працу.

Звольнены ўдзельнік мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, стваральнік Кансэрватыўнай партыі «Белая Русь» Сяргей Рыжоў, маючы дзьве вышэйшыя адукацыі, працы сабе так і не знайшоў:

Сяргей Рыжоў
Сяргей Рыжоў
«У цэнтры занятасьці мне прапануюць некваліфікаваную працу. Пасьля 28 гадоў працы на кіроўных пасадах мне прапануюць пачаць усё нанава і ісьці вучнем рабочага».

Спадар Рыжоў кажа, што гатовы нават на гэта, але мае пэўныя праблемы са здароўем, таму ня можа прайсьці мэдычную камісію — зрэшты, як і шмат хто ў сталым веку. Таксама ён лічыць, што праблемы з працаўладкаваньнем зьяўляюцца празь яго палітычныя погляды:

«Была вакансія намесьніка дырэктара па эканоміцы, ідэалёгіі і прафсаюзнай працы ў інстытуце міжнародных адносін МІТСО, я прайшоў гутарку, дакумэнты накіравалі на ўзгадненьне, бо гэта віцебскі філіял… І тут раптам гэтую пасаду пасярэдзіне году ўзялі і скарацілі».

Калі праз паўгода Сяргею Рыжову перасталі плаціць дапамогу па беспрацоўі, ён ня мог выплачваць алімэнты на сваю непаўналетнюю дачку. І супраць яго распачалі выканаўчую вытворчасьць, папярэдзіўшы, што праз тры месяцы паўстане пытаньне пра крымінальную справу. Ён лічыць, што гэта зроблена наўмысна, каб прынізіць ягоны гонар як публічнай асобы.

Гомельшчына


На Гомельшчыне афіцыйна ўзровень беспрацоўя вагаецца ў межах аднаго адсотка. Вышэйшы ён крыху ў Рэчыцы, дзе гэты паказьнік дасягнуў 2 адсоткаў.

У такую статыстыку людзі, якія шукаюць працу, ня надта вераць. Гаворыць беспрацоўны спадар Сяргей, які чарговы раз прыйшоў у гарадзкі цэнтар занятасьці, каб знайсьці якую-кольвечы працу:

«Горад Гомель — 500 тысяч насельніцтва. Дзесяць адсоткаў, як мінімум, будзе беспрацоўных. Паглядзіце, колькі тут з паловы 9-й да 15-й гадзіны — процьма народу пракручваецца праз кабінэты».

Суразмоўца кажа, што ходзіць у гарадзкі цэнтар занятасьці ўжо не адзін месяц:
Хаджу сюды ўжо тры месяцы. Зімою працы рэальна няма.

«Хаджу сюды ўжо тры месяцы. Зімою працы рэальна няма. Па прафэсіі — электраманцёр, 3 разрад, інжынэр-аўтамэханік — тэхнікум, інстытут, стаж 5 гадоў. Па артыкуле не звальняўся. Але ўсё адно кажуць, што працы да 8 сакавіка няма. Пагадзіўся на часовую працу, эўрарамонт калідора рабіць у 30-й школе. Тры тыдні працавалі. Абяцалі разьлічыцца, але другі тыдзень пайшоў, а ні капейкі грошай не атрымалі. Хоць бутэлькі ісьці зьбіраць, ці, я ня ведаю, забіваць каго, ці ў мафію запісацца».

У пэрспэктыве працу Сяргею абяцаюць, але са стандартнай аплатай:

«Мільён 500 тысяч — гэта мяжа для інжынэрна-тэхнічных работнікаў, для рабочых — таксама мільён 500 тысяч».

20-гадовая Марына мае спэцыяльнасьць хіміка-лябаранта, але ўладкавацца на працу нідзе ня можа — няма вакансіяў. Прыйшла ў цэнтар набыць іншую спэцыяльнасьць. І ёй прапанавалі:

«Кантралёр-касір, гандлёвая справа, праваднік пасажырскіх вагонаў. Пра аплату нічога ня кажуць. Ты вучысься, і табе выплачваюць стыпэндыю — 100 тысяч. Гэта за курсы, якія доўжацца 3 месяцы. Калі я выберу спэцыяльнасьць правадніка, то буду зарабляць 2,5 мільёна».

Некаторыя гамельчукі, ня маючы працы, сталі афармляць пасьведчаньні на індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Шэрагу індывідуалаў цэнтар дапамагае фінансава.

Іншыя наагул ня хочуць рэгістравацца як беспрацоўныя. Апавядае малады беспрацоўны гараджанін спадар Дзяніс:

«Няма сэнсу ісьці па дапамогу на біржу, бо 35–70 тысяч — гэта ня грошы. Тут, можа, і знойдуць працу, але зноў-ткі заробкі прапануюць маленькія — 700, 800, 1 мільён. На завод, грузчыкам якім. Газаэлектразваршчыкі хіба толькі лепей атрымліваюць. Але гэта трэба мець добры разрад і добрую працу».

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў
Экс-міністар працы, сацыёляг Аляксандар Сасноў: «Узмацняецца магчымасьць дэградацыі Беларусі: разумныя, здольныя, моцныя яе пакідаюць, а застаюцца старыя, хворыя, няздольныя…»

Аляксандар Сасноў перакананы: вострай праблемы беспрацоўя ў Беларусі не ўзьнікае з-за таго, што адбываецца значны адток кадраў за межы краіны.

«У дзяржаўных цэнтрах занятасьці насельніцтва толькі фіксуюць (рэгіструюць) беспрацоўных і выплачваюць ім грашовую дапамогу, накіроўваюць на вучобу й даюць магчымасьць „пакапацца“ ў інфармацыйнай базе, пашукаць працоўныя месцы. Але ж праблема ў тым, што працоўныя месцы, якія прапануюцца, — яны не даюць магчымасьці выжыць, іншыя ж вакансіі патрабуюць адмысловых ведаў, адукацыі і фізычных магчымасьцяў. Таму вельмі многія беларусы знаходзяць іншыя варыянты — яны проста зьяжджаюць са сваёй краіны ў іншае месца. Вось і ўсё…»

Аляксандар Сасноў прывёў дадзеныя, згодна зь якімі ў Эўразьвязе цяпер жывуць і працуюць калі 1,3 мільёна грамадзян Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG