Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брытанскія юрысты заступіліся за Алега Воўчака


Алег Воўчак

Алег Воўчак

Юрыдычная супольнасьць Англіі і Ўэльсу занепакоеная сытуацыяй вакол беларускага праваабаронцы Алега Воўчака.

«Мы атрымалі дакладныя зьвесткі, што 27 студзеня 2012 г. Воўчак быў затрыманы на вуліцы ў цэнтры Менску пасьля наведваньня мясцовага паштовага аддзяленьня. Пасьля Воўчаку было выстаўленае абвінавачваньне ў хуліганстве. Суд над ім адбыўся ў панядзелак, 30 студзеня. Акрамя таго, мы ведаем, што падчас утрыманьня Воўчака пад вартай ключы ад яго кватэры былі канфіскаваныя прадстаўнікамі Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, і пашпарт Воўчака зьнік зь ягонай кватэры. Пасьля вызваленьня Воўчака яго пашпарт ня быў яму вернуты, і ён ня ведае пра яго месцазнаходжаньне», — гаворыцца ў заяве.

Аўтары адзначаюць, што арышт Воўчака і канфіскацыя пашпарту перашкодзілі яму выехаць на слуханьні Камітэту ААН па правах чалавека 30 студзеня, дзе праваабаронца павінен быў прадставіць даклад пра сытуацыю зь недзяржаўнымі праваабарончымі аб’яднаньнямі ў Беларусі.

Падпісанты заявы заклікаюць беларускія ўлады вярнуць праваабаронцу пашпарт, калі ён знаходзіцца ў іх, або, калі гэта ня так, тэрмінова выдаць Воўчаку новы пашпарт.

Юрыдычная супольнасьць Англіі і Ўэльсу аб’ядноўвае больш за 150 тысяч адвакатаў.

Некалькі дзён таму аналягічную заяву прыняла Брытанская асацыяцыя адвакатаў-сацыялістаў, нагадвае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG